Навумчык: Дэпутат Лукашэнка адмовіўся галасаваць за Незалежнасьць
Сяргей Навумчык выказаўся ў Фэйсбуку пра тое, што Лукашэнка лічыць Незалежнасьць сваім дасягненьнем.
— Гэта ўсё роўна, калі б я сказаў, што бачу сваёй заслугай высадку астранаўтаў на Месяц.
Сапраўды, 20 ліпеня 1969 года маці мне сказала, што амэрыканцы высадзіліся на Месяц, і я, заўтрашні першкаляснік, углядаўся ў той дзень ў спадарожнік Зямлі, спадзеючыся на ім нешта ўгледзіць; бачыў толькі кратэры — і ніякіх астранаўтаў.
Лукашэнку з Незалежнасьцю пашанцавала болей. 25 жніўня 1991 дэпутат Лукашэнка прысутнічаў у Авальнай залі і бачыў дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія абвяшчалі Незалежнасьць — але і толькі.
Мушу сказаць, што Лукашэнка быў у ліку тых 84 дэпутатаў, якія ў жніўні 91-га пасьля паразы праімперскага путчу ў Маскве падтрымалі заяву Апазыцыі БНФ аб неадкладным скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета. Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію на 24 жніўня, але прапанаваў разгледзіць толькі два пытаньні: «Аб бягучым моманце» і …. «Аб Саюзным даговоры».
Аднак пры падтрымцы Плошчы дэпутатам БНФ удалося ўнесьці ў парадак дня пытаньні аб спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньні Незалежнасьці.
І вось тут Лукашэнка зрабіў заяву, сутнастьць якой палягала ў тым, што ён адмаўляецца галасаваць за Незалежнасьць, паколькі гэта адарве Беларусь ад Расеі, ад Ельцына і Гарбачова. І потым ён па ўсіх 39-ці пытаньнях, па якіх ішло гістарычнае для лёсу беларускага народа галасаваньне, не галасаваў. Больш за тое: Лукашэнка, знаходзячыся ў Авальнай залі, нават адмовіўся рэгістравацца, таму ў стэнаграме сэсіі насупраць ягонага прозьвішча стаіць спачатку «Нг» («Не галасаваў»), а потым – «Ад» («Адсутнічаў»).
(Цікаўных адсылаю да сваёй кнігі «Дзевяноста першы» (2013, 2-е выданьне – 2016) і зборніка Зянона Пазьняка «Сэсія Незалежнасьці» (2011), у які ўключана стэнаграма надзвычайнай сэсіі. Гэтыя выданьні ёсьць у Інтэрнэце ў свабодным карыстаньні).
За Незалежнасьць прагаласавалі ня толькі дэпутаты БНФ, але і нават былыя (яшчэ некалькі хвілінаў таму) сакратары абкамаў і райкамаў, старшыні аблвыканкамаў і райвыканкамаў. Але не было сярод тых 256 дэпутатаў, якія спрычыніліся да рэалізацыі спрадвечнай мары беларускага народа, чалавека, які ўрэшце, як ніхто скарыстаўся з Незалежнасьці – Аляксандра Лукашэнкі.
Я мог бы з разуменьнем паставіцца да сёньняшніх слоў Лукашэнкі, успрыняць іх як запозненае прызнаньне сваёй памылкі — калі б спыніліся абразы ў адрас тых, хто сапраўды дамагаўся (і дамогся) незалежнасьці ў жніўні 1991, найперш — актывістаў Беларускага Народнага Фронту. Калі б была годна ўшанаваная памяць чалавека, які сваім геніем асьвяцііў апошнюю хвалю нацыянальнага Адраджэньня — Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Калі б, урэшце, было аддадзена належнае тым, хто заклаў ідэйныя падмуркі беларускай дзяржаўнасьці, абвясьціўшы 25 сакавіка 1918 года незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але я ведаю, што гэтыя спадзяваньні пры цяперашняй уладзе — марныя.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное