Навумчык: Лукашэнка помсціць Быкаву

Журналіст і пісьменнік Сяргей Навумчык – пра словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што сваякі Васіля Быкава быццам бы прадалі зорку Героя сацыялістычнай працы.

– Роўна 31 год таму, 1 верасьня 1993 году, парламенцкая «Народная газэта» надрукавала артыкул Васіля Быкава «Каб захаваць уладу, яны здольныя аб’яднацца хоць з самім д’яблам», – нагадвае Навумчык. – У ім Быкаў камяня на камяні не пакідаў ад інтэрвію дырэктара саўгаса «Гарадзец», дэпутата Лукашэнкі маскоўскай камуністычнай газэце «Правда», які выйшаў пад загалоўкам «Да возродится!».

«Возродится» павінен быў Савецкі Саюз. І пачаць Лукашэнка прапанаваў з аб’яднаньня Беларусі і Расеі. Ці, калі іншымі словамі — зь ліквідацыі беларускай незалежнасьці.

«Увогуле, не было б вялікага сэнсу палемізаваць з гэтым газэтным ёкатам перапалоханага чалавека, які за гады ідэалягічнага ачмурэньня, відаць, не разабраўся ў гістарычнай сутнасьці часу, — пісаў Быкаў, — калі б аўтарам таго інтэрвію, дадзенага ваяўнічаму прадстаўніку камуністычнай журналістыкі, ня быў народны дэпутат, прадстаўнік выбранай улады... Гэты і да яго падобныя дэпутаты, ужо ня тоячыся, узялі курс на ліквідацыю той дзяржаўнасьці, на дэнансацыю белавескіх пагадненьняў і «воссоздание единой союзной государственности».

На добры лад, пасьля такой заявы дэпутат Лукашэнка павінен быў быць пазбаўлены дэпутацкага мандату, што і запатрабавалі дэпутаты БНФ. Але менш чым праз год Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. І сваю крыўду на Быкава не забыў.

Учора ён прадэманстраваў узнагароды Быкава, якія падманам махляры ўзялі (а фактычна — скралі) у 95-гадовай удавы, Ірыны Міхайлаўны. Лукашэнка ўсклаў віну на сваякоў пісьменьніка.

Якім чынам ордэны і мэдалі апынуліся ў руках Лукашэнкі, які ланцуг быў паміж злодзеямі і Лукашэнкам — мы, упэўнены, цяпер не даведаемся.

Але добра вядома адно: Лукашэнка помсьціў Быкаву пры жыцьці, калі ў падкантрольных яму СМІ і Васіля Ўладзімеравіча палівалі брудам і фактычна прымусілі яго пакінуць Беларусь, рэжым помсьціў Быкаву, калі ў пачатку 2003 году пазбавіў яго і жонку прапіскі ў менскай кватэры (усе, хто быў тады побач з Быкавым, сьцьвярджаюць, што гэта прысьпешыла ягоную сьмерць).

Помсьціць яму і пасьля сьмерці — у беларускай сталіцы няма ні помніка Быкаву, ні вуліцы ягонага імя.

Помсьціць і блізкім: засталося невядомым, хто ўвесну 2016 году зьбіў Валянціну Ўладзімераўну, родную сястру Быкава, ды гэтак моцна зьбіў, што яна неўзабаве памерла. Зьбілі, між іншым, у яе доме.

І вось цяпер — цынічнае абвінавачваньне ў бок родных з вуснаў Лукашэнкі, які ў той жа тырадзе перад школьнікамі назваў Быкава «неадназначным чалавекам».

З Быкавым, аднак, усё адназначна: вялікі беларускі пісьменьнік, гонар беларускай нацыі, адзін зь лідэраў нацыянальнага Адраджэньня.

Наконт Лукашэнкі таксама ўсё адназначна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(50)