Общество

Навошта беларусы ў спажывецкай паніцы разбіраюць цукар?

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра рост попыту на цукар.

Адна з крамаў у Жодзіна

– Шмат людзей у маёй стужцы які ўжо дзень дзівяцца, навошта людзі ў спажывецкай паніцы ў чаканні складаных часоў кідаюцца разбіраць у тым ліку і цукар, – піша Пашкевіч. – Я дык зусім не дзіўлюся, бо добра памятаю, якім дэфіцытам ён быў у часы распаду СССР. 

І людзі тады таксама стараліся рабіць запасы, пры нагодзе куплялі яго мяхамі. Памятаю, і ў нас дома мех з цукрам заўсёды стаяў, а пры праполцы калгасных буракоў гэта было адным з бонусаў - бярэш дзялку, і акрамя сенажаці (з-за якой у асноўным гэтыя дзялкі і бралі) давалася яшчэ права набыць і энную колькасць цукру.

Вядома, цукар патрэбен быў перадусім не на спажыванне ў чыстым выглядзе. Не чай саладзіць ці варэнне варыць. На гэта таксама, вядома, але ў прынцыпе гэта дробязі. Асноўная маса запасаў ішла на выраб самагонкі, якую гналі тады ледзь не ў кожным доме. І для гэтых мэтаў прызапашвалі не толькі чысты цукар, але і любыя прадукты з яго ўтрыманнем, хоць бы якое павідла, напрыклад, забражнелае. Абы каб дзе толькі можна было яго ўхапіць.

У маёй бабы (нядаўна з нагоды яе смерці прыгадваў, якая яна была запаслівая), памятаю, стаяў у хаце вялікі мех з цукеркамі-падушачкамі, набыты неяк праз знаёмствы ў крамах ці дзе яшчэ. Ну не дзяцей жа частаваць ён быў набыты.

А цяпер вось у людзей адгукаецца не толькі генетычная памяць, а перадусім уласны вопыт. Бо ўсё гэта было якіх 30 гадоў таму ўсяго. Яшчэ нават і я, не вельмі стары чалавек, які тады быў падлеткам і ні пра што такое сам не мусіў дбаць, асабіста памятаю. Што ўжо казаць пра старэйшых.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(30)