Навумчык: Пасьля распаду СССР Захад зрабіў катастрафічную памылку ў сваім стаўленьні да Расеі

Палітычны аглядальнік — пра тое, што заходнія краіны не заўважылі ў Расеі пачатку 1990-х.

– Пасьля распаду СССР Захад зрабіў катастрафічную памылку ў сваім стаўленьні да Расеі, – піша Навумчык. – Бо ўспрымаў яе дэмакратычнай краінай.

Уявім, што ў 1945 годзе, пасьля падпісаньня Акту аб капітуляцыі, адмірал Дзёніц (менавіта ён фармальна заступіў на пасаду канцлера пасьля самагубства Гітлера) заявіў, што так, нацысцкая ідэалёгія пацярпела крах, але ёсьць інтарэсы Нямеччыны, ёсьць інтарэсы нямецкага народу, і ў гэтых інтарэсах захаваць гестапа і СС.

Магчыма, яны будуць называцца інакш, але іх структура захаваецца, застануцца на сваіх месцах і супрацоўнікі. Архівы гестапа і СС, як і імпэрскай канцылярыі, рассакрэчваць немэтазгодна. Ну і, безумоўна, ня можа быць ніякай гаворкі аб ліквідацыі вэрмахту — армія патрэбная любой дзяржаве.

А ў Пэнэмюндэ працягнуцца распрацоўкі і выпрабаваньні ракеты ФАУ-2, якую Вэрнэр фон Браўн абяцае зрабіць міжкантынэнтальнай. І так, нямецкія фізыкі ўшчыльную наблізіліся да вырашэньня праблемы стварэньня атамнай бомбы, але падрабязнасьці амэрыканскім і брытанскім партнэрам ведаць не абавязкова: Нямеччына мае права на свае сакрэты.

Што да кіраўніцтва новай дэмакратычнай Нямеччыны, дык яно будзе сфармаванае пераважна зь мясцовых гаўляйтараў — яны маюць досьвед арганізацыйнай работы, ведаюць, як працуе дзяржаўны апарат. Хаосу быць не павінна.

Гэта, ясна, здалося б абсурдам.

Сяргей Навумчык

Але ў 1991 годзе і пазьней заходніх лідэраў не зьдзівіла, што дэмакратам яны называюць былога сябра цэнтральнага органу камуністычнай партыі, першага сакратара Сьвярдлоўскага абкаму і Маскоўскага гаркаму Ельцына.

Што кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі ў яго — былы сакратар таго ж камуністычнага абкаму. Што абавязкі прэм’ера выконвае былы загадчык аддзелу часопісу «Камуніст», дзяржсакратаром — выкладчык марксізму-ленінізму.

Што арганізацыя, вядомая ўсяму сьвету па злавеснай абрэвіятуры KGB, зьмяніла назоў, але засталася. Што агентура гэтай арганізацыі, як і раней, працягвае выведвальную дзейнасьць у дэмакратычных краінах.

Што не адменены ніводны сьмяротны прысуд тым былым афіцэрам КДБ, якія ў часы СССР уцяклі на Захад, выдалі «дзяржаўныя сакрэты» СССР, а значыць, прынесьлі карысьць дэмакратычнаму сьвету.

Вядома, прамое параўнаньне з постгітлераўскай Нямеччынай нацягнутае, не зусім карэктнае — тады краіна ляжала літаральна ў руінах, а над нацызмам адбыўся міжнародны суд. Камунізм, як вядома, асуджаны ня быў.

І ўсё ж пэўныя парадоксы «дэмакратычнай Расеі» маглі б прымусіць амэрыканскіх ці эўрапейскіх лідэраў задумацца: а ці ня ёсьць гэта важкім аргумэнтам меркаваць, што палітычныя зьмены, якія адбываюцца ў Расеі, маюць бутафорскі характар, што Расея ў такім выглядзе ня можа быць «лякаматывам дэмакратыі», як імкнецца яе прадставіць сьвету Ельцын?

І нарэшце: чаму Крэмль не адмовіўся ад успрыманьня «інтарэсаў Расеі» як панаваньня над новымі незалежнымі дзяржавамі, якія ўваходзілі ў склад СССР?

Ці ня сьведчыць гэта пра тое, што Расейская Фэдэрацыя застаецца імпэрыяй з патэнцыялам небясьпечнага перарастаньня настальгічнай рэфлексіі па «былой велічы» у агрэсіўную захопніцкую палітыку?

А калі так, ці варта пакідаць Расеі ядзерную зброю? І тым больш ці разумна боегалоўкі зь Беларусі, Казахстану і Ўкраіны перавозіць у Расею?

Гэтыя пытаньні ў пачатку 90-х заходнія палітыкі сабе не задалі — а тых, хто казаў пра імпэрскі характар Расеі, слухаць не жадалі. Плата за наіўнасьць і павярхоўнасьць аказалася вялікай — і дай Бог, каб колькасьць ахвяраў новай сусьветнай вайны не вымяралася сотнямі мільёнаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(37)