Але цяпер мы бачым, што лёс беларускага народа Захад цікавіць непараўнальна менш, чым лёс албанцаў у былой Югаславіі. Плюс, Лукашэнка прыкрыты ядзерным парасонам Пуціна. Так што рукі — разьвязаныя.
Навумчык: «Рэпрэсіі будуць набываюць усё больш жорсткі і масавы характар»
Палітычны аглядальнік — пра шкоднасць ілюзій і чаго чакаць у бліжэйшай перспектыве.
— Ня бачу ніякіх падстаў прагназаваць, як гэта робяць некаторыя аналітыкі, «зьмякчэньне» рэжыму, роўна як і «пацяпленьне» адносінаў з Захадам, — піша Сяргей Навумчык. — Наадварот — рэпрэсіі будуць набываюць усё больш жорсткі і масавы характар.
Цяпер караюць ужо тых, хто хоць неяк, хоць мінімальна, засьвяціўся ў нейкіх маршах 2020 году альбо калісьці паставіў «лайк» (арганізатары і актыўныя ўдзельнікі ўжо пакараныя). Тут, канешне, прастора для сілавікоў неабсяжная: выходзіла пад мільён, зьехалі ня ўсе. Тысяч сто набярэцца дакладна, было б куды садзіць.
У 2020-м я напісаў, што Лукашэнка зь ягоным імкненьнем помсьціць усяму сьвету на падставе комплексу пакрыўджанага калгаснага байстрюка прагне масавых расстрэлаў. Адзінае, што здольнае стрымліваць яго — у адказ Захад можа пачаць ваенныя дзеяньні, як ён быў вымушаны іх пачаць супраць Мілошавіча за генацыд мусульманаў.
Чаму «народ-партызан» церпіць усё гэта — асобная тэма, можа быць, самая важная (зрэшты, партызанскі рух часоў т.зв. «ВОВ» мусіць быць падвергнуты рэвізіі, што пачаў у сваіх творах Васіль Быкаў).
Лукашэнка зь ягоным зьвярыным інстынктам самазахаваньня разумее, што любое «пацяпленьне» выкліча ланцуговую рэакцыю спачатку ўсё больш імклівага аслабленьня, а затым і страты ўлады. Ён вельмі добра памятае, як скончыў Гарбачоў, ня кажучы ўжо пра ўрок 2020-га.
Гэтак жа абсурдна казаць пра «транзіт». Пасада прэзыдэнта апынецца безь яго толькі ў выніку ягонай сьмерці — гвалтоўнай (што наўрад ці) альбо натуральнай (што хутчэй).
Аднак не пагаджуся і з тымі аналітыкамі, якія канстатуюць ледзь не перадсьмяротны стан Лукашэнкі.
Я, канешне, ня медык (як і гэтыя шаноўныя аналітыкі, дарэчы), але добра памятаю 70-годзьдзе Леаніда Ільіча. У параўнаньні з 70-гадовым Брэжневым 70-гадовы Лукашэнка — сьвежы агурок з градкі. Але медыцына пратрымала генсека яшчэ пяць гадоў, хаця сам Леанід Ільіч сваім стылем жыцьця змагаўся з урачамі, як мог.
За 40 апошніх гадоў медыцына прагрэсавала ў разы. Мінімальна дзесяць гадоў жыцьця я Лукашэнку даю. Адпаведна, і ўзурпацыі ўлады (тое, што ён пойдзе на «выбары» у 2030-м, можаце нават не сумнявацца).
Далей можна шмат разважаць над «Што рабіць?», але напачатку трэба пазбавіцца ад ілюзій. У такой сітуацыі ілюзіі — стан вельмі шкодны, і 2020 год гэта паказаў.
Дадам толькі вось што. Разумею, што тыя, хто ўвосень 2020-га троліў мяне за невясёлыя прагнозы і заяўляў, што «ў сьнежні (лютым 2021-га, траўні 2021-га, etc.) Лукашэнкі ня будзе, а Вы, спадар Навумчык, сваімі словамі дэматывуеце людзей, перашкаджаеце нам весьці іх да перамогі, лепш памаўчыце», — памылкі сваёй не прызнаюць, прабачэньне не папросяць, хаця б таму, што няма часу — бо сёньня, як і раней, яны ізноў вядуць да перамогі.
Гасподзь зь імі. Але тым, хто апынуўся ў эміграцыі, раю перагледзіць свае жыцьцёвыя планы з улікам таго, што эміграцыя ваша, найхутчэй, будзе доўгай — ня пяць гадоў і ня дзесяць. У мяне яна — ужо больш за 28.
Тым больш што ўсё меней фактараў, якія б давалі шанцы на прадухіленьне глабальнай ядзернай вайны.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное