Навумчык: Той рэдкі выпадак, калі я веру камуністу

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык пра важнасць палітычнага дзеяння.

Фота vytoki.net

– Паліттэхналогіі ці палітыка? Добра гэта ці дрэнна, што ў жнівеньскіх пратэстаў не было лідэраў (ці, удакладнім, лідэра з варыянтамі канкрэтных палітычных)? – піша Сяргей Навумчык.

Ці мог 300-тысячны ў Менску + 150-тысячны ў рэгіёнах выхад на вуліцы 15-16-17 жніўня мець іншы вынік, чым ён меў? Ці рэальны было хаця б узяць тэлебачаньне і выйсьці ў прамы тэлеэфір (у Горадні, нагадаю, мітынг трансьляваўся), як у лютым 1990 зрабіў гэта БНФ?

Жэсты – сардэчка, кулак, знак «віктары» – вельмі ўдалы піяр ход, пяць балаў, але, магчыма, патрэбна было нешта яшчэ?

Разумею, што (на жаль, на вялікі жаль) у сучасным сьвеце піяр – гэта 90% посьпеху. Ведаю, калі глыбокія палітыкі ігнаравалі піяр і цярпелі паразу.

Ведаю і адваротнае – калі піяр выносіў прахадзімцаў на самую на вяршыню (праўда, паразу потым цярпела грамадзтва).

З плянам таксама ня ўсё проста. На сытуацыю (любую) уплывае безьліч фактараў, як суб’ектыўных, гэтак і аб’ектыўных, як унутраных, так і зьнешніх, некаторыя зь іх можна прадбачыць, некаторыя – немагчыма спрагназаваць.

Я толькі ведаю з уласнага палітычнага досьведу пачатку 90-х, што любы заклік людзей выйсьці на вуліцу павінен мець звыш-мэту. Палітычную мэту. Вельмі канкрэтную. І тыя, хто быў у кіраўніцтве (ці каля кіраўніцтва) БНФ у 90-я, пацьвердзяць, што кожная масавая акцыя прапрацоўвалася ў дэталях і ў варыянтах.

Напрыклад, я ніколі ня меў дачыненьня да пытаньняў унутрыфронтаўскай бясьпекі, але ведаю, што пры кожнай менскай раённай радзе БНФ была «дружына» з 15-20 хлопцаў, закалённых, скажам гэтак, ня толькі ў інтэлектуальных бітвах.

Таму на мітынгах і шэсьцях правакатары спыняліся вельмі хутка. Ці маглі б нашы хлопцы, у выпадку неабходнасьці, супрацьстаяць ОМОНу? Перамога, думаю, была б за ОМОНам, але лёгка яна б ім не далася.

І раны, баюся, тыя залізвалі б вельмі доўга. І ў наступны раз падумалі, ці ня лепш прыкінуцца хворым. Але, канешне, ніякіх зьверстваў да палітычных акцый міліцыя да 1994 не прымяняла – са жніўня 1991 да 1994 у Беларусі не было ніводнага палітычнага затрыманьня, ня кажучы пра зьняволеных (вось такія «ліхія дзевяностые»)

Я праекую сытуацыю на жнівень 91-га, калі Апазыцыя БНФ у ВС-12 мела план (прычым з варыянтамі) дзеяньняў. Яшчэ ў першы дзень путчу, 19 жніўня, мы запатрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі ВС, 22 жніўня яшчэ раз націснулі на Прэзыдыюм ВС, старшыня ВС Дземянцей прызначыў сэсію, 23 жніўня выйшлі (Пазьняк, Заблоцкі, Голубеў і я) у прамы тэлеэфір.

Заклікалі людзей сабрацца заўтра раніцай, 24-га, у дзень адкрыцьця сэсіі сабрацца перад Домам ураду, людзі, пераважна актывісты БНФ, прыйшлі, ціск на дэпутатаў-камуністаў ішоў і з Авальнай залі, і з Плошчы, дэпутаты БНФ настойліва прабівалі сваю павестку (адстаўка кіраўніцтва ВС, роспуск КПБ-КПСС, Незалежнасьць), і ўдзень 25 жніўня Дземянцей падаў у адстаўку, а ўвечары дзейнасьць КПБ была спыненая і Незалежнасьць была абвешчаная.

Што тады не ўдалося – гэта прымусіць ВС распусьціцца і прызначыць новыя выбары. Але гэта не ўдалося і ў Украіне, і шмат дзе. Галоўнае – абвясьцілі Незалежнасьць.

А давайце адкруцім сытуацыю на дні путчу 19-21 жніўня 91-га і ўявім, што ў нас не было б палітычных (менавіта палітычных) дзеяньняў – напрыклад, мы не выводзім людзей на Плошчу ўжо 19 жніўня патрабуем скліканьня нечарговай сэсіі. І яна не адбываецца. І Дземянцей застаецца старшынём ВС. І Незалежнасьць не абвяшчаецца. І ў верасьні Пагоня і Бел-Чырвонва-Белы Сьцяг ня робіцца дзяржаўным, а Беларусь застаецца – БССР.

Усё роўна былі б Віскулі? Дарагія мае, вы пра што? Якія Віскулі зь Дземянцеем? Былы сакратар ЦК КПБ, верны камуніст Дземянцей шмат разоў казаў, што ён бы ніколі не падпісаў ніякага Белавескага пагадненьня, і паверце, тут ён ня хлусіў. Той рэдкі выпадак, калі я веру камуністу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(41)