Наста Дашкевіч: «Усё, што адбываецца цяпер у Беларусі, гэта не палітычны крызіс. Гэта гуманітарная катастрофа»

Жонка арыштаванага на 20 сутак за «Курапацкую варту» Змітра Дашкевіча — пра правілы ў ізалятары для «палітычных».

Зміцер Дашкевіч. Фота Наша Нiва

— Апавяданні пра здзекі ў Жодзіна, Акрэсціна, цяпер і ў ізалятары на Скарыны становяцца часткай нашага штодзённага жыцця, — піша Наста Дашкевіч. — Ненармальнае і нечалавечае нам хочуць выдаць за новую рэчаіснасць, узаконіць незаконнае.

У нашай краіне прасцей быць алкаголікам і дэбашырам, чалавекам, які б’е сваю жонку ці заводзіць бойкі ў грамадскіх месцам, чым чалавекам з перакананнямі.

У ІЧУ на Скарыны з’явіліся падвоеныя правілы для людзей, якіх арыштоўваюць па адміністрацыйных артыкулах аб пікетах. Страшныя людзі: тое сэрцайка ў акне павесяць, а можа і горш — чысты белы аркуш паперы, альбо ў Курапатах (!) расказваюць пра Курапаты. Злачынцы, карацей.

Іх мала проста затрымаць. Мала проста арыштаваць і ізаляваць ад працы і дзяцей. Іх трэба трымаць у турмах, дзе для такіх, як яны (!) ёсць свае парадкі.

Калі каротка: людзей у камеры больш, чым спальных месцаў. Матрасаў няма. Бялізны няма. Ацяплення няма. Вокны свішчаць. Цёплых рэчаў няма, бо перадачы затрыманым не ўзялі.

Зьміцер за выходныя памяняў тры камеры. У першай спалі на падлозе з іншымі затрыманымі — спінамі адзін да аднаго, каб хоць неяк было цяплей. Чалавек, які выйшаў з гэтай камеры ў панядзелак, сказаў мне, што сінімі прачыналіся ўночы ад холаду. Надвор’е бачылі? А цяпер усё тое ж ды яшчэ без ацяплення і цёплых рэчаў.

У суботу чатырох «палітычных» хлапцоў перавялі ў двухмясцовую камеру, дзе сіфоніла з незачыненага акна. Нагадаю, што ні коўдраў, ні матрацаў такім людзям цяпер не паложана. Цёплых рэчаў усё яшчэ няма.

У ноч на нядзелю ад холаду чатыры разы падымаліся самі, каб, прысядаючы і адціскаючыся, можна было хоць троху разагрэць цела. А яшчэ двойчы прачыналіся ад пазачарговых праверак у 23 гадзіны і ў 2 альбо 3 ночы. Трэба было пашыхтавацца і, мяркую, прадставіцца. І праўда, можа, дзенуцца куды гэтыя вязні праз прыадчыненыя-та вокны.

І самае ж што, ведаеце, як яны адрэагавалі, калі Зьміцер распавёў пра гэтыя начныя праверкі ў судзе? Яны смяюцца. Смяюцца і здзекліва дадаюць,што праверак мала, а трэба было б дадаць яшчэ ў 4!

Чалавек скардзіцца на кепскі фізічны стан з-за недасыпаў, выглядае стомленым, а з яго рагочуць, што мала, мала адыграліся яшчэ! Раней апраўдваліся з-за загадаў зверху, а зараз, глядзіш, і спадабалася.

Увечары нядзелі хлопцаў перавялі ў чатырохмясцовую камеру, таксама без матрасаў і коўдраў. Я думаю, не варта казаць, як баляць косткі ад сну на дошках на падлозе. Яшчэ відаць і дзякаваць трэба, што дошкі-та, а не бетон. У ноч на панядзелак да іх чацьвярых дадалі яшчэ чатыры чалавекі. Камера, нагадаю ўсё тая ж, на чатыры месцы. Але калі спальных месцаў няма, дык чаму б не запхнуць туды ўсіх васьмярых?

Бо ў іншых камерах жа нармальныя ўмовы, туды няможна. Там сядзяць нармальныя хуліганы, дэбашыры, людзі, што былі п’янымі ў грамадскіх месцах. У іх ёсць коўдра і матрасы, бялізна і падушкі. Да іх няможна.

Яшчэ ў студзені такой дзічы на Скарыны не было. І мне хацелася верыць, што можна застацца чалавекам у гэтай сістэме. Цяжка, але можна. Гэта вера да канца не забіта. Думаю, не забіта і ў Зьмітра. Бо сукамернікі расказвалі, як ён спрабуе дабрацца да іх сумлення.  Бяспынна гаворыць, што яны ўдзельнічаюць у катаванні людзей. Стварылі гета для палітычных. ЦІ пачуе іх нехта там? Я не ведаю.

Апавяданні пра здзекі ў Жодзіна, Акрэсціна, цяпер і ў ізалятары на Скарыны становяцца часткай нашага штодзённага жыцця. Ненармальнае і нечалавечае нам хочуць выдаць за новую рэчаіснасць, узаконіць незаконнае. Пішуцца новыя правілы і інструкцыі і вешаюць ім у камеры, каб бачылі, што ім паложана, а што не. І быць чалавекам выходзіць ужо не паложана? Мець да сябе чалавечае стаўленне ўжо не ў новых інструкцыях? Не па правілах?

У часы нашых бабуль і дзядуль таксама пісаліся свае інструкцыі: якога колеру мусяць быць валасы і скура, якога паходжання мусіць быць чалавек. Здавалася, як можна ўсё гэта паўтарыць? Як можна чалавеку зноў адмовіць у ягонай Боскай сутнасці? Апынулася, што можна. І досыць хутка мы забываемся на ўрокі гісторыі. Усё, што адбываецца цяпер у Беларусі, гэта не палітычны крызіс. Гэта гуманітарная катастрофа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(61)