Общество
Георгій Чыгір, «Народная воля»

Настаўніцкі страйк: як было і што з таго...

Мінула 20 гадоў з тае пары, як педагогі 160-й сярэдняй школы г.Мінска правялі (упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі) папераджальны страйк — перасталі даваць урокі сваім вучням... На крайнюю меру іх змусілі пайсці жабрацкія заробкі.

Якім чынам адрэагавала на “настаўніцкі бунт” вярхоўная ўлада і функцыянеры ад адукацыі? І, нарэшце, ці маюць сёння права на падобныя пратэсты тыя, хто пакліканы “сеяць разумнае, добрае, вечнае”? Наколькі ўвогуле так званыя непедагагічныя дзеянні настаўнікаў фарміруюць (ці, наадварот, прытупляюць) грамадзянскую пазіцыю пакалення, якому выпала нарадзіцца і жыць у эпоху несвабоды і ўціску?

Пра гэта размова з былым настаўнікам 160-й школы, былым старшынёй страйкама Віктарам Маклаковым.

— Падзеі дваццацігадовай даўніны — ужо гісторыя... І тым не менш, Віктар Мікалаевіч, што ўрэзалася ў памяць, што трывожыць да гэтай пары?

— У свядомасці — няспраўджанасць надзей, якімі на пачатку 1990-х жылі настаўнікі і ўсё астатняе грамадства. А трывожыць, бадай, адно: парасткі грамадзянскасці, пра якую Яўген Еўтушэнка пісаў: “Ты, гражданственность, — флаг, а не флюгер”, так і не зарунелі на беларускім полі. Тыя парасткі, роўна як і сам беларускі сцяг, літаральна затапталі нагамі... Думаю зараз: чаму так здарылася, хто вінаваты, каму верыць, на каго спадзявацца? У рэшце рэшт, нехта ж павінен узрушыць замшэлую і цынічную сістэму адзінаўладдзя, якая не мае нічога агульнага ні з дэмакратыяй, ні са свабодай.

На мой погляд, ніякая палітычная партыя ў цяперашніх умовах — калі грамадзянская супольнасць у эмбрыянальным стане — не можа перайначыць заскарузласць улады, тым больш прыйсці да яе законным шляхам. Ну які законны шлях, калі народ “зацугляны” ў кантрактную аброць, калі ў кожнай шарашцы — ідэолаг-наглядчык, калі суды, СМІ і ўся астатняя раць слугуюць не столькі закону, колькі інтарэсам таго, у каго паўнамоцтваў больш, чым у цара?.. Трэба быць поўным ідыётам ці звышнаіўнай істотай, каб разлічваць на нешта іншае: мы ж нават не арабы, мы проста — рабы...

— Значыцца, ніякай надзеі на лепшае? Ці вы ўсё-такі разлічваеце на прасвятленне народа, на ягоную “векавую мудрасць”, якая — па словах паэта — больш нагадвае “векавы смутак”?..

— У тым і справа, што смутак засціць вочы, а надзея сталася прывідам... У арабаў ёсць вера ў законы Шарыяту, ці там нейкая ісламская дактрына, за якую варта і шахідам зрабіцца, а ў нас — нічога такога. Нават незалежнасць сама сабою звалілася пад самыя ногі — бяры не хачу... То якое змаганне?! Усё неяк само сабою і вытанчыцца, а пакуль — у кожнага свая хатка, і тая хатка на водшыбе... Такая жлобская пазіцыя — залатая жыла для прайдзісветаў. Яны, канечне, б’юць у хамут... перад выбарамі, а далей у хамут б’е ўжо народ. І бывае — дзесяцігоддзямі...

Ну, а калі сур’ёзна, то без грамадзянскай супольнасці, без салідарнасці на падставе нацыянальнай ідэі, якая б аб’яднала бальшыню народа, нічога путнага не атрымаецца. Будзем і надалей трываць “мудрага з мудрых”, бурчэць падчас ілжэвыбараў і цягнуць бурлаковую лямку на вачах цывілізаванага свету. Праблема не адно ў тым, што апазіцыйныя партыі ніяк не дамовяцца, не скаардынуюць дзеянні, а ў тым, што ўсе яны — даруйце за банальнасць — страшна далёкія ад мас.

Тут ужо мала “гутарку весці з народам” (да балбатні выпрацаваўся імунітэт), тут падавай прыклад уласнага змагання. І не за асабістае шчасцейка, а за пакрыўджаных ды абылганых, забітых і забытых, выкінутых з працы, беспадстаўна засуджаных. Жывыя справы, а не пустапарожнія словы фарміруюць у душы чалавека крышталь грамадзянскасці, штурхаюць да дзеяння і ўрэшце яднаюць увесь народ. Лёгка быць флюгерам, цяжка — сцяганосцам, яшчэ пакутней — самім сцягам. На мой погляд, Зянон Пазьняк якраз і быў жывым сцягам для ўсіх нас напрыканцы 1980-х — на пачатку 1990-х. Некаторыя цяпер з лёгкасцю абураюцца: маўляў, трэ было ісці да канца, маўляў:

Боль гражданства — не в собственной боли.

Тот, кто истинный гражданин,

Защищает собою все поле,

Даже если он в поле один...

Па нацыянальнасці я рускі, але Беларусь для мяне — сапраўдная Радзіма. І бывае крыўдна і балюча, калі чуеш пра лідара БНФ нешта незаслужана-прылепленае, беспадстаўна-абвінаваўчае. Мне б першаму крыўдаваць на Зянона Станіслававіча — не ўспрымаў ён былых савецкіх афіцэраў, да якіх і я належаў, але ж не крыўдую. Чаму? Ды проста падзяляю ягоную веру, імкненне вывесці люд беларускі на прасцяг свабоды і дэмакратыі. Упэўнены, такіх людзей, як я, у краіне досыць, але да многіх трэба яшчэ дастукацца, дайсці. Якраз гэта і паяднае ўсіх нас. Менавіта высокая грамадзянскасць у выглядзе адкрытых дзеянняў, а не дуля ў кішэні — першы крок да перамен у грамадстве. Памятаеце:

Все мы порознь, как в чаще тропинки,

И дорога, когда мы одно.

Все мы порознь, как в поле травинки,

Ну а вместе — Бородино.

— Віктар Мікалаевіч, папераджальны страйк быў адным з першых крокаў у адстойванні грамадзянскіх правоў настаўнікаў. Але чым усё скончылася?..

— На такі адчайны крок нас змусіла пайсці сітуацыя з заработнай платай. Час быў складаны для ўсіх, а для настаўнікаў — проста гаротны. Уявіце, рэальны заробак педагога складаў толькі 64 працэнты ад сярэдняга заробку служачых у прамысловасці. Між тым 34-ы артыкул “Закона аб адукацыі” гарантаваў узровень зарплаты не ніжэй за 100 працэнтаў ад сярэдняга заробку служачых у прамысловасці. Мы, педагогі, паверылі ў зварот Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, які, зняверыўшыся ў непаслядоўных дзеяннях урада, аб’віў (пры ўмове невыканання Пастановы Вярхоўнага Савета РБ ад 23 красавіка 1992 года, пункт 7, артыкул 34) перадстрайкавае становішча.

Тую пастанову ніхто, як высветлілася, і не думаў выконваць. І тады працоўны калектыў 160-й школы ў адпаведнасці з рашэннем Маскоўскай раённай прафсаюзнай канферэнцыі вырашыў баставаць. Рашэнне прымалася, дарэчы, тайным галасаваннем. Мы пайшлі на гэта, добра ўсведамляючы, што нашы дзеянні супярэчаць этыцы педагога. Але ў выніку пакутлівых разваг усё ж прыйшлі да высновы, што іншага выйсця няма. Афіцыйныя ўлады пайшлі на звычайны падман, не выканаўшы імі ж прыняты закон, праігнараваўшы праблемы аднаго з самых сацыяльна неабароненых слаёў грамадства. Хоць інфармацыя і была даведзена да адпаведных уладных структур, ніхто не палічыў нават патрэбным прыехаць у школу, абмеркаваць з намі набалелае. Палічылі, відаць, аб’яву аб страйку звычайным блефам.

— І што было далей?

— У першы дзень страйку тэрмінова з’явілася “пажарная каманда” на чале з тагачасным намеснікам старшыні гарвыканкама Сасноўскім. Гэты спадар у грубай і цынічнай форме спрабаваў уздзейнічаць на страйкам і калектыў школы, запалохваючы рэпрэсіўнымі мерамі з прыцягненнем праваахоўных органаў. Яго не засмуціла ні прысутнасць тэлевізійнай здымачнай групы, ні прыезд дэпутата Вярхоўнага Савета ад нашай акругі В.Голубева. Мушу заўважыць, што страйкам, разумеючы вялікую адказнасць перад дзецьмі і іх бацькамі, а таксама тое, што мэта страйку — звярнуць увагу ўлады на сваё бядотнае становішча — дасягнута, меў намер прыпыніць страйк у першы ж дзень. Але правакацыйныя дзеянні Сасноўскага падштурхнулі калектыў на працяг забастоўкі.

Падхліснула і абяцанне старшыні рэспубліканскага прафсаюза работнікаў адукацыі Т.Чобатавай “разабрацца” з намі. Вось толькі калектыў школы не даў запалохаць сябе, пацвердзіў свае ранейшыя патрабаванні. Цяпер — з вышыні часу — прыходзіць усведамленне: на свет Божы прадзіраліся першыя парасткі грамадзянскасці, якія неўзабаве — з прыходам да ўлады Лукашэнкі — цалкам ачахлі, папросту былі выкарчаваны альбо знявечаны рознымі указамі, рэпрэсіямі, кантрактамі-душылкамі. Успомнім хоць бы страйк метрапалітэнаўцаў ці тыя ж разгоны мірных дэманстрантаў...

— Як бы там ні было, але ў прафсаюза далукашэнкаўскай эпохі была ўсё ж воля і жаданне дзейнічаць?

— Так і не так. Проста варта памятаць, які быў час — пераходны. Ды і дзеянні прафсаюзных функцыянераў былі палавінчатымі, з аглядкай на кебічаўскі ўрад. Тады ўпершыню па-сапраўднаму заявілі пра сябе і ўзначалілі барацьбу працоўных менавіта свабодныя прафсаюзы. Памятаю зварот да грамадзян Беларусі Мінскага гарадскога страйкама: “Мы звяртаемся са словамі надзеі да творчай інтэлігенцыі. Вы і Вашы ўзнёслыя словы аб Радзіме і Волі павінны быць з намі на плошчы. Ва ўсіх краінах і ва ўсе часы інтэлігенцыя была залатым фондам нацыі — усюды, але ж не ў нас. Можа, Вы пагадзіліся з гэтым станам?

Мы звяртаемся да настаўнікаў: калі вы будзеце патрабаваць ад урада выканання закона аб адукацыі, то гэта ні да чога не прывядзе, пры гэтым урадзе гэты закон усё ж не будзе выконвацца. І вы раз за разам, не зразумеўшы галоўную прычыну, будзеце выходзіць на плошчу і выпрошваць кавалак з разрабаванага стала.

Правядзенне рэформ і паляпшэнне жыцця людзей, а менавіта гэтага мы дамагаемся, немагчымы без адстаўкі ўрада Кебіча, стварэння пераходнага ўрада і правядзення датэрміновых дэмакратычных выбараў у новы Вярхоўны Савет”.

Ведалі б наперад, што краіна неўзабаве перакінецца з агню ды ў полымя, што праз пару-тройку год пачнецца ўдушэнне нават таго, што толькі пачало нараджацца... Сёння са здзіўленнем назіраем, як працоўныя еўрапейскіх краін, змагаючыся за свае правы, выходзяць на дэманстрацыі. І не на ўскрайках сталіц тыя шэсці, а ў самым цэнтры, на галоўных плошчах. Бастуюць урачы, настаўнікі, транспартнікі, нават паліцыя... Зразумела, прафсаюзы на Захадзе — у адрозненне ад беларускіх — не кішэнныя, не дэкаратыўныя, а сапраўдныя выразнікі людскіх інтарэсаў.

— Віктар Мікалаевіч, як паводзіла сябе падчас папераджальнага страйку начальства, у прыватнасці кіраўніцтва школы, чыноўнікі гарвыканкама, дэпутаты Вярхоўнага Савета?

— Пра Сасноўскага я ўжо казаў, астатнія — з ліку гарадскога чынавенства, галіновага прафсаюза — канечне, былі супраць акцыі. Тое ж можна сказаць і пра вярхоўную ўладу. Напрыклад, старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч тлумачыў сваю пазіцыю тым, што павелічэнне зарплаты настаўнікам прывядзе, маўляў, да павелічэння дэфіцыту бюджэту, а гэта кепска адаб’ецца на матэрыяльным становішчы пенсіянераў і моладзі. Але ж размова ішла якраз пра выкананне пастановы Вярхоўнага Савета, а не пра нейкія падачкі... Больш лаяльным у адносінах да нас быў спадар Казулін — ён прадстаўляў Міністэрства адукацыі. Адчувалася, што гэта чалавек новай фармацыі, які гатовы выслухаць, зразумець, разабрацца... Так і было, калі ён вёў перамовы з настаўніцкім страйкамам.

Асобна хачу сказаць пра дырэктара школы М.Кухарчыка і завуча Г.Пірскую... Яны з самага пачатку былі супраць страйку, рабілі крокі, каб яго не дапусціць. Але... вялі сябе вельмі тактоўна, паважаючы нашы правы і ўзгадняючы свае дзеянні з членамі забастовачнага камітэта. Як ні ціснулі на іх гарадскія чыноўнікі, абодва захавалі такт і культуру ў адносінах да калег, чым і заслужылі нашу павагу.

— А як паставіліся да настаўніцкага страйку школьнікі, іх бацькі?..

— З разуменнем. Ніхто не выказаў аніякай незадаволенасці, наадварот, старшакласнікі былі нават салідарныя... А калектыў Рэчыцкай школы-інтэрната перадаў нам пэўную суму грошай. Увогуле, настаўніцтва той пары было настроена рашуча. Напрыклад, Рэспубліканская канферэнцыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пастанавіла (у выпадку, калі не будзе рэалізаваны ў поўным аб’ёме 34-ы артыкул Закона аб адукацыі) пачаць агульнарэспубліканскі галіновы страйк. Прычым з 369 дэлегатаў, якія бралі ўдзел у тайным галасаванні па гэтым пытанні, супраць выказаліся толькі 22 чалавекі...

— Віктар Мікалаевіч, на ваш погляд, ці задаволена настаўніцтва сваімі заробкамі ў нашы дні? На прэс-канферэнцыі Лукашэнкі журналісты звярнулі на гэта ўвагу, але голасу саміх педагогаў не чуваць. А заробкі настаўнікаў складаюць у сярэднім 3,5 мільёна, у той час як у некаторых галінах народнай гаспадаркі — 4,5, а то і 5 мільёнаў...

— Мне цяжка казаць нешта за ўсіх, бо даўно на пенсіі, адышоў ад актыўнай дзейнасці... Але дакладна ведаю, што сярэдняя зарплата настаўнікаў за мінулыя два гады знізілася на 95 долараў. Пра гэта яшчэ мінулай восенню паведаміў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка. Калі яму верыць, то сярэдні заробак пад канец 2010 года ў доларавым эквіваленце складаў 427 долараў, а восенню 2012 года — толькі 332.

Канечне, афіцыйная прапаганда, як заведзена, трубіць пра бясхмарнасць у гэтым пытанні: і што дзяржава пастаянна клапоціцца, і што заробкі ў настаўнікаў па 5—6 мільёнаў, і што зусім неістотны дэфіцыт кадраў. Ну і гэтак далей. Але хто сёння паверыць у гэтыя казкі?.. Верыць варта толькі ў сябе ды ў людскую салідарнасць, якая не вынікае з нічога, а толькі гартуецца ў барацьбе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)