Навумчык: «Ніхто не зьявіўся на сьвет Божы з воклічам «Жыве Беларусь!»

Палiтык – пра тое, чаму важна, каб былі людзі, здольныя адукаваць неафітаў.

– Каб вынішчыць гістарычную памяць, дастаткова замоўчваць праўду ў школьных падручніках хаця б у двух пакаленьнях, – пiша Сяргей Навумчык. – Прыклад: у сакавіку 1990, калі я быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, мае веды пра БНР укладаліся ў … адзін (!) абзац.  Прычым вельмі кароткі абзац, карацейшы за гэты, які вы цяпер чытаеце. І столькі ж – пра ВКЛ.

І гэта у мяне, у якога і маці, і бацька мелі дыпломы гістфакаў, а хатняя бібліятэка складала 4-5 тысяч кніг. Канешне, выдадзеных у СССР кніг (выданьняў дыяспары, а там выходзіла шмат пра сапраўдную гісторыю Беларусі, у нас не было).

Між іншым, думаю, што і ў абсалютнай большасьці дэпутатаў, якія потым сфармавалі Апазыцыю БНФ, веды былі на такім жа ўзроўні, калі ня горш. Але дэпутаты-гісторыкі (Пазьняк, Трусаў, Голубеў) прачыталі (ня толькі дэпутатам БНФ) лекцыі па гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. Гэта добра наклалася на перакананьне, што Беларусь павінна быць незалежнай краінай.

У парлямэнцкай барацьбе дзень ішоў за год. Праз месяц мы ўжо былі іншымі людзьмі, распрацавалі і прадставілі Вярхоўнаму Савету Дэклярацыю аб Незалежнасьці, а яшчэ праз год, 25 жніўня 1991-га, дамагліся ад дэпутацкай большасьці абвяшчэньня Незалежнасьці.

Таму слова «неафіты» не заўсёды мае адмоўны сэнс. Важна, каб былі людзі, здольныя адукаваць неафітаў. А яшчэ важней – каб у іх саміх было жаданьне вучыцца.

Бо ўсе мы нараджаемся неафітамі на гэтай зямлі – ніхто не зьявіўся ся на сьвет Божы з воклічам «Жыве Беларусь!» і Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у руцэ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(57)