Филин

Ірына Марозава

Наталля Васілевіч: Чаму ўлады працягваюць ціснуць на касцёл

Тэолаг Наталля Васілевіч — пра ўмяшанне дзяржавы ў жыццё вернікаў і беларускі стыль дыпламатыі.

Амаль паўгода Чырвоны касцёл у Мінску закрыты для вернікаў: спачатку ўлады зачынілі яго пасля незразумелага пажару, а потым скасавалі дамову арэнды з парафіяй. Па інфармацыі ад каталіцкіх святароў, адной з умоў вяртання можа быць адстаўка ксёндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка, які кіруе абшчынай з 1990 года.

Уладзіслаў Завальнюк, якому ўжо больш за 70 гадоў, доўгі час вёў на беларускім радыё праграму «Голас душы», аднавіў і адкрыў шэраг каталіцкіх храмаў у Беларусі. Мае навуковую ступень кандыдата гістарычных навук і пасведчанне пілота-аматара грамадзянскай авіяцыі.

Вядомы як паслядоўны актывіст беларусізацыі каталіцкай царквы. Каб не кідаць парафію ў цяжкі час, гэтай зімой ён нават часова ўладкаваўся дворнікам пры касцёле.

Чаму менавіта гэты святар так муляе вочы чыноўнікам, і калі з падачы чыноўнікаў яго заменяць больш «зручным» кандыдатам, што гэта будзе значыць як для вернікаў, так і для самога Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі, «Филин» распытаў тэолага, палітолага і юрыстку, мадэратарку «Хрысціянскай візіі» Наталлю Васілевіч.

— Цяжка меркаваць, ці асабіста Завальнюк не задавальняе ўлады, ці любы іншы ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла на ягоным месцы быў бы няўгодным, — разважае Наталля Васілевіч. — Я б не сказала, што Завальнюк — такая радыкальная беларуская апазіцыя.

Ён імкнуўся падтрымліваць добрыя стасункі з уладамі і ніколі не дэманстраваў выразнай нелаяльнасці, нават у параўнанні з іншымі каталіцкімі святарамі: не хадзіў на дэманстрацыі, не рабіў гучных заяваў, звяртаўся да Лукашэнкі з лістамі, спрабуючы вырашыць сітуацыю з будынкам.

Але разам з тым, заўважае экспертка, поле публічнай дзейнасці пачало з восені 2020 года няўхільна сціскацца, і тое, што раней было прымальна і талеравалася рэжымам, станавілася таксама непрымальным.

Нязменны ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла вылучаўся досыць незалежнай пазіцыяй, экстравагантнымі жэстамі, а таксама падтрымліваў беларускія ініцыятывы: так, у свой час у касцёле займаўся Беларускі ліцэй, праходзілі розныя культурніцкія імпрэзы. Дый у крызісе 2020 года Чырвоны касцёл стаў для многіх сімвалічным месцам: тут людзі хаваліся, тут, каля скульптуры анёла-абаронцы, гучалі малітвы за палітвязняў.

— Унутры Рымска-каталіцкай царквы ў Завальнюка таксама асаблівы статус, — дадае Наталля Васілевіч, — наколькі я ведаю, вакол яго аб’ядналася гэткая «свая супольнасць», на якую нават іншыя каталікі часам наракалі: чаму, маўляў, у Чырвоным касцёле вернікі становяцца на калені ў пэўныя моманты службы, дзе гэта нібыта не прадугледжана.

Дадала напружання і сітуацыя з будынкам: у многіх выклікала пытанні, чаму касцёл не знаходзіцца ва ўласнасці рэлігійнай арганізацыі, чаму пробашч не прыклаў адпаведныя намаганні ў той час, як гэта можна (ці нават трэба) было зрабіць. Іншыя лічаць, што гэта быў наўмысны хітрык, каб за ўсё плаціла дзяржава, а не сама парафія, тым часам доўг перад «Менскай спадчынай» рос.

Магчыма, паўплывалі на стаўленне чыноўнікаў і акцыі кшталту прыборкі снегу ля касцёлу, адмова высяляцца з будынку плябаніі, хоць там адключылі камунікацыі — такое маўклівае супрацьдзеянне было.

Так ці інакш, гэта абярнулася ў выніку супрацьстаяннем з уладамі, і тыя спрабуюць ад Завальнюка пазбавіцца і ўціснуць Чырвоны касцёл у больш вузкія рамкі. Завальнюк жа, які ўзначальвае парафію з самага пачатку 1990-х, калі святыню толькі аддалі вернікам, і з’яўляецца, мабыць, самым медыйным ксяндзом, каталіцкім лідарам, якога ведае большасць беларусаў, выявіўся такой «нязручнай персонай».

— Пад скасаванне дамоваў арэнды трапіў не толькі Чырвоны касцёл, у аналагічнай сітуацыі аказаліся яшчэ як мінімум чатыры касцёлы ў Бабруйску, Нясвіжу, Магілёве і Мінску. На вашу думку, тут першасныя фінансавыя прычыны ці ўсё ж палітычны падтэкст?

— Безумоўна, фінансавыя падставы выконваюць тут не галоўную ролю: калі трэба, вочы на такія рэчы заплюшчваюцца. Ёсць устаноўка — трымаць касцёл пад ціскам. Але не такім відавочным і не для медыйнай карцінкі, як, напрыклад, людзі моляцца, а іх хапаюць і «пакуюць» у аўтазакі, альбо ксяндза саджаюць на суткі, альбо як у «Мінскай праўдзе» з’яўляецца абразлівая карыкатура з ксяндзамі…

У дадзеным выпадку ідзе менш брутальны, не такі адкрыты «наезд» — у справах фінансавых, маёмасных, гаспадарчых усё значна больш заблытана. Прыгадаем, як высялялі з будынка царкву «Новае жыццё»: былі нейкія паперы, дамовы даўніх гадоў, рашэнні выканкама, нейкія індэксы, каэфіцыенты — нармальнаму чалавеку цяжка разабрацца, хто мае рацыю, а хто не.

Ціск на Чырвоны касцёл, нагадвае тэолаг, таксама быў зладжаны з апеляцыяй да нібыта «ўважлівай прычыны»: здарыўся пажар, будынак часова зачынены на рамонт, пасля рэканструкцыі будзе адкрыты для вернікаў і турыстаў.

То-бок, вонкава ўсё прыстойна, хоць і з нацяжачкай — але для тых, хто зазнаў пераслед, «відавочна, што дзяржава выстаўляе свае патрабаванні і ўльтыматумы каталіцкай царкве».

У дэмакратычных краінах падобныя праблемы вырашаюцца праз дыпламатыю: бакі сустракаюцца, вядуць перамовы, абменьваюцца сімвалічнымі падарункамі. Але беларускі стыль дыпламатыі такі: замест усмешак — кактэйль Молатава ў вакно, з намёкам: маўляў, «гэта мы з вамі яшчэ па-харошаму», а магло быць і горш.

Калі ўлады праціснуць свае патрабаванні і прымусяць Рымска-каталіцкую царкву ў Беларусі ісці на вымушаныя саступкі — што гэта будзе значыць для вернікаў і самога касцёла? На думку Наталлі Васілевіч, гэта той выпадак, калі «ўсе ўсё разумеюць правільна»:

— Усе разумеюць, у якім стане знаходзяцца любыя грамадскія інстытуцыі, сродкі масавай інфармацыі, цэрквы, прафсаюзы, ад якіх практычна нічога не засталося. Не ад радасці ж, не ад добрых стасункаў з уладамі касцёл ідзе на такія меры — ёсць рэальны ціск.

Думаю, што людзі паставяцца больш-менш з разуменнем да таго, што адбываецца, як гэта было з адстаўкай Тадэвуша Кандрусевіча. Хоць былі і тыя, хто лічыў, што касцёл паводзіцца больш радыкальна. Заўжды ёсць мяжа, пасля якой кампраміс становіцца немагчымым.

На мой асабісты погляд — у выпадку з Кандрусевічам гэтая мяжа была перакрочана, на такі кампраміс нельга было ісці з маральнага гледзішча— гэты чалавек вельмі шмат зрабіў для касцёла і не заслужыў таго, каб з ім так абышліся. Не выключана, што ён і сам пагадзіўся сысці з пасады дзеля таго, каб вярнуцца ў Беларусь, але маральны бок справы ўсё адно застаецца сумніўным.

Ён ёсць і ў справе ксяндза Завальнюка — ці можна так адплаціць чалавеку, які шмат зрабіў для каталікоў, па сутнасці, ахвяраваць ім? Магчыма, прыярытэт таго, каб людзі маглі маліцца і карыстацца Чырвоным касцёлам, цяпер пераважае над далейшым жыццёвым лёсам канкрэтнага святара.

Экспертка прыводзіць у прыклад паводзіны драпежніка і ахвяры, на якую палююць: у апошняй ёсць некалькі выйсцяў з сітуацыі небяспекі — біць у адказ, бегчы ці замерці. Відавочна, што адкрытае супрацьстаянне ў бягучых умовах немагчымае, і падтрымкі Ватыкана на адкрытую канфрантацыю таксама няма.

Надалей кожны робіць свой выбар: нехта бяжыць — у тым ліку, з Беларусі, нехта «замірае» і перастае рабіць нейкія крокі публічна; нехта «выкручваецца», спрабуючы ісці на саступкі. Прынамсі гэтую стратэгію Наталля Васілевіч лічыць рызыкоўнай: крок за крокам адступаючы, рызыкуеш трапіць у бязвыхадную сітуацыю.

— Але тут няма адзіна правільнага адказу. Мусяць быць чырвоныя лініі — чаго нельга рабіць ні ў якім разе, што выходзіць за межы маральна-дапушчальнага. Астатняе кожны абірае сам, і ад ахвяраў вельмі цяжка патрабаваць маральнай бездакорнасці.

Хтосьці з’язджае для таго, каб мець магчымасць нешта рабіць і дапамагаць іншым.  А хтосьці свядома застаецца, нават рызыкуючы трапіць у турму — як Зміцер і Наста Дашкевічы, якія шмат чым ахвяравалі, але выбралі гэты шлях.

Альбо людзі, якія не падпісваюць прашэнні аб памілаванні, нягледзячы на ціск, не выконваюць абразлівыя патрабаванні адміністрацыі папраўчых устаноў і не вылазяць з ШЫЗА, як каталікі Паліна Шарэнда-Панасюк, Мікіта Емяльянаў ці Яўген Прапольскі.

Зрэшты, нават у турэмнай камеры, як распавядаюць палітзняволеныя, ёсць месца, каб зрабіць два крокі — і такім чынам не стаяць на месцы, а рухацца, рабіць у гэтай абмежаванай прасторы тое, што ты можаш. А галоўнае — дапамагаць тым сябрам па няшчасці, з якімі апынуўся разам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(7)