Политика
Сяргей Стахоўскі

Наста Палажанка: «Шукаем Дашкевіча на транзітных шляхах»

Магчыма, што палiтвязня Зміцера Дашкевіча адправілі на этап толькі ўначы 1 лістапада. Аб гэтым «Салідарнасці» распавяла намеснік старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Наста Палажанка.

– З неафіцыйных крыніцаў з'явілася інфармацыя, што Дашкевіча не этапіравалі ў аўторак увечары, а адправілі на этап толькі 1 лістапада ўначы, – кажа нявеста палітвязня. – Канешне, калі Змітра этапіравалі ў чацвер уначы – гэта лепей, меньш падстаў для хвалявання. Зараз мы спрабуем знайсці яго на транзітным шляху, у Баранавіцкай турме, пры ўмове, што яго этапуюць ў Гродна, а не ў Жодзіна.

Па словах Насты Палажанкі, учора і сёння з дапамогай розных людзей яна звярталася ў гарадзенскую і жодзінкую турму, але атрымаць інфармацыі не здолела.

– Этап – гэта самы складаны момант зняволення, па той прычыне што вязень найбольш безабаронны: на этапе развязаныя рукі для правакацый. Мы нават не ведаем, дзе ён знаходзіцца, ці кормяць яго. Улады кажуць, што гэта робіцца дзеля бяспекі самога вязня, а насамрэч сваім маўчаннем робяць шкоду сваякам і таму, хто знаходзіцца ў няволі. Таму мы імкнемся максімальна пракантраляваць усе перасоўванні Змітра Дашкевіча. Нажаль, зараз нам гэта не ўдаецца, – канстатавала яна.

Нагадаем, што пасля суда, які адбыўся ў мазырскай калоніі 30 кастрычніка, «за злоснае парушэнне рэжыму» Зміцера Дашкевіча павінны перавесці ў крытую турму строгага рэжыму.