Навумчык пра справу Аўтуховіча: «Не зьдзіўлюся, калі галоўнай мішэньню абвінавачаных будзе названы той, хто набраў «80%» народнай падтрымкі»
Ці не падобная справа «банды Аўтуховіча» на справы «Белага легіёну» і вагнэраўцаў — разважаюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.
Юры Дракахруст:
— Адразу прыгадваецца справа «Белага легіёну», дзе таксама дэманстравалі горы зброі, таксама пахла тэрарыстычным артыкулам, былі шчыраваньні «фраў А». — і дзе гэта ўсё цяпер? Справа рассыпалася, нічога не засталося. Высьветлілася, што няма цяжкіх злачынстваў — няма ніякіх злачынстваў. Са смуродам разбурылася «справа вагнэраўцаў», якія, канешне, не анёлы. Але ня ў гэтай сытуацыі. Я не выключаю, што гэтая справа можа гэтак жа рассыпацца.
— Гэтае спадарства ледзь не тэрарызмам называе бел-чырвона-белы сьцяг на бальконе. Альбо Кацярына Барысевіч апублікавала даведку пра стан Рамана Бандарэнкі перад сьмерцю — дык «злачынца» яна, а ня тыя, хто яго забіў. А тых, хто яго забіў, і не шукаюць.
— Вось яны кажуць: «На совести террористов — подрыв автомобиля в Гродно, а также сожженный дом в Волковыске. Жертвой мог стать кто угодно, чьи данные были выложены в деструктивных телеграм-каналах».
Дык ахвярай жа ня стаў ніхто! А вось Раман Бандарэнка — стаў ахвярай, і ягоных забойцаў не шукаюць. І вельмі важна, ніхто не загінуў! І як вынікае зь перадачы, чалавек сачыў не за тым, каб у час выбуху зьявіліся людзі, а каб не зьявіліся. Гэта значыць, мэтай не было забойства. Гэта можна кваліфікаваць як дывэрсію, але гэта ніяк не тэрор.
— З рэпартажу БТ пакуль відавочнай зьвязкі зь нейкімі палітычнымі лідэрамі, ці там з Варшавай, і гэтак далей, няма. Ня кажуць, што за гэтым стаяць Бабарыка, ці Ціханоўская, ці Байдэн, ці Трамп. Гэта не азначае, што яна ня зьявіцца заўтра. Пакуль гуляецца псыхалягічная карта: вось гэтыя шэсьці, гэты бардак спарадзілі ўжо падпалы і гэтак далей.
Сяргей Навумчык:
— Сюжэт, паказаны па тэлебачаньні, мог бы быць пераканаўчым для чалавека, які зусім ня ведае, што адбывалася ў Беларусі хаця б у апошнія месяцы. Пасьля заяваў сотняў людзей пра нялюдзкія катаваньні можна чакаць ад таго самага Аўтуховіча прызнаньняў у арганізацыі тэрактаў супраць ЗША ў 2001 годзе.
— Сюжэты арганізаваных Сталіным працэсаў 1930-х гадоў так ці інакш зводзіліся да выкрыцьця нібыта галоўнай мэты фігурантаў — зьнішчэньня Сталіна. Мне падаецца, што цяпер рыхтуюць маштабны працэс, які павінен перакрыць сабой іншыя суды, і не зьдзіўлюся, калі галоўнай мішэньню абвінавачаных будзе названы той, хто набраў «80%» народнай падтрымкі.
Читайте еще
Избранное