Скандалы

Настаўніцу музыкі, якая вучыла дзяцей пры ліхтарыках, вярнулі на працу

Настаўніцу Алену з музычнай школы ў вёсцы Падлабеньне на Горадзеншчыне, якая праводзіла заняткі ў клясе без сьвятла, пасьля розгаласу ў СМІ пакінулі на працы, паведамляе Радыё Свабода.

Фота, дзе дзеці займаюцца нотным пісьмом пры ліхтарыках, трапілі ў сеціва 13 лістапада. Празь дзень стала вядома, што настаўніцу Алену, якая рабіла здымкі, выклікалі ў райвыканкам. У той жа дзень яна напісала заяву аб звальненьні. Дзень 15 лістапада мусіў стаць ейным апошнім працоўным днём у школе.

Як сама настаўніца раней казала Свабодзе, кіраўніцтва школы дало ёй падпісаць блянк на звальненьне паводле пагадненьня бакоў.

Аднак у аддзеле культуры Горадзенскага райвыканкаму журналістам TUT.BY паведамілі, што настаўніцу звальняць ніхто не зьбіраецца, маўляў, зь ёй толькі правялі гутарку.

Ужо 16 лістапада Алена паведаміла Свабодзе, што зноў знаходзіцца на працы.

— Тут электрыкі, праводзяць сьвятло. Я не магу шмат гаварыць. Зараз пад’едзе тэлевізія, будзе здымаць гэты кабінэт (дзе займаліся без сьвятла. — РС), — сказала настаўніца.

Паводле яе, увечары 15 лістапада у школу прыехаў прадстаўнік аддзела культуры Горадзенскага райвыканкаму і сказаў, каб заўтра яна выходзіла на працу.

— Сёньня званілі з упраўленьня культуры аблвыканкаму. Сказалі: «Заяве (на звальненьне. — РС) ходу не дамо», — працягвае жанчына.

Алена кажа, што ня бачыла, каб ейную заяву зьнішчылі, але і загад аб звальненьні не падпісвала. Паводле вуснай дамоўленасьці, выйшла на працу, як і раней, з той жа занятасьцю.

— Мне бы хоць да канца навучальнага году дапрацаваць. Бо пасярод году знайсьці працу нерэальна, — прызнаецца яна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)