Филин

Яна Сакалова

Наталля Русецкая: «Самая вялікая праблема — чытач застаўся ў Беларусі без найлепшай літаратуры»

Літаратуразнаўца, паэтка, перакладчыца, выкладчыца Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры (Люблін) Наталля Русецкая ў інтэрв’ю Филину — пра наступствы, да якіх прывядзе ліквідацыя ўладамі недзяржаўных выдавецтваў.

Днямі Эканамічны суд Мінска ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа. Падставай стаў зборнік гістарычных дакументаў ««Вызваленыя» i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў».

Выдавецтва было найперш вядомае перакладамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай літаратуры.

Раней было пазбаўленае ліцэнзіі выдавецтва «Янушкевіч». Летась улады прыпынілі дзейнасць як мінімум чатырох незалежных выдавецтваў — «Галіяфы», «Медысонт», «Лімарыус» і «Кнігазбор».

Наталля Русецкая, фота з асабістага архіву

Наталля, як вы лічыце, да якіх наступстваў прывядзе ліквідацыя прыватных кніжных выдавецтваў?

— На маю думку, дзейнасць беларускіх выдаўцоў не была такой відавочнай, то бок гэта натуральна ў нармальнай краіне — развіццё кнігадрукавання, існаванне дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў. У кожнай краіне ўсё гэта развіваецца натуральным чынам, ёсць нейкія свае законы рынку, якія рэгламентуюць гэтае развіццё.

Па-рознаму ў розных краінах складваецца. У краінах з меншым насельніцтвам, напрыклад, цяжка гаварыць, што кнігавыдавецкі бізнес — гэта добры бізнес. Выдавецтвы функцыянуюць за кошт фінансавай падтрымкі — альбо з боку дзяржавы, альбо з боку мецэнатаў.

Іншыя краіны цалкам бяруць на сябе адказнасць за развіццё кніжнага рынку — там існуюць дзяржаўныя выдавецтвы і няма недзяржаўных. Але дзяржава не перашкаджае, а наадварот, падтрымлівае нацыянальную ідэю ў сваёй краіне. У Беларусі гэтага не было. Пра тое, што ў нашай краіне існавалі недзяржаўныя прыватныя выдавецтвы, многія даведаліся толькі тады, калі іх ліквідавалі.

То бок чалавек прыходзіць у кнігарню і асабліва не цікавіцца, хто гэтую кнігу выдаў. Я звяртала ўвагу на тое, што ў нас перакладчыкі часта незаўважныя, кнігавыдавец яшчэ менш заўважная персона. Таму не выпадае гаварыць пра тое, што ёсць нейкія вынікі, нейкія наступствы, тым больш, часу мінула мала.

Калі сітуацыя не зменіцца, наш масавы чытач застанецца ў Беларусі без беларускай літаратуры, бо тыя выдавецтвы, якія сёння аднаўляюць сваю працу ў замежжы, найбольшы клопат маюць з распаўсюдам і ўвозам сваёй прадукцыі на радзіму. Таму што заўсёды гэтая літаратура праходзіць нейкія праверкі, мы ведаем казус з тым жа «Гары Потэрам», якога правяралі на наяўнасць тэрарыстычнага зместу.

Выдаўцы выехалі, нават калі яны ўтрымаюцца, змогуць адрадзіцца ў замежжы. Але што з чытачом? Вось тут самая вялікая праблема — чытач застаўся ў Беларусі без найлепшай літаратуры.

Калі паглядзець апошнія 20 ці 30 гадоў, самае цікавае, што з’яўлялася на беларускім кніжным рынку, друкавалі незалежныя выдавецтвы.

Незалежныя беларускія кнігавыдаўцы заўсёды мелі праблемы з беларускай дзяржавай. Іх перыядычныя пазбаўлял ліцэнзій. Той жа «Логвінаў» колькі разоў мусіў наноў рэгістравацца ў Беларусі, і ў рэшце рэшт адзін з першых не вытрымаў і вывез свой бізнес за мяжу.

«Беларускі кнігазбор» выдаваў найлепшае з самых розных эпох, вяртаючы беларусам і творчасць расстраляных паэтаў, і замежную літаратуру, чаго не рабілі дзяржаўныя кнігавыдавецтвы. Ужо не кажучы пра тое, што ўся найноўшая літаратура друкавалася ў незалежных выдаўцоў.

Можа, камусьці і шанцавала ўплішчыцца ў «Мастацкую літаратуру», але гэта сапраўды адзінкі і адзінкавыя кнігі. Пераважная большасць кніг, якія прапануе «Мастацкая літаратура», — гэта так званая «школьная бібліятэка». І многіх імёнаў маладых аўтараў мы б не ведалі, калі б не недзяржаўныя беларускія выдавецтвы.

Ці вядома вам нешта пра тое, што кнігі, якія выйшлі ў прыватных выдавецтвах, прыбіраюць з бібліятэк і кнігарняў у Беларусі?

— Я больш за 20 гадоў знаходжуся за мяжой, таму, як там выглядае сітуацыя на месцы, дакладна не скажу. Але я перакананая, што самацэнзура ў беларусаў вельмі моцна працуе, і бібліятэкарам, настаўнікам нават не трэба афіцыйнай забароны, яны самі перастрахуюцца і калі не выкінуць, то прыхаваюць неадпаведную літаратуру, не раскажуць пра тых ці іншых аўтараў на ўроках.

Выдавец Андрэй Янушкевіч нядаўна выказаў такую думку: сітуацыя на кніжным рынку Беларусі паказвае, што акупацыя не патрэбная — усё ўжо вырашана.

Паводле яго слоў, у лепшыя гады беларускай літаратурай было занята каля 10 выдавецтваў, беларуская кніга займала 15% рынку, а цяпер больш за 80% кніг ідзе з Расіі, натуральна, на рускай мове.

— Я заўсёды хацела знайсці, але так і не знайшла інфармацыю пра тое, які рэальна працэнт расійскіх выдаўцоў трапляе на беларускі рынак. То бок умоўная кнігарня — і колькі ў яе на паліцах стаіць кніг расійскіх выдаўцоў, таму што ў розных размовах з афіцыйнымі і неафіцыйнымі прадстаўнікамі беларускага кніжнага рынку называецца лічба каля 70%. У лепшым выпадку беларускаму выдаўцу застаецца 30%.

З гэтых адсоткаў яшчэ нейкая частка — гэта рускамоўныя выданні. І гэта разам з расійскімі выданнямі займае практычна пад 90%. А вось з тых 10%, якія застаюцца, гэта беларускамоўныя выданні, і там 90% — падручнікі.

На мастацкую літаратуру застаецца 2-3 працэнты — гэта ў межах пагрэшнасці. То бок рэальна мастацкая літаратура па-беларуску ў Беларусі прысутнічае ў нейкіх, напэўна, сотых долях працэнта. І гэта страшныя лічбы.

Я цікавілася дадзенымі за 2016-2019 гады. І гэта былі ўмоўна лепшыя гады, чым тыя, якія прыйшлі зараз, калі ў нас знішчаная практычна ўся незалежная выдавецкая справа ў Беларусі.

Калі казаць пра доўгатэрміновыя наступствы знішчэння выдавецтваў, да чаго гэта прывядзе? Дзеці і моладзь не будуць ведаць сучасных беларускіх літаратараў? Ці ліквідацыя прыватных кніжных выдавецтваў не такая катастрафічная, бо ва ўсіх ёсць інтэрнэт, і гэтую літаратуру можна пачытаць на «Камунікаце» ці праз ВПН?

— Мне б хацелася быць аптымісткай. Але я працую выкладчыкам у Люблінскім універсітэце, і да мяне прыходзяць студэнты пасля школы, і па маіх назіраннях, малады чалавек, які на сёння значна лепш, чым я, арыентуецца ў інтэрнэце, не ведае, што і дзе шукаць. Не думаю, што беларусы ў гэтым плане нейкія асаблівыя ці выключныя.

Мне здаецца, што большасць у любой краіне ведае тое, што яму закладзенае ў школе. То бок школьная праграма плюс пазакласнае чытанне. Калі пашанцавала і чытаюць бацькі, то можна нешта яшчэ захапіць з актуальнай сучаснай літаратуры. Але большасць мае ўяўленні пра літаратуру на падставе так званага школьнага канону. І калі ў нас у Беларусі гэта Купала і Колас, то і ўсё, студэнты нікога больш не могуць назваць.

Апошнім часам сталі трапляць пад забарону Барадулін, Арлоў, Быкаў, Алексіевіч, каторых нават у савецкую школу настаўнікі нейкімі шляхамі ўмелі прыцягнуць і расказаць пра гэтых пісьменнікаў.

Цяпер застрашаныя ўсе настолькі, і я моцна сумняюся, што нейкім чынам настаўнікі беларускай мовы і літаратуры спрычыняцца да таго, каб данесці да вучняў хоць нейкія веды пра сучасную беларускую літаратуру.

А моладзь, на жаль, не ведае, дзе шукаць. То бок аб’ём дадзеных у інтэрнэце настолькі вялікі, што часам вельмі складана знайсці дакладную інфармацыю. Мы збіраемся працаваць у гэтым кірунку. Ініцыятыўная група Інстытута беларускай кнігі збіраецца стварыць старонку, дзе можна будзе знайсці інфармацыю пра сучасную беларускую літаратуру.

Сёння ёсць «Беларуская палічка», бібліятэка «Камунікат» — там бясплатна сабрана даволі шмат літаратуры, але і пра іх далёка не ўсе ведаюць. І мне бачыцца задача нашых СМІ распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што і дзе можна знайсці, працаваць у гэтым кірунку, збіраць базы — хто што выдае, прадае. Таму што сёння шмат беларускіх выдавецтваў пачынае функцыянаваць за мяжой.

У Польшчы зарэгістраваны «Янушкевіч», «Полацкія лабірынты», «Гутэнберг», «Камунікат» пачынае працаваць як выдавецтва, а не толькі як бібліятэка. Але дзе чытачы могуць набыць кнігі, якія яны выдаюць, тым больш, што беларусаў раскідала па ўсім свеце? Патрэбныя механізмы, якія б дазволілі хаця б зацікаўленым беларусам знайсці інфармацыю пра тое, што і дзе з’яўляецца.

Нам таксама катастрафічна не хапае літаратурных ці калялітаратурных выданняў. Зараз гаварыць пра традыцыйныя, напэўна, і сэнсу няма ніякага, але нам патрэбныя такія часопісы, як у Польшчы, дзе штомесяц можна прачытаць пра навінкі, пра пераклады замежнай літаратуры, інтэрв’ю з аўтарамі, размовы, водгукі, рэцэнзіі і г.д.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(9)