Политика
Анастасія Зелянкова

“Нават пры рэальным падліку галасоў зараз у парламент маглі б прайсці максімум 15-20 прадстаўнікоў апазіцыі”

У інтэрв’ю “Салідарнасці” кандыдат па Горацкай акрузе №81 Магілёўскай вобласці Андрэй Юркоў расказаў, што змянілася за апошнія чатыры гады, чаму не трэба успрымаць уладу як божую кару і каго прапусцяць у парламент.

— Дзеля чаго вы ідзяце на гэтыя выбары?

— Лічу, што барацьба за справядлівасць – гэта богаўгодная справа. Гэта мой доўг перад гэтай зямлёй, перад нашай Бацькаўшчынай.

— Мэты трапіць ў парламент вы першапачаткова не ставіце?

— Гэтая мэта, безумоўна ёсць, але, скажам шчыра, яна не самая першая. Галоўная мэта – абудзіць наш народ, зрабіць яго больш адказным за свой лёс, змяніць яго мысленне. Чакаць цудаў не трэба, трэба рабіць тое, што ад цябе залежыць. Тут і зараз.

— Увогуле, ёсць падставы меркаваць, што гэтыя выбары на выхадзе могуць чымсьці адрознівацца ад папярэдніх?

-- Яны ўжо адрозніваюцца. Гэта стала зразумела яшчэ падчас збору подпісаў і агітацыі.

Гэтыя выбары адрозніваюцца галоўным – стаўленнем людзей да незалежнай альтэрнатыўнай думкі і іх адносінамі да сённяшніх уладаў. У першы раз за ўсе кампаніі, у якіх ўдзельнічаў, я бачу, што людзі перасталі верыць той мане, якая льецца з экранаў тэлевізараў, з радыё, са старонак афіцыйных газет. І калі там кажуць, як расце наш дабрабыт, то ўсе згаджаюцца, што, напэўна, так яно і ёсць, але толькі не ў гэтай краіне.

Падтрымку людзей мы зараз адчуваем вельмі моцна. Людзі на вуліцах кажуць (раней не было такога): “Дзякуй! Малайцы! Мы з вамі!” І гэта кажуць не толькі простыя людзі, але і пэўныя чыноўнікі.

— Якія пытанні найбольш турбуюць людзей?

-- Усе пытанні тычацца нашага надзённага жыцця. Часам даводзіцца тлумачыць людзям, што ў нас сапраўды багатая краіна, што ў нас шмат грошай, толькі мы, простыя грамадзяне, не маем ніякага кантролю за гэтымі сродкамі. Калі б гэты кантроль быў, можна было б значна больш эфектыўна іх выкарыстоўваць і значна палепшыць нашае жыццё.

Паказваеш ім нашыя аграгарадкі, якія стаяць пабудаваныя яшчэ дваццаць гадоў назад з пустымі шыбамі, а тут жа ставяць новыя. Каго яны туды плануюць засяліць? Людзі, гэта ж нашы грошы!

Збіраючы подпісы, я абышоў шмат людзей і цудоўна ведаю ўсе іх праблемы. За апошнія чатыры гады з таго часу, як я вылучаўся, рэальна ўзровень жыцця амаль не палепшыўся. Якасны рамонт -- адзін на 15-20 кватэр, новая бытавая тэхніка (тэлевізары, аўдыёапаратура, пральныя машыны) – у адной з 3-4-х кватэр. Багата такіх дамоў, дзе на падлогах ляжыць нефарбаванае ДВП, стаяць старыя, яшчэ савецкія, лядоўні, тэлевізары.

Нават тое, што набываецца – набываецца ў крэдыт, які вельмі цяжка выплочваць. А з экранаў расказваюць пра тое, што наш дабрабыт расце і мацнее.

— Як тлумачыце выбаршчыкам сваю праграму?

— Я распавядаю людзям, што 28 верасня – гэта не абы-які дзень. У гэты дзень мы можам абраць чалавека, які чатыры гады за народныя грошы будзе сядзець на задняй парце беларускага парламента і выконваць усё, што загадаюць зверху. А можам паспрабаваць абраць незалежных новых людзей і з дапамогай іх вярнуць льготы пенсіянерам, інвалідам, студэнтам, не дапусціць павышэння пенсійнага ўзросту і зрабіць усё мажлівае, каб выканаць інтарэсы кожнага выбаршчыка.

Я таксама выступаю супраць пабудовы АЭС пад Горкамі. Навошта нам новы Чарнобыль? Я буду дабівацца, каб больш не было такой практыкі, калі пакрокава краіна ішла да 12-гадовай сістэмы навучання і раптам валявым рашэнне некалькіх чалавек усё было адменена.

— Каго, на вашу думку, з апазіцыі прапусцяць у парламент?

— Не магу рабіць прагнозаў. Калі сапраўды будзе рашэнне кагосьці прапусціць, то гэтыя людзі будуць прыцягнуты проста за вушы. Чыста па логіцы, яны пастараюцца прапусціць або загадзя глыбока заселых ў шэрагах апазіцыі сваіх “шпегаў” альбо проста людзей, якімі дастаткова проста маніпуляваць.

У рэшце рэшт, я ўвогуле не бачу сэнсу ім кагосьці туды прапускаць? Калі б яны планавалі гэта зрабіць, маглі проста арганізаваць хаця б на апошнім этапе нармальную выбарчую кампанію. Я, канешне, вельмі паважаю нашу апазіцыю, але даю гарантыю, што нават пры рэальным падліку галасоў зараз у парламент маглі б прайсці максімум 15-20 яе прадстаўнікоў.

Глядзіце: асноўная маса лідэраў зняліся, у кагосьці былі праблемы яшчэ на этапе збору подпісаў і рэгістрацыі. Дык чаго баяцца? Будзе 5 апазіцыянераў ці 15 — розніца невялікая. Таму лёгка можна было б зрабіць празрысты працэс.

Але ж і гэтага не робіцца. Дык пра што тут увогуле казаць? Выбараў як ні было, так і няма.

— Як вы рэальна ацэньваеце свае шанцы?

-- Сёння сітуацыя выглядае 50 на 50. Лічу, што ў сённяшняй дзяржаве на ўсходзе Беларусі ды яшчэ ў вясковым рэгіёне – гэта ўжо вельмі высокі вынік. Ва ўсякім разе я буду змагацца да канца.

Трэба ставіць рэальныя мэты і перамагаць з тым народам, які ёсць. А чакаць яшчэ тысячу гадоў, пакуль беларусы стануць беларусамі… Так можна і не дачакацца. Манкуртамі былі – яшчэ горшымі стануць.

Мне важна прымусць нашых людзей трохі думаць і навучыць не ўспрымаць нашую ўладу, як божую кару.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)