Настаўнікі: Пазбавіць атэстацыі дзяцей, якія навучаюцца дома, — непедагагічна і не па-чалавечы

Адкрыты ліст настаўніцы Ганны Севярынец да Міністэрства адукацыі апублікавала Наша Ніва.

Калегі!

Я звяртаюся да вас праз адкрыты ліст, бо не маю іншай магчымасці ані давесці сваё меркаванне да вышэйшага кіраўніцтва галіны, ані, тым больш, паўплываць на рашэнні Міністэрства адукацыі. Між тым лічу важным данесці да вас думкі шараговага настаўніка, які назірае цяперашні няпросты навучальны працэс знутры, удзельнічае ва ўсіх школьных мерапрыемствах па захаванні бяспекі вучняў, звязаных з эпідэміялагічнай абстаноўкай у рэспубліцы, і мае наўпроставую сувязь з вучнямі, калегамі і бацькамі.

24 красавіка шмат хто з маіх калег у школах Беларусі атрымаў праз розныя каналы сувязі інфармацыю са спасылкай на намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая аб тым, што ў Міністэрстве прынята рашэнне не атэстоўваць у чацвёртай чвэрці вучняў, якія па рашэнні законных прадстаўнікоў навучаюцца дома пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій: адзначаць у журналах іх адсутнасць, не выстаўляць у класныя журналы адзнакі за дамашнія работы і тым самым закрыць ім доступ да паўнавартаснага адукацыйнага працэсу. Я маю надзею на тое, што змагу перасцерагчы Міністэрства ад памылковых крокаў.

Мне не хочацца думаць, што рашэнне не атэстоўваць у апошняй чвэрці дзяцей, што працуюць самастойна, прынятае выключна з мэтай вярнуць вучняў у школы. У той сітуацыі, калі эпідэмія COVID-19 у Беларусі набірае ход, калі кожны дзень рэгіструецца болей за 700 новых выпадкаў, калі кантакты першага ўзроўню знаходзяцца дома, а не ізаляваныя па бальніцах, кожны законны прадстаўнік вучня мае права клапаціцца аб бяспецы свайго дзіцяці. Адначасова ён мае права і на адукацыю, арганізаваную з улікам магчымасцяў, якое дае нам наша стагоддзе, наш узровень тэхнічных ведаў, наш статус «айці-краіны», урэшце рэшт.

Міністэрства адукацыі публікавала дадзеныя аб тым, што 85% настаўнікаў Беларусі гатовыя аказваць адукацыйныя паслугі з выкарыстаннем камунікатыўна-інфармацыйных тэхналогій, таксама ў дапамогу педагогам і вучням працуюць выдавецтва «Аверсэв», прафесйныя групы настаўнікаў у сацыяльных сетках, метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі.

Беларускія дзеці і беларускія бацькі — адказныя людзі. Беларусы ўмеюць вучыцца і вучыць. Метадычная падрыхтоўка нашых настаўнікаў, а таксама традыцыйная для беларускай культуры адказная роля бацькоў пры навучанні дзяцей дазваляюць нам верыць, што самастойнае вывучэнне школьных курсаў можа быць — і будзе — дастаткова эфектыўным.

Гэта не проста словы, яны для мяне падмацаваны ўласным досведам — за два тыдні мы з вучнямі і іх бацькамі выбудавалі працаздольны і плённы адукацыйны працэс з выкарыстаннем ІКТ, і я ведаю дзясяткі калег-настаўнікаў, якія зрабілі гэта максімальна эфектыўна. І засваенне ведаў, і зваротная сувязь, і атэстацыя — усё гэта цалкам рэальна зрабіць і з тымі, хто прыходзіць у школу, і з тымі, хто вучыцца дома.

Калі мы вырашаем пазбавіць дзяцей, што знаходзяцца зараз дома, права на атэстацыю ў апошняй, часцяком вырашальнай, чвэрці, мы тым самым перакрэсліваем той давер, які ёсць паміж намі, настаўнікамі, нашымі вучнямі — і іх бацькамі.

Мы кідаем іх адзін на адзін з праблемай у вельмі няпростай сітуацыі. Мы перастаем даваць ім тую зваротную сувязь, якую яны зараз павінны мець ад нас і на якую маюць права. Мы распісваемся ва ўласнай бездапаможнасці. Гэта не толькі непедагагічна, гэта — не па-чалавечы.

У асабліва складаным становішчы апынуцца тыя, хто зусім хутка будзе працаваць на дабрабыт і моц нашай краіны — выпускнікі, вучні дзясятых класаў, і асабліва — будучыя магчымыя медалісты, для якіх неатэстацыя за апошнюю чвэрць немагчымая. Мы прымушаем гэтых дзяцей выйсці ў школы насуперак рашэнню законных прадстаўнікоў і насуперак здароваму сэнсу, які дыктуе чалавеку берагчы сябе і блізкіх у перыяд эпідэміі.

Калі мы дэкларуем першым прынцыпам нашай адукацыі павагу да вучня, павагу да ягоных рашэнняў, павагу да чалавека, індывідуальны падыход да кожнага — мы не маем права пазбавіць вучняў рэспублікі права на атэстацыю пры навучанні праз ІКТ.

У сувязі з вышэй сказаным я прашу Міністэрства перагледзець неканструктыўны падыход да атэстацыі па выніках чацвёртай чвэрці тых вучняў, якія навучаюцца пры дапамозе ІКТ, дазволіць настаўнікам пераносіць у журнал адзнакі, атрыманыя за работы, што выконваюцца дома, і атэстоўваць дзяцей па выніках самастойнай працы за чацвёртую чвэрць, а таксама ўлічваць адзнаку пры выстаўленні гадавой. Пытанне арганізацыі неабходнага тэматычнага кантроля ў чвэрці лічу чыста тэхнічным — яго лёгка наладзіць нават ва ўмовах выкарыстання ІКТ.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі,

Стыпендыят спецыяльнага фонда прэзідэнта

Лаўрэат конкурса прафесйнага майстэрства «Настаўнік года Мінскай вобласці — 2017»

Фіналіст конкурса прафесйнага майстэрства «Настаўнік года Мінскай вобласці — 2020»

Ганна Севярынец.

Да ліста далучаюцца з подпісамі беларускія настаўнікі:

Святлана Аляксандраўна Іванюшына, настаўніца пачатковых класаў, фіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года — 2020 Мінскай вобласці»

Наталля Дзмітрыеўна Афанасьева, настаўніца фізікі, стыпендыят спецыяльнага фонда прэзідэнта

Таццяна Сяргееўна Цыдзік, настаўніца англійскай мовы

Святлана Міхайлаўна Кулеш, настаўніца гісторыі

Ала Мікалаеўна Пазнякова, настаўніца гісторыі

Анастасія Алегаўна Малафеева, настаўнік-дэфектолаг

Святлана Іванаўна Локіс, настаўнік-метадыст

Ірына Уладзіміраўна Пабожная, настаўнік-метадыст

Таццяна Барткевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры,

Наталля Геннадзеўна Вянгроўская, настаўніца гісторыі і англійскай мовы

Ірына Андрэеўна Азарынская, настаўніца гісторыі

Людміла Зянонаўна Грышко, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Таццяна Мар’янаўна Сурконт, настаўнік гісторыі, настаўнік-метадыст

Крысціна Алегаўна Сёмачкіна, настаўніца пачатковых класаў

Ірына Анатольеўна Шлемянкова, настаўніца пачатковых класаў

Аляксей Васільевіч Мінаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Таццяна Анатольеўна Квяцінская, настаўніца рускай мовы і літаратуры

Галіна Уладзіміраўна Пайкіна, настаўніца геаграфіі

Віктар Малышчыц, настаўнік астраноміі

Вольга Валянцінаўна Брэйво, настаўніца пачатковых класаў

Вольга Іванаўна Юшчук, настаўніца музыкі і пачатковых класаў

Наталля Альфрэдаўна Масло, настаўніца пачатковых класаў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:71)