Навумчык: «Трэба нарэшце паглядзець праўдзе ў вочы і прызнаць: рэвалюцыя 2020 году прайграла»

Пісьменнік — пра новую рэальнасць, якую акрэсліў увод расейскіх войскаў у Беларусь.

— Разумею, як балюча прызнаваць гэта тым, хто выходзіў на вуліцы беларускіх гарадоў у жніўні 2020 зь верай, што да перамогі застаўся адзін крок, нават паўкроку, хто спадзяецца на перамогу беларускай рэвалюцыі, — але ёсьць няўмольныя законы палітычных працэсаў, — піша Сяргей Навумчык. — І як бы горка гэта ні было, але трэба нарэшце паглядзець праўдзе ў вочы і прызнаць: рэвалюцыя 2020 году прайграла.

Але шматтысячныя шэсьці — не былі дарэмнымі, бо ніколі не бывае марным уздым чалавечай годнасьці. Той глыток свабоды, якія атрымалі (асабліва маладыя хлопцы і дзяўчаты) пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі ў сярэдзіне жніўня 20-га, ніколі імі не забудзецца і адыграе сваю ролю ў будучыні — як не забыліся і паўплывалі на грамадзтва гады Адраджэньня і стварэньня беларускай дзяржаўнасьці пачатку 1990-х.

Але рэвалюцыя-2020 скончылася паразай.

Не хачу цяпер рабіць аналіз прычынаў — на жаль, дазволю сабе гэтае слова — халодны аналіз так пакуль і ня зроблены (магчыма і таму, што пакуль няма больш-менш поўнай інфармацыі пра ўсе абставіны). Адзначу толькі дзьве бясспрэчныя для мяне прычыны.

Першая — адсутнасьць сярод лідэраў людзнй хаця б зь мінімальным палітычным вопытам (за выключэньнем двух-трох — на 50 чалавек — у КР, якая фармавалася невядома да гэтага часу кім і па невядомым да гэтага часу крытэрыям. Усе яны — добрыя, паважаныя людзі, але палітыка — гэта такая ж прафэсія, як і іншыя. Тое, што я, ня ведаючы нотаў, люблю Чайкоўскага, Рахманінава і Шнітке, не падстава запрашаць мяне на працу ў сымфанічны аркестар менскай філярмоніі; хаця пры цяперашняй кадравай палітыцы мінкульту я б такому ня вельмі зьдзівіўся).

Другая прычына мае канкрэтнае імя: Пуцін. Без падтрымкі Пуціным Лукашэнкі рэвалюцыя мела шанцы выйграць нават пры наяўнасьці першай прычыны (прыгадаем, што калі 12-13 жніўня ў некаторых гарадах затрыманых выпускалі з РАЎС, у міліцыянтаў дрыжэлі рукі, а ў Гародні мітынг на цэнтральнай плошчы адбываўся пры прамой тэлевізійнай трансьляцыі (!)).

Аднак куды больш важным бачыцца неабходнасьць вызначыцца зь цяперашняй рэальнасьцю.

На тэрыторыю Беларусі ўведзеныя расейскія войскі, кіраўніцтва Мінабароны дзейнічае цалкам па ўзгадненьню з расейскім генштабам, Беларусь увязаная ў плян стратэгічнага вайсковага ціску на Захад і, канкрэтна, на Ўкраіну.

І калі раней усе 27 гадоў пра акупацыю (у тэрміне «унутраная акупацыя») казаў адзін Пазьняк, ды яшчэ Рада БНР нязьменна зьвяртала ўвагу Захаду на адмоўную ролю Масквы, дык сёньня, калі, па зьвестках, на поўдні краіны пачалі будаваць казармы для расейскіх салдат і дамы для сем’яў расейскіх афіцэраў, палітык, які лічыць сябе беларускім палітыкам, але ня бачыць імпэрскую акупацыю (альбо бачыць, але ня кажа) — займаецца чым заўгодна, але не палітыкай. А калі і палітыкай — дык ня ў інтарэсах Незалежнасьці.

Год таму я пісаў, што Пуцін, найхутчэй, ня будзе праводзіць уключэньне Беларусі ў склад Расеі адной ці сям’ю фэдэральнымі акругамі, ён будзе дамагацца поўнага вайсковага кантролю.

Для Крамля Беларусь — гэта, найперш, тэрыторыя. Тэрыторыя транзіту ў другую чаргу, а ў першую — ваенны плацдарм на заходнім накірунку. Беларусь ператворыцца ў рэспубліку выгляду 1978 г.: былі Канстытуцыя, герб, сьцяг, членства ў ААН (апошняга нават ня мела РСФСР), быў нават зафіксаваны сувэрэнітэт — але ўсё вырашала Масква.

Так яно, фактычна, і адбылося. Увод расейскіх войскаў акрэсліў новую рэальнасьць.

Прычым «зачыстка» прасторы, вынішчэньне ўсяго беларускага адбылося рукамі Лукашэнкі — ідэальная сытуацыя для Пуціна. Магу памыляцца (гісторыкі мяне паправяць), але ў агляднай сусьветнай мінуўшчыне ўпершыню ператварэньню краіны ў калёнію папярэднічала зьнішчэньне базавага апірышча сувэрэнітэту — вайсковай самастойнасьці — яе вярхоўным галоўнакамандуючым. З-за бяздарнасьці галоўнакамандуючых, здаралася, прайгравалі і рабіліся калёніяй ці нават проста часткай краіны-захопніка, а каб ён вось так, усьвядомлена, сваімі рукамі — ніколі.

Да 2020 году значная частка дэмакратычна арыентаванага грамадзтва змагалася з Лукашэнкам. Цяпер змаганьне з рэжымам ускладнілася ў дзясяткі разоў, бо гэта, фактычна, змаганьне зь імпэрыяй, прычым ва ўмовах, калі ўпершыню за дзясяткі гадоў зьнішчаныя, выпаленыя дашчэнту практычна ўсе беларускія нацыянальныя арганізацыі, ліквідаваныя ўсе структуры грамадзянскай супольнасьці.

Падаецца, што гэтая новая рэальнасьць вымагае нейкіх зусім іншых дзеяньняў. Якіх — трэба думаць. Думаць у Беларусі і (магчыма, нават у першую чаргу) — у беларускім замежжы.

Але найперш трэба ўсьвядоміць рэальнасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.6(60)