Навумчык: Кошт кожнага слова ўзрос неймаверна

Ці ня блытае Каардынацыйная рада тактыку са стратэгіяй, разважае Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

Днямі ў інтэрвію «Нашай Ніве» прадстаўнік Каардынацыйнай рады (КР) Максім Баграцоў, апавядаючы пра свае сустрэчы ў Маскве, станоўча выказаўся і пра «саюзную дзяржаву», і пра членства Беларусі ў АДКБ.

Гэтыя заявы выклікалі рэзананс у палітызаванай часткі грамадзтва, што ня дзіўна: «саюзная дзяржава», у выпадку поўнай рэалізацыі закладзеных у дамове аб яе стварэньні палажэньняў, азначае анэксію Беларусі Расеяй, а Дамова аб калектыўнай бясьпецы — ня што іншае, як трыманьне былых савецкіх рэспублік у арбіце вайсковых інтарэсаў Масквы.

Некаторыя камэнтатары тлумачаць такія заявы глыбока эшалянаванай тактыкай, формулай «Палітыка — мастацтва магчымага» (насамрэч, на маю думку, — гэта мастацтва немагчымага), нарэшце, тым, што калі Ціханоўская і КР заявяць пра геапалітычны разварот, Пуцін не захоча зь імі размаўляць.

Паседжаньне Каардынацыйнай рады 18 жніўня 2020 году. Цяпер удзельнікі той сустрэчы за мяжой або ў турме: Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак, Сяргей Дылеўскі.

Пачнем з апошняга. Пуцін ня будзе размаўляць зь Ціханоўскай і КР, нават калі яны заявяць пра ўваходжаньне Беларусі ў РФ шасьцю губэрнямі.

З той простай прычыны, што Пуцін ня хоча спрыяць (нават сустрэчаю) нікому, хто падазраецца ў сапраўднай народнай падтрымцы. За ўсе дваццаць гадоў свайго кіраваньня ён ня выказаў сымпатыяў ні да кога, хто ў сваіх краінах такую падтрымку меў (а размаўляў зь імі толькі тады, калі тыя рабіліся прэзыдэнтамі, сустракаўся па службовай неабходнасьці). Пуцін (а значыць, Крэмль і ФСБ) кіруецца зусім іншымі мэханізмамі прыходу да ўлады і яе ўтрыманьня, у якіх народнае волевыяўленьне выконвае выключна дэкаратыўную ролю.

Ну, а што да тактыкі — вядома, у палітыцы, як і ў дыпляматыі, часам ня ўсё варта казаць адкрыта, пра нешта разумней і прамаўчаць. Скажам, Максім Баграцоў палічыў патрэбным не называць імёнаў тых, з кім ён сустракаўся ў Маскве, — і гэта ягонае права.

Але рэч у тым, што «саюзная дзяржава», як і Незалежнасьць, — гэта тэмы ня тактыкі, а стратэгіі. Тактыкай дасягаюцца прамежкавыя задачы, стратэгіяй — канчатковыя мэты.

Незалежнасьць Беларусі, мяркуючы па словах Ціханоўскай, зьяўляецца для яе абсалютнай каштоўнасьцю. Дарэчы, сама Ціханоўская заяўляла, што «саюзная дзяржава» Беларусі непатрэбная — і цяпер, пасьля выказваньняў Баграцова, незразумела, ці зьмяніла яна сваю пазыцыю. Бяз гэтага веданьня, напрыклад, мне, як аўтару ды ўдзельніку аналітычных перадач на Радыё Свабода, папросту немагчыма даваць ацэнкі зьнешнепалітычным прыярытэтам жанчыны, якую называюць нацыянальным лідэрам.

Тое ж тычыцца і членства Беларусі ў АДКБ, за якое выказаўся Максім Баграцоў. Бо АДКБ у кантэксьце цяперашняй палітыкі Крамля ёсьць ня што іншае, як блёк, які супрацьстаіць NATO. Кажучы вайсковай мовай — гэта патэнцыйныя праціўнікі.

У канцы 80-х Лех Валэнса пайшоў на «круглы стол» з камуністамі — гэтаму папярэднічалі дзевяць гадоў змаганьня за дэмакратыю, супраць камунізму. Уявім, што ў 1981-м, адразу пасьля абвяшчэньня ваеннага становішча, Валэнса б заявіў, што ня бачыць нічога дрэннага ў камуністычнай сыстэме і непадзельным кіраваньні камуністаў, а просіць толькі падвысіць заробак рабочым гданьскай карабельні.

Я сам бачыў, як у чэрвені 1990-га камуністычныя дэпутаты ўспрынялі заяву лідэра БНФ Пазьняка пра тое, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай. Калі б ён заявіў, што заўтра ў кожны абласны цэнтар высадзяцца марсіяне, — сьмяяліся б і круцілі пальцамі ля скроняў, пэўна, менш. Дык што — ня трэба было казаць, ня варта было ставіць мэту, не было сэнсу дэпутатам БНФ разам з экспэртамі напрацоўваць праекты, якія потым леглі ў падмурак незалежніцкага заканадаўства?

Канечне, мне скажуць, што можна было лідэру БНФ і не казаць пра Незалежнасьць — праз паўтара года Саюз усё роўна разваліўся б. Гэтак жа і «Салідарнасьць» магла не змагацца зь камуністамі — бо прыйшоў Гарбачоў, распачаў перабудову, сацыялістычны лягер абрынуўся.

Але палітычны працэс — не лінейнае паняцьце, ён складаецца з масы суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў, якія ўзаемадзейнічаюць, і крокі Гарбачова былі вынікам расхістваньня сацыялістычнай сыстэмы дысыдэнтамі ў СССР і краінах «сацлягеру», роўна як і распад СССР быў наступствам рухаў за сувэрэннасьць у «саюзных рэспубліках».

Вяртаючыся да Каардынацыйнай рады, як аўтар кніг пра найноўшую гісторыю Беларусі магу сьведчыць, што крэдыт даверу і падтрымкі, якую яна атрымала ад насельніцтва, супастаўны толькі з Народным Фронтам канца 80-х — пачатку 90-х гадоў, а колькасьць людзей, якія выходзяць на вуліцы з агульнай мэтай (сыход Лукашэнкі) — дык увогуле ні з чым не параўнальная.

З тым большай увагай і грамадзяне, і палітычныя аналітыкі ставяцца да выказваньняў, якія артыкулююць лідэры Рады, бо кошт кожнага слова ўзрос неймаверна.

Ну, а крэдыт даверу, нават вельмі вялікага, можна страціць — пра што мог бы расказаць Лукашэнка. Калі б пажадаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(17)