Навумчык: Крэмль задаволiць варыянт «Лукашэнка 2.0»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык – пра сустрэчу Лаўрова з Лукашэнкам.

– Практычна ўсе маскоўскія камэнтатары, якія пішуць пра сёньняшнюю сустрэчу Лаўрова з Лукашэнкам, адзначаюць, што адна з мэтаў маскоўскага візыцёра – прысьпешыць канстытуцыйную рэформу і новыя выбары, якія нібыта Лукашэнка абяцаў Пуціну ў Сочы ў верасьні, – пiша Сяргей Навумчык. – Аглядальнікі пішуць, што Лукашэнка з рэформай, якая «хвалюе беларускае грамадзтва», «зацягвае».

Насамрэч, прыгаданая рэформа палітычна актыўную частку беларусаў, ва ўсялякім разе тых, што выходзяць на пратэсты, калі і хвалюе, дык у мінімальнай ступені. У апошнія тыдні ні ў водным інтэрвію з удзельнікамі шэсьцяў ці дваравых акцый, ні ў водным рэпартажы зь іх тэрмін «канстытуцыйная рэформа» не гучаў.

Затое нязьменна гучыць патрабаваньне адстаўкі Лукашэнкі як галоўнае. У Беларусі разумеюць, што бяз гэтага ніякія выбары, ніякія рэформы не прывядуць да кардынальнай перамены, што ўсялякія рэформы Канстытуцыі і новыя выбары пра захаваньні Лукашэнкі ва ўладзе непазьбежна дадуць вынікам – Лукашэнку 2.0.

Можна меркаваць, гэта цалкам задавальняла б Маскву. Прыкметна, што, у адрозьненьні ад Захаду, Крэмль ніколі не падтрымлівае і іншых патрабаваньняў беларускіх пратэстоўцаў – вызваленьня палітычных вязьняў, пакараньня вінаватых у забойствах, катаваньнях і гвалце, нарэшце, дэмакратычнага і свабоднага характару выбараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(56)