Так што дыпламатычная стратэгія нунцыятуры прадугледжвае ў тым ліку і тое, каб сядзець у фатэлях, усміхацца дыктатару, піць з ім шампанскае.
Наталля Васілевіч: «У Беларусі трэба «лятаць нізенька», каб застацца па-за радарамі, якія хочуць знайсці і знішчыць усё жывое»
Тэалагіня — пра стаўленне ўладаў да рэлігійных канфесій, чаму Ватыкан не рэагуе на заклікі беларускіх вернікаў і маўклівае «галасаванне нагамі».
Кожны месяц «Хрысціянская Візія» робіць маніторынг хрысціян, якія пацярпелі ад пераследу рэжыму. І часам, зазначае мадэратарка групы Наталля Васілевіч, бывае складана паставіць кропку ў гэтым аглядзе, бо і ў апошні дзень месяца можа прыляцець навіна пра арышт верніка альбо святара.
— Усё новыя рэпрэсіі, пастаянны ціск адчуваецца, і ніколі такога не было, каб не было пра што напісаць, — гаворыць тэалагіня ў эфіры Еўрарадыё. — І пратэстанты, і праваслаўныя, і каталікі церпяць ад рэпрэсій. Але цяпер мы бачым, што чамусьці каталікі, менавіта святары, церпяць ад рэжыму найбольш.
«Дыпламатычны стыль нунцыя — дзейнічаць нябачна»
Чаму на гэты пераслед, на дзеянні ўладаў датычна Чырвонага касцёла не рэагуе Ватыкан — прынамсі, ягоны прадстаўнік у Беларусі? Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, завяршаючы сваю місію, сустрэўся з правіцелем і знешне прыязна выслухаў усе ягоныя заявы пра «супадзенне поглядаў кіраўніцтва Беларусі і Ватыкана» на пытанні бяспекі і міру. Пасланніку — і Ватыкану — усё адно, што адбываецца ў краіне?
— Дыпламатычны стыль Антэ Ёзіча — дзейнічаць нябачна, не прыцягваючы ўвагі медыя, — гаворыць Наталля Васілевіч. — Як самалёты, каб іх не запеленгавалі сродкі супрацьпаветранай абароны — ляцяць нізенька. Гэтаксама і Антэ Ёзіч спрабаваў максімальна «лятаць нізенька», менш «свяціцца».
Помню, нам стала вядома са сваіх крыніц, што Антэ Ёзіч наведаў у зняволенні Вольгу Залатар — гэта маці пяці дзяцей, каталічка, актывістка, якая атрымала чатыры гады зняволення і перацярпела ў СІЗА на Валадарцы катаванні. Гэта вельмі рэдкая з’ява, калі ў кагосьці атрымліваецца прабіцца да чалавека, якога рэжым ужо захапіў у палон — у Антэ Ёзіча гэта атрымалася, і тое, што ён пагаварыў з ёй, перадаў малітоўнік, ружанец, вельмі добра яго характарызавала.
Але калі мы пра гэта паведамілі, каб натхніць іншых людзей, нас папрасілі было гэтую інфармацыю зняць. Рабіць гэтага ў выніку мы не сталі, бо звесткі ўжо разляцеліся па медыя. Але зразумелі, што «падсвечванне» такіх рэчаў можа нашкодзіць нунцыятуры выконваць гэтую гуманітарную місію, перашкодзіць іншым людзям.
Можна не пагаджацца з гэтым, казаць, што Ватыкан — у першую чаргу дзяржава, якая звязаная з каталіцкім касцёлам. А касцёл — тая інстытуцыя, якая павінна казаць праўду, гучна, на ўвесь свет крычаць яе і заўсёды адстойваць справядлівасць і правы чалавека, інакш яна страчвае свой аўтарытэт. І што ўсякая гульня са злом, гульня з дыктатарамі — гэта здрада маральнай пазіцыі.
Аднак можна сказаць, што ёсць іншыя крытэры, і часам можна прамаўчаць для таго, каб сказаць нешта пазней, каб выратаваць чыёсць жыццё, чыюсьці свабоду. І тут ніколі не ведаеш, што слушна.
Нам цяжка ацэньваць сёння дзейнасць Антэ Ёзіча ў Беларусі, таму што няма дасягу да інфармацыі, што адбывалася насамрэч па-за межамі публічнага поля. Магчыма, там ішлі зусім іншыя дыскусіі, і нунцый праяўляў адпаведную цвёрдасць?
«Беларусь не ў прыярытэтах у цяперашні момант»
— Так, «Хрысціянская Візія» як маніторынгавая група, група хрысціян, якая клапоціцца пра публічнае сведчанне цэркваў у Беларусі, вельмі часта крытыкавала і Ватыкан, і Ёзіча, і гэтую стратэгію пагаджальніцтва з уладамі. Але на сёння я лічу, што адэкватна і справядліва ацаніць гэты перыяд і таго, што атрымалася ці не атрымалася дасягнуць, мы зможам толькі ў вольнай Беларусі, калі атрымаем дасяг да больш шырокай інфармацыі і пабачым усю карціну.
Разам з тым, дадае Наталля Васілевіч, ужо сабраная цэлая кніга з лістоў і зваротаў палітвязняў і іх сваякоў, у тым ліку Святланы Ціханоўскай, да Папы Рымскага — і беларусы дамагліся, каб перадаць яе ў Ватыкан, — але адказу не атрымалі.
— Пагаджуся з тым, што мы пакінутыя без увагі Ватыкана, Беларусь не ў прыярытэтах у цяперашні момант, асабліва пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Беларуская трагедыя для многіх не выглядае больш такой драматычнай і патрабуючай неадкладнай публічнай рэакцыі, як вайна.
Тым больш, хоць многае сышло ў падполле, хоць працягваюцца рэпрэсіі, але ў Беларусі рэлігійнае жыццё ёсць, сокі жыцця з грамадства не выйшлі. Мяркую, што і нунцый гэта ведае, і верыць, што рана ці позна ў Беларусі адбудуцца змены — але пакуль трэба патрываць, «лятаць нізенька», каб застацца па-за радарамі, якія хочуць знайсці і знішчыць усё жывое.
«Людзі не хочуць хадзіць у царквы»
Вонкава падаецца, што праваслаўная царква ў Беларусі, у адрозненне ад усіх іншых канфесій, умацавала свае пазіцыі і абласканая ўладамі. Але не ўсё так адназначна, гаворыць тэалагіня, і акрамя Веніяміна, што бласлаўляе АМАПаўцаў, ёсць зусім іншыя праявы сапраўды беларускай салідарнасці і ўзаемападтрымкі сярод вернікаў і святароў.
— Але ж мне многія беларускія святары пішуць, што вельмі ўпала наведвальнасць цэркваў. Людзі не хочуць хадзіць у цэрквы — гэта пачалося яшчэ падчас кавіду, але пасля 2020 і асабліва 2022 году становіцца ўсё больш вялікай праблемай.
Можна нават па відэа паглядзець: на вялікіх службах, дзе раней вернікі стаялі шчыльненька, цяпер бачныя прагалы. Людзей у праваслаўных цэрквах стала нашмат менш, і я думаю, што гэта таксама рэакцыя.
Людзі «галасуюць нагамі». Гэта значыць, выязджаюць з краіны, перастаюць хадзіць на масавыя мерапрыемствы. Магчыма, не ўсе дэманстратыўна гэта робяць, але паказваюць сваё стаўленне.
Мы знаходзімся ў той кропцы, калі вельмі цяжка чакаць ад грамадства нейкіх публічных стэйтментаў, але пры гэтым такія заявы адбываюцца на штодзённым узроўні і ў кожным месцы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное