Политика
Мікола Чарняўскі

«Наша Ніва» на працягу тыдня атрымала два папярэджанні ад Мінінфармацыі

У загалоўках артыкулаў, у якіх былі знойдзеныя «парушэнні», фігуруе «Хросны бацька». Абодва папярэджанні непасрэдна тычацца нумару «Нашай Нівы», які чытачы ў кіёсках «Белсаюздруку» не знайшлі. «Салідарнасць» задаецца пытаннем: ці атрымае цяпер папярэджанне «Советская Белоруссия»?

Як паведамляе «Наша нiва», у папярэджанні, датаваным 22 ліпеня, Мінінфармацыі вінаваціць газету ў распаўсюдзе звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Падставай для абвінавачання стаў загаловак «Хросны бацька сканфіскаваў» («НН» № 26).

– Паводле артыкула 244 Грамадзянскага кодэкса РБ канфіскацыяй з’яўляецца безвыплатнае выманне маёмасці ва ўласніка ў выглядзе санкцыі за здзейсненае злачынства ці іншае правапарушэнне, — адзначае Мінінфармацыі.

Далей прадстаўнікі міністэрства спасылаюцца на інфармацыю РУП «Белсаюздрук» аб тым, што наклад «НН» № 25 ад 7 ліпеня 2010 г. «быў накіраваны для рэалізацыі ў гандлёвыя аб’екты прадпрыемства». Адпаведна, лічыць Мінінфармацыі, «канфіскацыя выдання не ажыццяўлялася».

Інфармацыя, змешчаная ў артыкуле «Хросны бацька сканфіскаваў», як адзначаецца ў лісце за подпісам міністра Алега Праляскоўскага, «можа нанесці шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, паколькі скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы з сродкамі масавай інфармацыі».

Адзначым, што заява Мінінфармацыі «канфіскацыя выдання не ажыццяўлялася» гучыць даволі дзіўна, бо міністэрства не дало адказу, куды ж усёткі падзелася частка накладу «Нашай Нівы», якая павінна была трапіць у кіёскі – большасць чытачоў па ўсёй краіне нумар з «Хросным бацькам» знайсці так і не змагла.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» звярталася ў абласныя «Белсаюздрукі», але атрымоўвала там розныя адказы. Нехта казаў, што нумар паступіў у продаж, нехта казаў, што апошні нумар да іх не паступіў .

Другое папярэджанне, датаванае 26 ліпеня, тычыцца артыкула «БРСМ рэкламуе фільм «Хросны бацька», змешчанага ў «НН» № 25.

– Згодна інфармацыі грамадскага аб’яднання „Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі“ актывістамі згаданага аб’яднання 6 ліпеня ў г. Мінску была зладжаная акцыя, зместам якой не з’яўлялася рэклама згаданага фільма, — адзначаецца ў лісце.

Адпаведна, лічаць у Мінінфармацыі, «апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы».

Адзначым, што і гэта абгрунтаванне папярэджання выглядае дзіўным. У згаданым артыкуле чорным па беламу было напісана: «БРСМ пратэставаў супраць НТВ».

– Фактычна журналістам адмаўляюць у праве на ўжыванне вобразных сродкаў, — заявіў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко. — На маю думку, папярэджанні маюць выключна фармальны характар, і мы будзем іх аспрэчваць у судзе.

Цяпер на рахунку «НН» ужо тры папярэджанні, вынесеныя цягам аднаго года: першае газета атрымала за публікацыю «Замоўчванне грыпу выклікала эпідэмію панікі». Паводле закона «Аб СМІ», звярнуцца ў суд з зыскам аб спыненні выпуску СМІ Мінінфармацыі (альбо пракурор) можа нават пасля 2 папярэджанняў.

Пасля апошніх папярэджанняў міністэрства «Нашай Ніве» варта ўзгадаць артыкул газеты «Советская Белоруссия – Беларусь сегодня» пад назвай «Отравители эфира». У прыватнасці, там сцвярджаецца, што:

– «Ярким молодежным перформансом выражено отношение к обнаглевшему и потерявшему всякое представление о чести телеканалу»

– «По мнению активистов БРСМ, эфирный продукт НТВ не отличается по своей сути от содержимого любой мусорки»

У гэтай сітуацыі лагічна задацца наступными пытаннямі. Ці лічаць у Мінінфармацыі, што «апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы»? Ці атрымае газета «Советская Белоруссия – Беларусь сегодня» услед за «Нашай Нівай» папярэджанне?

Чытайце таксама: Топ-7 атак на газеты из-за статей о Лукашенко.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)