Навошта расейскія СМІ троляць Лукашэнку?
«Пуцін вырашыў узяць кіраўніка Беларусі на змор».
Удзельнікі:Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.
Гурневіч: Раніцай сайты nn.by і charter97.org паведамілі, што атрымалі запрашэньні ад расейскага тэлеканалу РТР на тэлешоў Уладзімера Салаўёва. У ім гаварылася, што 11 студзеня плянуецца эфір пра Беларусь, тэмай якога стане кандыдатура пераемніка Лукашэнкі.
Анансавалася, што сярод удзельнікаў будуць былы генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка, а таксама Натальля Радзіна, Арсень Сівіцкі, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Зімоўскі. Радзіна ранкам на сайце Хартыі напісала, што ў Расею не паедзе. Сівіцкі яшчэ ня вызначыўся. Але апоўдні выявілася, што гэтае запрашэньне — фэйк.
Тым ня менш, расейскія СМІ працягваюць інфармацыйную атаку на Беларусь і пэрсанальна на Лукашэнку. Часам гэта даходзіць да кур’ёзаў. Узгадваю перадачу сур’ёзных расейскіх гісторыкаў і публіцыстаў на адным з афіцыйных расейскіх каналаў, прысьвечаную ліцьвінству ў Беларусі. Маўляў, Беларусь масава ахапіў рух ліцьвінства, а гэта русафобскі варыянт беларусаў.
Гучаць галасы, што гэта расейская інфармацыйная вайна супраць Беларусі. Я думаю, што мы маем справу з тым, што ў інтэрнэце называюць тролінгам. Расейскія прапагандысты проста любяць пазьдзекавацца з Лукашэнкі. Гэта цыклічная зьява, якая ўзьнікае нанова падчас нейкіх канфліктаў на афіцыйнай лініі Менск-Масква. Так было ўжо з «Хросным бацькам». Цяпер ёсьць пытаньне блякады беларускіх тавараў, нявырашанае нафтагазавае пытаньне. Гэта такія часовыя складанасьці, якія глябальна не ўплываюць на адносіны паміж уладамі Беларусі і Расеі. Лукашэнку не прывыкаць. Ня думаю, што ён сур’ёзна гэтага баіцца. У яго ўсе магчымасьці, каб не паказваць гэтыя тэлешоў.
Цыганкоў: У ангельскай мове ёсьць такое слова overreaction — празьмерная рэакцыя. Мне здаецца, беларускім актывістам, увогуле беларускай грамадзкасьці ўласьцівая гэтая рыса, паколькі ня так часта Беларусь трапляе ў цэнтар увагі СМІ, ня толькі заходніх, сусьветных, але і нават расейскіх. Таму кожная такая падзея становіцца абсалютна ні з пушчы, ні з поля падзеяй, якая горача абмяркоўваецца. Я таксама ня бачу ніякіх пацьверджаньняў строгіх тэндэнцыяў.
Нагадаю, што калі Салаўёў быў у Менску, сярод іншых пытаньняў, якія яму публіка задавала, было чаму так рэдка ў яго перадачы згадваецца беларуская тэматыка. І сапраўды за гады існаваньня гэтай перадачы можна згадаць літаральна некалькі выпадкаў. А ўвогуле ніякай сплянаванай і накіраванай палітыкі я ня бачу, у адрозьненьне ад украінскай тэматыкі, якая ў Расеі на ўсіх каналах кожны дзень, і гэта сапраўды можна назваць мэтанакіраванай псыхалягічнай вайной.
Дзьве тэндэнцыі я б зараз у расейскай грамадзкай думцы адзначыў. Першая — хопіць карміць Беларусь. Гэта думка гучыць на фоне беларускіх крэвэтак і нафтаперапрацоўкі, на фоне ўвогуле расейскага дыскурсу на самаізаляцыю, нацыяналістычнага падыходу да сваёй краіны. Дык вось гэты тэзіс можа ўмацоўвацца, набіраць рэйтынг, і гэта, безумоўна, нядобры знак для палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Расея становіцца больш сквапнай, а цяпер яшчэ і грамадзкая думка паварочваецца ў бок таго, што невядома для чаго мы павінны карміць Беларусь. Няважна, наколькі гэта сапраўды так. Я кажу менавіта пра грамадзкія настроі.
Другая тэндэнцыя. Апошнім часам розныя артыкулы, дыскусіі падводзяць да такой зьмены ў грамадзкай думцы Расеі, што Беларусь ужо не зьяўляецца станоўчым прыкладам саюзьніка Расеі, як гэта было раней. Раней паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў менавіта Беларусь займала першае месца сярод расейцаў, калі яны адказвалі на пытаньне, дзе найлепш ставяцца да Расеі. Паколькі выбару няма, у Расеі больш няма саюзьнікаў, Беларусь далей будзе займаць гэтае першае месца, але ўжо са значна меншым рэйтынгам, і апошнія падзеі ў інфармацыйнай сфэры менавіта граюць на гэта. Беларусь пакуль не становіцца ворагам, але яна ўжо перастае быць тым добрым саюзьнікам, які раней маляваўся ў вачах грамадзянаў Расеі.
Глод: Я прапаную, калегі, паглядзець на гэтую тэму ў больш глябальным кантэксьце. Падаецца, усё, што зараз адбываецца, ёсьць вынікам перагляду кіраўніцтвам Расеі сваёй ролі. Паглядзіце, Масква прэтэндуе на вялікія геапалітычныя мэты. Па мне выглядае, што лёс Сырыі, Эўразьвязу, альбо абраньне прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі хвалюе Крэмль мацней, чым Эўразійскі эканамічны саюз альбо двухбаковыя дачыненьні з той жа Беларусьсю.
Нездарма ж у апошнія дні ў інтэрнэце зьявіўся іранічны плякат з новымі лідэрамі сьвету — Пуціным, Трампам і Лё Пэн. Вось якія глябальныя пляны. І тут зусім не да часу зьяўляецца Беларусь, якая, як звычайна, усё просіць і просіць танныя газ і нафту плюс чарговыя ільготныя крэдыты. Канечне, можна адказаць Менску, што грошай самім не хапае. Але ж Лукашэнка можа запярэчыць. Летась Пуцін сьпісаў тры мільярды даляраў мангольскага доўгу. А днямі Манголія зьвярнулася да Расеі з просьбай выдаць яшчэ адзін льготны крэдыт на паўтара мільярда.
У Менску пра гэта ведаюць. Таму і патрабуюць падвысіць плату за ляяльнасьць Маскве. Крэмль з адказам не сьпяшаецца: няхай Лукашэнка панэрвуецца. Той у адказ ня едзе ў Піцер. У Маскве падобна не забываюцца і пра адмову кіраўніка Беларусі разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі авіябазу. Таму Расея і адказвае на гэта скарачэньнем паставак вуглевадародаў і ўзмацненьнем жорсткасьці памежных правілаў. А тут яшчэ экспэрты «Рэгнуму» бесьперапынку пішуць, што Лукашэнка запусьціў «працэс паўзучай нацыяналістычнай беларусізацыі».
У навагоднім звароце кіраўнік Беларусі казаў, што тыя складанасьці, якія ёсьць зараз у краіне, ня нашая віна. Маўляў, непрыемнасьці ідуць ад таго, што творыцца ў нашых суседзяў. І тут справа ня толькі ў коштах на нафту і газ. У Расеі за апошнія гадоў пяць набудавалі свае прадпрыемствы, якія выпускаюць аналягічную прадукцыю, што і беларускія. Адсюль узрастае канкурэнцыя.
Падобна, што патрабаваньні Лукашэнкі падаюцца Крамлю нахабствам. Адсюль і выглядае, што Пуцін вырашыў узяць кіраўніка Беларусі на змор і працягвае настойваць на скарачэньні яму прэміяльных.
Аднак, на маю думку, Крэмль не гатовы сёньня мяняць Лукашэнку. Для гэтага існуюць дзьве галоўныя падставы. Першая — хто яго заменіць? А пакуль замены няма, то гаварыць пра зьняцьце цяперашняга кіраўніка Беларусі гэта тое ж самае, што таўчы ваду ў ступе. Другая — як можна дыскрэдытаваць Лукашэнку? Ужо быў фільм «Хросны бацька». Тады Лукашэнку папалохалі і паклалі «кіно» на паліцу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное