Общество

Наста Лойка напісала ліст свайму сабаку: «Бывай, дарагі. Ты — самае дарагое, што ў мяне было ў жыцці»

Ліст Насты Лойка да яе сабакі Эрыка, якога яна забрала з прытулку, апублікавала Яўгенія Доўгая.

– Наста вельмі любіць свайго сабаку. Вельмі. Наста наогул любіць усіх людзей. Яна паважае кожную асобу, яна ведае, што кожны чалавек заслугоўвае павагу да сябе. Я проста пакіну тут яе ліст да яе Эрыка. Падтрымайце Насту, я вельмі вас прашу, — напісала Яўгенія.

Вось гэты ліст.

«Дарагі Эрык! Яшчэ з першых дзён майго знаходжання на маім часовым месцы жыхарства я хацела напісаць табе развітальны ліст, але не знаходзіла сілаў, бо гэта балюча і слёзна. Але мне гэта важна, каб закрыць гештальт адносна нас з табой.

Калі я бачу іншых сабак па тэлебачанні, чорную аўчарку тут у СІЗА, калі прыгадваю гук тваіх крокаў па нашай кватэры, тваю пыску на маім ложку з просьбай пагладзіць цябе, альбо як ты кладзешся на жывот перад іншымі сабакамі (твой знак прымірэння), або на спінку, каб пагладзіла табе жывот — я пачынаю плакаць! А хочацца, каб гэтыя ўспаміны выклікалі эмоцыі радасці і ўсмешку.

Спадзяваюся, гэты ліст дапаможа прайсці гэтую трансфармацыю.

Пра ўспаміны. Я вельмі добра памятаю, як нас знаёміла Марфа ў сабачым прытулку пад Гатавам. Ты тады на мяне рыкаў ад страху, але потым узяў печыва з рукі. Усю кароткую прагулку ты цягнуў павадок і хадзіў зігзагамі перада мной.

Праз тыдзень мы прыехалі за табой. Іра сказала, што ты страшны і падобны на мяне. Я вельмі смяялася. Але мы ў чымсьці падобныя — цяжкае дзяцінства, не давяраем людзям і не ўсіх блізка падпускаем. І любім любых сабак (акрамя агрэсіўных).

Памятаю, як першыя ночы ты мяне лізаў у твар — і я прачыналася. У гэтым было столькі ўдзячнасці. Потым я адвучыла цябе лізаць мяне, а ты адрываўся на іншых людзях, якіх пераставаў баяцца.

Мне шкада, што першыя месяцы я мала надзяляла табе ўвагі праз працу, кнігі пра сабак і ад’езды. Памятаю твой страх гуку грузавых цягнікоў — ад яго скокаў на шафу і дзверы. Ты хутка навучыўся хадзіць побач, чакаць мяне да вечара.

Праз цябе я нарэшце з’ехала ад маці, вы занадта адно аднаго баяліся. І ў нас пачалося новае жыццё з нашым любімым паркам. Яшчэ прыгадваю, як ты «ахоўваў» тэрыторыю лецішча ў нашы рэдкія заезды, я злавалася ад твайго брэху.

Мне вельмі шкада, што мы з табой больш не пабачымся (табе ў ліпені будзе 7 гадоў, а я буду ў палоне гадоў 7-8). Я адчуваю віну, што не ўберагла сябе для цябе, што змагла прысвяціць табе нават менш за 5 гадоў.

Шкада, што ты/мы больш не пабачым Ральфа, Барэз і іншых нашых любімых сабак на раёне. Але я веру і давяраю людзям і сабакам, якія цяпер раздзяляюць тваё новае жыццё. Іранічна, што пры тваім дваровым і прытулкавым паходжанні (якім я заўжды ганарылася), ты апынуўся на прарадзіме сабак, да якіх ты падобны — багемскіх аўчарак (гэта вынаходніцтва Анэль).

Шчасце сабак у тым, каб радаваць свайго чалавека. Прабач, што гэта больш не я.

Я спадзяваюся, што рэшта твайго жыцця пройдзе спакойна і радасна. Бо на сваім жыцці я ўжо паставіла пакутлівы крыж. На развітанне (у апраўданне) я хачу табе нешта распавесці пра дзень нашай апошняй сустрэчы, 28.10.2022.

Праз 30 хв, як я выйшла з дома ў 15.30, я стаяла ў калідоры на вуліцы Рэвалюцыйная, 3, шырока расставіўшы ногі і ілбом у сцяну (гэта называецца «ластаўка»), акрамя ўдараў у спіну і гуку электрашокера мне сказалі, што цябе ім прыйдзецца забіць — Мікалай Талкачоў «не хацеў рызыкаваць сваімі людзьмі».

Але потым нібыта амапаўцы прапанавалі іншы варыянт — даць мне 20 секунд, каб загнаць цябе ў душавы пакой. Я плакала і баялася, па лесвіцы са мной ішлі людзі з аўтаматамі.

Перад дзвярыма мне парасцягалі кайданы з-за спіны — перад тулавам. Рукі трэсліся, калі я адчыняла дзверы. Глыбокае дыханне толькі трошкі дапамагло, я чакала, што ты адразу адчуеш небяспеку ў прысутнасці злых людзей, але ты выйшаў у калідор да мяне і радасна махаў хвастом.

У кайданках я нават не магла ўзяць цябе за ашыйнік — проста адчыніла дзверы ў душ і стала прасіць цябе зайсці туды.

Ты нічога не разумеў — я амаль ніколі не заганяла цябе ў гэты малы для тваіх памераў пакойчык. У адчаі я крыкнула на цябе і нагамі запіхнула ў душ. Амапаўцы заблакавалі дзверы крэслам з кухні, бо ты рыкаў і скакаў на дзверы ў вузкай прасторы.

Падчас «агляду» без майго дазволу кнігі і паперы кідалі на тваю ляжанку і міскі, а я нерухома сядзела на канапе ў поўнай апатыі.

Перад сыходам я доўга прасіла, каб далі цябе вызваліць. Цяпер кепска памятаю, што менавіта я казала табе на развітанне, але дакладна папярэдзіла, што сыходжу надоўга. На лесвіцы заплакала. А далей табе лепш не ведаць, што было/будзе са мной.

Бывай, дарагі сабака. Ты — самае дарагое, што ў мяне было ў жыцці. Я буду любіць цябе заўжды.»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(23)