Навумчык: «Са жніўня 1991-га Лукашэнка пасьлядоўна пазыцыянаваў сябе як зацяты праціўнік беларускай Незалежнасьці
Публіцыст і былы дэпутат — пра тое, як Лукашэнка ставіў пад сумнеў мэтазгоднасьць існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.
— Анатоль Лябедзька ў інтэрвью Віталю Цыганкову сказаў, сярод іншага, што Лукашэнка нібыта да 1993 галасаваў гэтак, як галасавалі дэпутаты БНФ і Дэмклубу. Гасподзь з табой, Анатоль! Цябе падводзіць памяць, — піша Сяргей Навумчык. — Гэтак не было нават да жніўня 91-га (дэпутаты БНФ не галасавалі за камуністаў, а вось Лукашэнка — галасаваў. Ён нават утварыў фракцыю «Камуністы за дэмакратыю», якую я называў «Ваўкі за вегетарыянства»).
І ніколі — падкрэсьліваю, НІКОЛІ — ён не галасаваў за Незалежнасьць. У вызначальны гістарычны дзень 25 жніўня 1991, калі нават камуністы былі вымушаныя прагаласаваць за Незалежнасьць — Лукашэнка заявіў, што ня будзе гэтага рабіць і нават адмовіўся рэгістравацца, гэта зафіксавана ў стэнаграме (гл. Зянон Пазьняк, «Сэсія Незалежнасьці», 2011).
І з таго часу (а ня з 1993) на кожнай сэсіі (на кожнай!) Лукашэнка ня проста выступаў супраць БНФ, а паліваў Фронт брудам, агітаваў супраць беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай (прыгадваецца адлуп яму Ніла Гілевіча за гэта), і галоўнае — ставіў пад сумнеў мэтазгоднасьць існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Гэтага дэпутаты Дэмклубу не рабілі (туды ўваходзілі дэпутаты БНФ, а таксама дэпутаты, як тады казалі, памяркоўных поглядаў, скажам, Карпенка, Ганчар, той жа Анатоль, між іншым, мітрапаліт Філарэт. Альбо Шэйман, не да ночы будзе прыгаданы. Шляхі шмат каго зь іх потым рэзка разышліся).
Было толькі адно выключэньне. У 1992 годзе Лукашэнка парагаласаваў па адным прынцыповым пытаньні — разам з Дэмклубам. Тады і Дэмклуб, і падкантрольная Кебічу парламенцкая большасьць прагаласавала супраць ініцыятывы БНФ правесьці датэрміновыя выбары Вярхоўнага Савета (за рэфэрэндум па гэтым пытаньні было сабрана больш як 440 тысяч подпісаў).
«За» датэрміновыя выбары галасавалі толькі дэпутаты Апазыцыі БНФ.
Быў страчаны апошні шанец правесьці Беларусь па шляху дэмакратыі — што сёньня прызнае, трэба аддаць яму належнае, і Анатоль Лябедзька.
Нагадаю, што асноўным «юрыдычным» таранам супраць рэфэрэндуму быў Булахаў, «палітычным» — Кебіч і ягонае атачэньне, а «працэдурным» Шушкевіч, які зацягнуў прызначэньне сэсі на паўгады (!) — за гэты час палітычная актыўнасьць насельніцтва спала, яно было занятае праблемай фізычнага выжываньня, вывесьці на Плошчу больш як 3-5 тысяч было немагчыма.
Шушкевіч актыўна і даволі зьедліва выступаў у СМІ супраць ініцыятывы БНФ а потым на сэсіі як сьпікер рабіў усё, каб заваліць ініцвыятыву БНФ.
Праз гады ў інтэрвію таму ж Віталю Цыганкову Станіслаў Станіслававіч патлумачыў свае матывы з абяззбройваючай «бальшавіцкай праматой»: тады б дэпутаты не пакінулі яго старшынёй. Ну, ва ўсякім разе, чэсна.
Між іншым, пасьля таго ганебнага галасаваньня ўвосень 1992 Дэмклуб як палітычная група канчаткова спыніў існаваньне і ўжо ніколі не зьбіраўся.
Такім чынам: са жніўня 1991-га Лукашэнка пасьлядоўна пазыцыянаваў сябе як праціўнік (прычым — зацяты, сыстэмны праціўнік) беларускай Незалежнасьці. Гэта было відавочна любому актывісту БНФ у самай глухой вёсцы, але, на жаль, далёка ня ўсім у Авальнай залі.
Затое гэта добра ведалі ў Маскве.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное