«Нашы сённяшнія пакуты ствараюць верагоднасць, што Лукашэнку-1 не зменіць Лукашэнка-2»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра пазітыўную ацэнку 2020 года.

– Я ўсё ж адыходзячы год, нягледзячы ні на што, ацэньваю пазітыўна, – напісаў Пашкевіч. – У ім шмат усякага-рознага сплялося, шмат беларусаў бязвінна пацярпела і працягвае цярпець, нехта ляжыць і ў сырой зямлі. Але нам трэба праз гэта прайсці, і добра, што мы пачалі праходзіць.

Церпім сёння – што важна, у большасці выпадкаў усвядомлена, па ўласнаму выбару – дзеля шчаслівейшай будучыні. Бо ёсць народная мудрасць: «Што лёгка набылося, тое гэтак і збылося». Якая вельмі часта спраўджваецца.

Некалькі месяцаў таму ў нашым раённым чаціку адзін з ягоных удзельнікаў пры спантанным абмеркаванні пытання бел-чырвонага сцяга выказаў, відаць, усвядомленую нядаўна, а можа і проста ў той момант ісціну:

«И знаете что – в 1991 мы его очень легко получили, не оценили, а потому в 1995 так легко и потеряли. А сейчас мы его выстрадали на своих спинах, и теперь уже точно никому не отдадим!»

Падобным чынам мы выпакутваем сёння на сваіх спінах, праз уласны досвед, і разуменне іншых, не менш важных ісцін:

– таго, што Канстытуцыя і законы не мусяць быць пустой паперкай;

– што нельга лёс усяго народа і свой уласны аддаваць на волю аднаго чалавека;

– што падзел уладаў і незалежнасць іх адна ад адной - прынцып, надзвычай важны для камфортнага і справядлівага жыцця ў краіне;

– што рэфармаванне сілавых структур і судовай сістэмы і іх чыстка - задачы першачарговай, а не другаснай важнасці;

– што неабходная змена і ў пенітэнцыярнай сістэме, бо цяперашнія парадкі - здзек над асобай і катаванні. І ўвогуле трэба гуманізаваць заканадаўства;

– што правы чалавека – гэта не цацка, з якой носяцца праваабаронцы, а рэч абсалютна першачарговая...

І гэтак далей, і да таго падобнае, можна пісаць бясконца.

Нашы сённяшнія пакуты, і індывідуальныя, і калектыўныя, не даюць гарантыі, але ствараюць куды большую верагоднасць, што змены ў нашай краіне, якія непазбежныя, будуць якаснымі. І Лукашэнку-1 не зменіць Лукашэнка-2.

Бо Лукашэнкі пад любымі нумарамі з'яўляюцца там, дзе на іх ёсць грамадскае запатрабаванне. У нас, я ўпэўнены, доўга не будзе. І дзеля гэтага варта пацярпець.

Гончарик: В 2021 году мы увидим смену власти

Елисеев: Главный итог прошлого года – разрушение мифа про большинство за Лукашенко

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(81)