Навумчык: «Для кіраўніцтва спэцслужбаў ня мае ніякага значэньня Беларусь як дзяржава»

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета — пра апошнi слiў.

— У выпадку, калі аўдыёзапіс размовы чалавека, чый голас падобны на аднаго з былых кіраўнікоў КДБ, сапраўдны, трэба прызнаць, што нічога прынцыпова новага пра рэжым, які пануе ў Беларусі 27-мы год, мы не даведаліся. Але запіс пацьвярджае некаторыя зробленыя раней высновы, — пiша Сяргей Навумчык. — Для кіраўніцтва спэцслужбаў ня мае ніякага значэньня Беларусь як дзяржава, як і незалежнасьць нічога ня вартая для іх як каштоўнасьць. Значэньне мае выключна і толькі выкананьне волі Лукашэнкі.

Нічога ня вартыя ў іх вачах ні Канстытуцыя, ні закон. Значэньне мае — «не падставіцца».

У спэцслужбах і на ўзроўні кіраўніцтва, і на ўзроўні шэраговых афіцэраў (у дадзеным выпадку ў групы КДБ «Альфа») паняцьце «апазыцыя» атаясамліваецца з паняцьцем «злачыннасьць», а «апазыцыянэр», адпаведна — са «злачынцам», якога трэба затрымліваць, садзіць, а па загаду кіраўніцтва — і зьнішчаць («расстрэльваць», «тапіць»).

Зноў жа, нічога новага: у красавіку 1995 менавіта афіцэры КДБ «Альфа» зьбівалі дэпутатаў Апазыцыі БНФ, што ў прававой плоскасьці выглядае як тэрарыстычны акт супраць дзяржаўных дзеячоў.

Для афіцэраў КДБ будзе шокам даведацца, што ў большасьці дэмакратычных краінаў апазыцыйныя партыі маюць бюджэтнае фінансаваньне, іх лідэры — дзяржаўную ахову. У Вялікабрытаіі лідэраў апазыцыі інфармуюць пра дзяржаўныя справы практычна ў тым жа аб’ёме, што і ўрад. Тое ж тычыцца, зь некаторымі адрозьненьнямі, і ЗША.

Робіцца гэта для захаваньня стабільнасьці дзяржавы. Важнае ўдакладненьне: не ўлады, а — дзяржавы. Бо ўлада ў выніку свабодных выбараў мяняецца рэгулярна (і павінна мяняцца), а дзяржава (краіна) — застаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(64)