Настаўнiца: Вы дасталі са сваёй эстэтыкай забойстваў!

Пiша на Радыё Свабода Ганна Севярынец.

За хвіліну да таго, як прачытаць навіну пра Стоўпцы, я адкрыла на «Нашай Ніве» зусім бяскрыўдны артыкул. Пра песьню, якая атрымала прэмію «Грэмі». Уключыла гук на калёнках, паклікала сына: «Ільюшка! Хадзі паслухаем найлепшую песьню году!» Я стараюся, калі можна, глядзець сёе-тое ў інтэрнэце разам з дзецьмі — даючы прыклад сэрфінгу, прыклад нармальных, санкцыянаваных цікаўнасьцяў. Ведаць найлепшую песьню году — нармальная цікаўнасьць. Можна разам абмеркаваць, параўнаць густы.

Мы абое селі каля экрана, і я ўключыла ролік. Прыгожы сьпявак, рухаючыся пад музыку, пайшоў на камэру — і праз хвіліну выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у галаву нейкаму чалавеку, захутанаму ў тканіну. Паляцелі мазгі, і забіты рухнуў на падлогу.

Мой сын пабачыў жыўцом расстрэл — чым ён вінаваты?!

Мяне ледзь не званітавала, затрэсьліся рукі — побач жа сядзіць малы! Я сама не магу глядзець на такое, хаця іншы раз застаўляю сябе — калі ты займаесься рэпрэсіямі трыццатых, ты ня можаш ня ведаць, не глядзець і не рэфлексаваць над такімі рэчамі. Але мой сын, які толькі што ў кліпе на найлепшую песьню году, узнагароджаную прэміяй «Грэмі», пабачыў жыўцом расстрэл — чым ён вінаваты?!

А праз хвіліну я прачытала навіну пра разьню ў Стоўпцах.

Я не хацела б выглядаць рэтраграднай настаўніцай... Не. Я зараз хацела б выглядаць рэтраграднай настаўніцай. Менавіта — рэтраграднай настаўніцай.

Я хацела б крыкнуць некуды ў неба: «Вы дасталі, сволачы, са сваёй эстэтыкай забойстваў!»

Мая калега, настаўніца гісторыі Марына Міхайлаўна Пархімовіч загінула сёньня на сваім рабочым месцы. На руках іншай маёй калегі, стаўпцоўскай настаўніцы, памёр цяжка паранены вучань. Трэцюю маю калегу, якая выскачыла ў калідор ратаваць дзяцей, уратаваў вучань, крыкнуўшы: «Зачыніце дзьверы!» Я хацела б выглядаць рэтраграднай настаўніцай і крыкнуць некуды ў неба: «Вы дасталі, сволачы, са сваёй эстэтыкай забойстваў!»

Як вы дасталі, дзеячы культуры, музыкі і кіно, прагрэсіўныя і не вельмі! Як вы дасталі, сцэнарысты і рэжысёры, сьпевакі і танцоры! Як жа ж вы дасталі, ўсе тыя, хто цягне на публіку забойствы і трупы, крывішчу і нажы, пісталеты і гвалт! Эстэтычныя імпатэнты, якіх болей не хвалюе нічога, акрамя як сцэны расстрэлаў, сьмерці і гвалту, як жа дасталі вы тырчаць у кожнай дзірцы публічнай прасторы і зьбіраць прагляды «малых сіх», карміць у гледачах самае благое, зарабляць на агрэсіі і рабіць выгляд, што гэта мастацтва.

Губарэвіч: Вазьміце тысячу ілбоў, якія сочаць за апазіцыяй, ды размяркуйце іх каля кожнай школы

Зараз, канешне, знойдуцца тыя, хто мне абавязкова ўсё патлумачыць. Пасьмяецца. Прывядзе прыклады. Я і сама, безумоўна, магу раскласьці на бясьпечныя складнікі гэты кліп з «Грэмі» ці любы з фільмаў умоўнага Таранціна.

Але сёньня ў Стоўпцах ашалелы падлетак забіў Марыну Міхайлаўну Пархімовіч і школьніка Сашу.

Я плачу, я не магу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(112)