Скандалы

Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

«Наша Ніва»: Юрыя Чыжа выпусцілі пад хатні арышт. Юрысты абверглі гэтую інфармацыю (абноўлена)

Як стала вядома «Нашай Ніве», Юрый Чыж, якога арыштоўвалі ў сакавіку 2021 года, знаходзіцца пад хатнім арыштам. Пра гэта паведамілі дзве не звязаныя між сабой крыніцы.

Пасля публікацыі навіны пра Чыжа з рэдакцыяй «Нашай Нівы» звязаліся юрысты «Ракаўскага бровара» і «Трайпла».

— Мы не даём ніякіх каментароў з нагоды затрымання Юрыя Аляксандравіча. Адзінае, што можам сказаць, — на гэты момант ён пад хатні арышт не адпушчаны, — пераконваюць яны.

Юрый Чыж, фота Сяргея Гудзіліна

Цяпер Чыж жыве аточаны недабразычліўцамі і не падтрымлівае кантактаў не толькі з колішнімі сябрамі, але нават з некаторымі кроўнымі сваякамі.

Юрый Чыж — апальны бізнэсмен, некалі блізкі да ўлады, які стаў ахвярай інтрыг іншых царадворцаў.

Яго затрымлівалі ў сакавіку па вяртанні з Масквы.

Разам з Чыжом былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнэсмена пасля разгрому яго імперыі.

Прэтэнзіі ў сілавікоў узніклі да топ-менеджмента «Кварцкрэйдапрама» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала крэйдай бярозаўскі завод па вырабе будматэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Таксама нібыта затрыманы хтосьці з кіраўнікоў «Данпрада» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.

Нарэшце, прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які паспяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры з якіх знаходзяцца ў Мінску, чатыры месяцы таму забралі ліцэнзію на продаж паліва.

Як вядома «Нашай Ніве», сэнс справы перагукваецца з ранейшай крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду. Але як можна меркаваць, рахунак яму выставілі немалы і расцягнуты ў часе. Станам на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнэс-партнёрам, якія спаганялі з Чыжа даўгі праз суд.

Але Чыж па абавязацельствах нібыта не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнэсы прыносілі грошы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(10)