Общество
Анастасія Зелянкова

“Наша Ніва” выдала “Нацыянальных герояў Беларусі”

Постэр з выявай Янкі Купалы стаў першым у серыі “Нацыянальныя героі Беларусі”, які нядаўна выйшаў у выдавецтве “Нашай Нівы”. У бліжэйшы час гэтую калекцыю папоўняць Васіль Быкаў, Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас і іншыя слынныя сыны і дочкі нашай Бацькаўшчыны.

— На сустрэчах да нас неаднаразова звярталіся чытачы з просьбай выпусціць плакаты з выявамі выбітных дзеячаў Беларусі, — расказаў “Салідарнасці” шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько. — Людзі распавядалі, што хацелі б павесіць гэтыя партрэты ў сябе на працы, дома, у школах. І мы сур’ёзна над гэтым задумаліся. Яшчэ здаўна ў многіх беларускіх хатах віселі партрэты Купалы, Коласа. Вось мы і вырашылі падтрымаць гэтую добрую традыцыю.

Першым у серыі “Нацыянальныя героі Беларусі” стаў менавіта Янка Купала — гэткім чынам “Наша Ніва” адзначыла 125-гадовы юбілей беларускага песняра. У хуткім часе з’явяцца постэры з выявай Васіля Быкава, Кастуся Каліноўскага і іншых “герояў Беларусі”.

Гэта толькі невялікая частка з таго, што выходзіць сёння з друкарні “Нашай Нівы”. Апошнім часам яна актывізавала сваю дзейнасць. З’явілася шмат новых кніг, сярод якіх зборнік жаночых апавяданняў “Жанчыны выходзіць з-пад кантролю”, мужчынская проза “Паветраны шар”, “Лісты з лесу” Паўла Севярынца, філасофскае эсэ Пятра Рудкоўскага, кніга пра падзеі на Кастрычнікай плошчы “Застаёмся!”. Большасць з гэтых твораў былі надрукаваныя на старонках газеты “Наша Ніва”. У планах выдавецтва — кніга мемуараў Валянціна Тараса, кулінарны зборнік адроджанай нацыянальнай кухні Алеся Белага “Наша страва” і шмат чаго яшчэ.

— Выхадам гэтых кніг мы вырашылі ўганараваць стагоддзе нашай газеты, — адзначае Андрэй Дынько. — Некаторыя ў свой юбілей ладзяць банкеты, замаўляюць рэстараны, мы ж выдаем кнігі. Думаю, чытач гэта ацэніць.

Каб набыць постэр з выявай Янкі Купалы, звяртайцеся на plakat@biz.by, у кнігарні або да кнігараспаўсюднікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)