Навумчык: На якіх умовах пойдзе Лукашэнка на «прымірэнне»
Публіцыст і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык адгукнуўся на адкрыты ліст Іосіфа Сярэдзіча.
— Дазволю сабе выказаць меркаваньне, на якіх умовах (і толькі на іх) пойдзе Лукашэнка на «прымірэньне», — піша Сяргей Навумчык. — Гэта, па-першае — поўнае прызнаньне ягонай (Лукашэнкі) перамогі на т.зв. прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га, прычым прызнаньне публічнае і пакаяльнае.
Прызнаньне як асноўнымі фігурантамі тых падзеяў, гэтак і тысячамі іх шэраговых удзельнікаў. Усе, хто асуджаны, павінны будуць напісаць прашэньні аб памілаваньні з абавязковым прызнаньнем сваёй палітычнай памылкі (падкрэсьліваю: ня толькі юрыдычнай віны, але і палітычнай памылкі).
Другое: уся грамадзкая актыўнасьць павінна ісьці выключна ў межах вызначаных уладай формаў: для моладзі — БРСМ, для старэйшых — «Белая Русь», і г.д. Роўна гэтак, як і ў якім-небудзь 1938-м у СССР. Ніякай «свабоднай прэсы», пра «экстрэмісцкія» тг-каналы і казаць няма чаго.
Трэцяе, вельмі важнае: усе тыя, хто жадае захаваць Незалежнасьць, павінны аднойчы і назаўсёды зразумець, што ніякага іншага кіраўніка краіны, акрамя як чалавека з прозьвішчам Лукашэнка, у прыродзе няма і быць ня можа.
Адпаведна, зьмірыцца з тым, што ўлада будзе перададзена Лукашэнку-малодшаму (як у Азэрбайджане ці Сірыі). А той — свайму сыну. І гэтак далей.
Увогуле, сама спроба вымавіць услых прапанову аб вылучэньні на пасаду прэзыдэнта чалавека зь іншым прозьвішчам павінна кваліфікавацца як здрада дзяржаве, з пакараньнем аж да сьмяротнага.
Нарэшце, чацьвёртае, але самае важнае, бо ідэалягічнае — тое, на чым будзе будавацца Беларусь дзесяцігодзьдзямі. Тыя, каму не на словах, а на справе дарагая Незалежнасьць, павінны пагадзіцца з ацэнкай Бел-Чырвона-Белага сьцяга і гербу «Пагоня» як нацысцкіх сымбаляў, БНР — як марыянеткавага нацыяналістычна-буржуазнага фармаваньня, ацэнкай абвяшчэньня Незалежнасьці ў 1991-м — як дзяржаўнага злачынства.
Прызнаць Расейскую імпэрыю і яе рэінкарнацыю СССР — як выратавальніцу Беларусі ва ўсіх войнах, пагадзіцца з роляй Беларусі як часткі «русского мира», як краіны, гатовай у любы момант выконваць якую заўгодна функцыю па жаданьні Масквы.
Прызнаць, што ў стагодзьдзях беларускай нацыі не было ніякіх гераічных этапаў — толькі «Вялікая Айчынная Вайна».
Прызнаць савецкі пэрыяд як найлепшы ва ўсе часы, пры тым, што найвышэйшы росквіт беларускай нацыі пачаўся з 1994 году, калі прэзыдэнтам быў абраны Лукашэнка.
Беларуская мова — толькі факультатыўнае вывучэньне па пісьмовым жаданьні бацькоў, прычым такія бацькі павінны будуць узятыя на асаблівы ўлік органамі правапарадку нароўні з бацькамі-алкаголікамі.
Прысутнасьць беларускай мовы ў грамадзкім жыцьці ды ў СМІ ў адносінах да расейскай — ня больш чым 1:10.
Вось на такіх (і толькі на такіх) умовах і пойдзе Лукашэнка (калі дазволіць Масква) на «прымірэньне».
Я не жартую. Элемэнты кожнай з вышэйназваных канстатацый вы можаце знайсьці ў палітычнай, ідэалягічнай ды прававой практыцы, у выказваньнях Лукашэнкі ды словах падкантрольных яму прапагандыстаў.
Скажам, прапорцыя 1:10 была прапанаваная ў нулявых гадах «галоўным ідэолягам» і былым віцэ-прэм’ерам Замяталіным, а адміністрацыя школаў і міліцыя праяўляюць асаблівую цікавасьць да беларускамоўных бацькоў.
Прычым такая мадэль можа цалкам задаволіць Крэмль, як задавальняла Сталіна існаваньне цалкам падкантрольных яму БССР і УССР (ён нават прасунуў іх у ААН, тады як РСФСР членам ААН не была).
Вось толькі ня ведаю — ці сапраўднай будзе такая «незалежнасьць»?
Читайте еще
Избранное