Политика

Навумчык: «Расея не датуе Беларусь. І ніколі не датавала»

Палітычны аглядальнік — пра сапраўднага ворага Беларусі і кошт ваенна-стратэгічнага плацдарму.

— Памятаю, як у 1994 і пазьней у незалежных СМІ неймаверна цяжка было надрукаваць артыкулы пра тое, што Лукашэнка — стаўленік Масквы, і што Расея разглядае Беларусь як уласны ваенны фарпост на заходнім накірунку, — піша Сяргей Навумчык. — Здаецца, мы з Пазьняком былі адзіныя, хто пра гэта пісаў (гэта лёгка праверыць па падшыўках газэт). І гэта цягнулася гадамі.

Сяргей Навумчык

Пазьняк ужо ў 1992 годзе даказваў, што Масква забярэ беларускія прадпрыемствы — і памятаю, як заснавальнік, па сутнасьці, медыяхолдынгу, мой стары знаёмы яшчэ па ўнівэрсытэце, пераконваў: «Сергей, ты когда последний раз был в Москве? Ты видел, какие там крутятся деньги? Да за одну «тачку» Гусинского можно купить твой Витебск. Кому там нужна нищая Беларусь?».

Калі ўжо ў эміграцыі, у 1997 годзе ў «Народнай волі» я напісаў, што калі Лукашэнка плюне ў твар Чарнамырдзіну, той утрэцца, заедзе Лукашэнку кулаком у твар у адказ, але будзе Лукашэнку падтрымліваць, бо Беларусь мае для Масквы стратэгічнае значэньне — мне перадавалі, што некаторыя ў Менску пыталіся, ці не ў п’яным выглядзе я такую білеберду пісаў.

Дзесяцігодзьдзямі даводзілася даказваць, што Лукашэнка ніякі не гарант незалежнасьці, што Расея нам не сябар, што — і вось гэта не разумеюць нават сёньня — Расея не датуе Беларусь.

Па-руску і вялікімі літарамі: РОССИЯ НЕ ДОТИРУЕТ БЕЛАРУСЬ.

І ніколі не датавала.

Пачынаючы ад моманту, калі ў 1993 пракебічаўскі Вярхоўны Савет па ініцыятыве дэпутата А. Лукашэнкі і падтрымцы старшыні камісіі па абароне М. Грыба, нягледзячы на супраціў БНФ, прагаласаваў за далучэньне да АДКБ (гэта значыць, за ўключэньне Беларусі ў сыстэму ваенных інтарэсаў Расеі) — Масква пачала забіраць у Беларусі самае каштоўнае, што толькі можа быць у дзяржавы — Незалежнасьць.

Памятаю, як даказваў я, што паміж Оршай і Крамлём ёсьць толькі пацешны крамлёўскі полк, што функцыю абароны Масквы выконвае фактычна беларускае войска, і што паставіць аналягічныя тры ўкамплектаваныя агульнавайскавыя арміі перад Масквой будзе каштаваць у дзясяткі разоў болей, чым «датацыі» за газ і нафту. Але гэта тэхнічна можна зрабіць, а вось адсунуць мяжу на 600 кіламетраў — немагчыма.

Таму Масква плоціць толькі 1/1000 ад сапраўднага кошту ваенна-стратэгічнага плацдарму, ня кажучы ўжо пра зьнішчэньне сувэрэнітэту.

Усе гэтыя публікацыі, паўтараю, можна знайсьці ў падшыўках газэт (быў даінтэрнэтаўскі час).

«Какой плацдарм, о чём он?» — на мяне глядзелі як на ідыёта. Але я толькі публіцыстычна, па-журналісцку разьвіваў пазыцыю, выказаную яшчэ ў другой палове 1991-га маімі тагачаснымі калегамі па Апазыцыі БНФ у ВС-12. Яны распрацавалі цэласную канцэпцыю разьвіцьця Беларусі — ажыцьцявіць якую ім, аднак, не далі, і не далі ня толькі ўлады.

Мае калегі-дэпутаты Апазыцыі БНФ былі адсунутыя на маргінэз спрытнымі дэмакратычнымі прарасейскімі палітыкамі (якіх падтрымаў бізнэс — о, бізнэсоўцы (за вельмі рэдкім выключэньнем) заўсёды гатовыя былі быць з Расеяй, бо там — «бабло», яны заўсёды былі гатовыя прадаць Беларусь, яны ўзгадвалі Беларусь, толькі калі гублялі свае мільёны), лідэрамі партый, якія распрацоўвалі праграмы «цывілізаванай» беларуска-расейскай інтэграцыі і ўскладалі надзеі спачатку на «добрага Ельцына», а потым на «добрага Пуціна».

Што ў выніку? Час паказаў, хто меў рацыю.

Але — што карысьці з таго? Гэта цікава хіба толькі гісторыкам.

А для грамадзтва гэта ня варта нічога. У грамадзкай сьвядомасьці — вінаваты ва ўсіх бедах хто? Правільна. А найлепшы сябар Беларусі — хто? Таксама вядома.

І калі я чую, што сёньня самы вялікі рэйтынг мае той, хто абвінавачваў нацыянальны рух у імкненьні заліць праспекты крывёю рускіх, задаю сабе пытаньне: а ці зьмяніў што-небудзь 2020 год? Ці не засталіся мы ў стаўленьні да экзістэнцыйнага ворага ў 2023-м на ўзроўні 1994-га?

Шкада дзесяцігодзьдзяў, якія патрачаныя на доказ таго, што зьяўляецца аксіёмай. Яшчэ больш шкада дзесяцігодзьдзяў, якія будуць страчаныя, пакуль нешта нарэшце дойдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(48)