Навумчык: Пацвярджаюцца самыя песімістычныя прагнозы

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета — пра планы беларускага кіраўніка на гэты год, агучаныя для расейскага тэлеканала.

Заява Лукашэнкі, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы да канца 2021 году, а потым па ёй пройдзе рэфэрэндум, пацьвярджае самыя пэсымістычныя прагнозы: ні ў якую адстаўку ў агляднай будучыні Лукашэнка не зьбіраецца, — пiша Сяргей Навумчык. — Нават калі ўявіць, што «канстытуцыйны працэс» укладзецца ў вызначаныя ім тэрміны (пакінем цяпер па-за дужкамі яго легітымнасьць), рэфэрэндум можа прайсьці недзе вясной 2022, ну а ўступае новы Асноўны закон ў дзеяньне звычайна не раней, чым праз тры месяцы.

Такім чынам, перафарматаваньне ўлады, пры якім (тэарэтычна) Лукашэнка можа пакінуць прэзыдэнцкі кабінэт, можа адбыцца не раней як летам наступнага году, праз паўтары гады.

Але хто сказаў, што ўсё адбудзецца ў вызначаныя часы? Мне з Лукашэнкам, як тагачасным дэпутатам ВС-12, у пачатку 90-х давялося разам працаваць у Канстытуцыйнай камісіі (нашыя пазыцыі пры гэтым былі супрацьлеглымі — мы, дэпутаты БНФ, былі супраць увядзеньня прэзыдэнцтва). Камісія была створаная ў 1990 годзе, Канстытуцыю плянавалася прыняць праз паўтары-два гады, а ў рэальнасьці гэта адбылося толькі вясной 1994-га.

Канстытуцыйны працэс — справа складаная, можа і зацягнуцца. Гады на чатыры, як тады, у пачатку 90-х. А там, глядзіш — і новыя «выбары». Ну ці, па «новай» Канстытуцыі, прызначэньне прэзыдэнта «бацькам нацыі» (аналяг казахскага «елбасы»). Пры гэтым функцыі прэзыдэнта будуць істотна аслабленыя, апошняе слова будзе заставацца за «елбасы». Хто ім будзе — здагадацца ня цяжка.

А навошта тады, запытаецеся, «усенародны сход» у лютым, калі не мяняць Канстытуцыю? А стварыць тую самую канстытуцыйную камісію і прадэманстраваць «маналітную падтрымку» таму, хто прагне яшчэ доўга-доўга кіраваць беларускім народам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(32)