Навумчык: «Разумею, што такое «прэзыдэнт-элект». А вось што такое тэрмін «нацыянальная лідарка (лідар)» — тое вышэй за маё разуменьне»

Публіцыст — пра тое, што будзе, калі Ціханоўская вырашыць спыніць сваю дзейнасць.

Сяргей Навумчык

Падпісаны ў Вільні «Пратакол узаемадзеяння паміж Нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай, Каардынацыйнай радай Беларусі, Аб'яднаным пераходным кабінетам Беларусі і Офісам Святланы Ціханоўскай» выклікаў у мяне пэўныя меркаваньні, — піша Сяргей Навумчык.

— Адразу скажу, што ня буду даваць ніякіх палітычных ацэнак і выкажу выключна прыватную думку як чалавек, якому давялося ўдзельнічаць у стварэньні шэрагу дзяржаўных дакумэнтаў (напрыклад, Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, Канстытуцыі РБ 1994) і дзясяткаў законапраектаў.

У працэсе іх напісаньня, а затым абмеркаваньня і прыняцьця практычна кожнае слова аналізавалася з розных бакоў, кожная тэза падвяргалася сумневу, улічваліся «за» і «супраць».

І гэта навучыла таму, што дробязяў у дакумэнтах такога кшталту не бывае. Альбо яны толькі на першы погляд здаюцца «дробязямі».

Між іншым, я заўсёды быў уражаны надзвычайнай здольнасьцю (скажу нават — талентам) чынавенскага апарату закладаць зусім нязаўважныя нюансы, якія пазьней маглі паставіць пад сумнеў усю канцэпцыю Закона і спрацаваць на карысьць гэтага самага аппарату.

Толькі адзін прыклад. Калі ў 1991 прымаўся Закон аб рэфэрэндуме, адным з пунктаў было тое, што падпісныя лісты мусілі завярацца подпісам старшыні Ініцыятыўнай групы рэфэрэндуму. 

Ну, здавалася б, у чым праблема? Але калі БНФ сабраў больш як 440 000 подпісаў, лістоў гэтых было некалькі дзясяткаў тысяч, і распісацца на ўсіх аднаму чалавеку (старшыні ўсебаларускай ініцыятыўнай групы) было нерэальна. Тое была цэлая казуістычная эпапея (мы прымусілі прызнаць подпісам факсыміле).

Ну а цяпер падпісаны ў Вільні пратакол.

Вось фрагмэнты:

«Святлана Ціханоўская перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і выконвае ролю Нацыянальнай лідаркі да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі альбо да ўласнага рашэння спыніць сваю дзейнасць у якасцi Нацыянальнай лідаркi».

«Офіс Святланы Ціханоўскай — арганізацыя, якая забяспечвае дзейнасць Нацыянальнай лідаркі».

«Члены АПК прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Нацыянальнай лідаркай».

«Дакумент аб агульнай палітыцы ці стратэгіі дэмакратычных сіл лічыцца прынятым, калі ён зацверджаны без зменаў КР, АПК і падпісаны Нацыянальнай лiдаркай».

У дадзеным аналізе вынясу за дужкі дыскусійнае пытаньне, ці можна лічыць галасаваньне 9 жніўня 2020 выбарамі, на падставе якіх вызначаная перамога.

Ня будзем спыняцца і на тым, што паняцьця «нацыянальная лідарка (лідар)» няма ні ў якіх прававых дакумэнтах РБ — ні ў Канстытуцыі 1994, ні ў іншых яе — нелегітымных — інтэрпрэтацыях.

Але нават пры беглым азнаямленьні з падпісаным дакумэнтам узьнікае сумненьне па адной вельмі істотнай прычыне.

Спачатку — пра паўнамоцтвы «нацыянальнай лідаркі», як яны вызначаныя з дакумэнце.

Яны досыць істотныя, хаця б таму, што «Члены АПК прызначаюцца на пасаду і вызваляюцца ад пасады Нацыянальнай лідаркай» і «Дакумент аб агульнай палітыцы ці стратэгіі дэмакратычных сіл лічыцца прынятым, калі ён зацверджаны без зменаў КР, АПК і падпісаны Нацыянальнай лiдаркай».

Тут, канешне, у чарговы ўжо раз узьнікае пытаньне, а хто вызначае, каго лічыць «дэмакратычнымі сіламі»? Ці ўваходзіць у іх, напрыклад, «Вольная Беларусь» пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка? А Рух салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка і Алены Талстой? Выглядае, што не.

(Прадбачу звыклыя заявы пра «маргіналаў», але раю пагартаць падшыўкі незалежнай прэсы, напрыклад, 2004 году, калі КХП-БНФ Пазьняка абвяшчалася менавіта «маргінальнай» «зь яе антырасейскасьцю» на фоне распектабельнай, «у мэйнстрыме» АГП.

Праблема ў тым, што тады АГП падпісала такое пагадненьне з маскоўскімі дэмакратамі, якое з адлегласьці гісторыі выглядае, скажам мякка, ня проста на маргінэзе нацыянальных інтарэсаў Беларусі, а дыямэтральна супярэчным ім).

Але вернемся да пратаколу. Такім чынам, «нацыянальная лідарка» адыгрывае галоўную ролю ў мінімум трох галоўных пытаньнях: вызначэньне стратэгіі «дэмакратычных сілаў» і прызначэньне «Аб'яднанага пераходнага кабінэту», а таксама непасрэдна кіруе «офісам».

На сёньняшні дзень, па факце, дзьве апошнія структуры пераключылі на сябе і практычна цалкам, на 100%, кантралююць усю міжнародную дзейнасьць дэмакратычных сілаў (ня ў вузкім, а ў самым шырокім сэнсе тэрміну «дэмакратычныя сілы»). Я цяпер не аналізую, добра гэта ці дрэнна, проста канстатую факт.

І вось зараз прапаную зьвярнуцца да апошніх слоў п.4.5, аб спыненьні дзейнасьці «Нацыянальнай лідаркі» — як з выпадку правядзеньня дэмакратычных выбараў, так і — увага! — «уласнага рашэння».

З першай умовай ясна: пачынае дзейнічаць новая улада, абраная ў Беларусі.

А як быць з другой?

Уявім, што «Нацыянальная лідарка» такое рашэньне прыняла. Хто выконвае яе абавязкі альбо заступае на яе месца?

Не на пасаду кіраўніцы АПК, ці кіраўніцы Офісу, а на месца «нацыянальнай лідэркі»? Намесьнік кіраўніка АПК? Намесьнік кіраўніцы Офісу — ёсьць такая пасада? Галоўны дарадца, нехта зь іншых дарадцаў (яны увогуле нідзе ў дакумэнце не прапісаныя). Сьпікер Каардынацыйнай Рады?

Тут элемэнтарны працэдурны вакуум (зноў жа, пакінем у баку, што сам выраз «выканаўца абавязкаў Нацыянальнай лідаркі (лідара)» камічны).

Тым часам, як практычна ва ўсіх ці дзяржаўных, ці партыйных, ці іншых палітычных органах і структурах такая працэдура звычайна прапісаная. Яна існавала нават у СССР, пры тым што рэальную (практычна неабмежаваную) уладу меў не старшыня Прэзыдыюму ВС, не старшыня Саўміну, а генсек: пры патрэбе, зьбіраўся пленум ЦК КПСС і прызначаў новага (як правіла — цягам аднаго дня).

Канстытуцыі і дэмакратычных, і недэмакратычных краінаў прадугледжваюць працэдуру замяшчэньня пасады прэзыдэнта (у ЗША — віцэ-прэзыдэнт аўтаматычна робіцца прэзыдэнтам, у іншых краінах абавязкі выконвае сьпікер парлямэнту ці кіраўнік ўраду і прызначае выбары). 

Прапісаныя працэдуры і ў статутах партый, грамадзкіх арганізацый. І нават у манархіях (ці, лепш сказаць — найперш у манархіях) замяшчэньне манарха прапісанае звычайна вельмі дакладна.

Па-другое (і гэта самае парадаксальнае), такую асобу, калі кіравацца падпісаным у Вільні дакумэнтам, і не магчыма вызначыць. Бо, у адпаведнасьці з пунктам 4.1, Сьвятлана Ціханоўская «выконвае ролю Нацыянальнай лідэркі», паколькі «перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года». Ніхто зь іншых (ні намесьнік кіраўніка АКП, ні сьпікер КР, увогуле ніхто на белым сьвеце) гэтай якасьцю не валодае (паўтараю: мы пакідаем за дужкамі дыскусію на тэму «перамагла — не перамагла»).

Такім чынам, «Нацыянальную лідарку» (ці «Нацыянальнага лідара») немагчыма прызначыць аж да моманту свабодных выбараў у Беларусі.

А што тады будзе з «Офісам Сьвятланы Ціханоўскай»? Яго ж функцыя — «забясьпечваць дзейнасьць Нацыянальнай лідаркі». Што ён будзе забясьпечваць, калі няма «лідаркі» («лідара»)?

А хто будзе прызначаць прадстаўнікоў (міністраў) АПК? Ня будзе Кабінэту? Нарэшце, хто будзе зацьвярджаць «стратэгію дэмакратычных сілаў»? Ня будзе стратэгіі?

Усё гэта, на маю прыватную думку, дазваляе выказаць меркаваньне, што тэрмін «нацыянальная лідарка (лідар)» — ня самае лепшае з таго, што стваралі яго ініцыятары.

Паўтару, што казаў даўно. Я разумею, што такое «прэзыдэнт-элект». Асабіста я схільны лічыць, што на галасаваньні (не на выбарах, бо сапраўдных выбараў не было — на галасаваньні) Сьвятлана Ціханоўская набрала большасьць галасоў.

І што склалася сытуацыя, падобная на такую, калі, уявім, без усякіх прадугледжаных законам працэдураў 50% + адзін чалавек раптам прыйшлі ў нейкія месцы і заявілі (кожны зь іх), што імярэк абіраецца прэзыдэнтам. Гэта, ясна, не дае юрыдычнай легітымнасьці, але дазвалае казаць пра пэўнае волевыяўленьне народа.

Гэта і ёсьць адна з формаў «прэзыдэнт-элект». Праўда, у такім выпадку наступнымі крокамі мусіла б быць інаўгурацыя, прысяга і г.д.

А вось што такое тэрмін «нацыянальная лідарка (лідар)» — тое вышэй за маё разуменьне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(74)