Сяргей Гезгала, Наша Ніва
«Наша Ніва»: МУС — на баку рэстаратараў «Паедзем паядзім»

На пратэстоўцаў склалі ўжо больш за 50 пратаколаў.

Фота spring96.org

Стаўленне ўладаў Рэспублікі Беларусь да той ці іншай з'явы можна вызначыць па дзеяннях, якія яны прадпрымаюць. У выпадку пратэстаў супраць «Паедзем паядзім» фактам сталі 52 пратаколы аб правапарушэннях, складзеныя на пратэстоўцаў, якія спрабуюць блакаваць праезд наведнікаў да рэстарана.

Нагадаем, што міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў: «Ёсць рашэнне ўлады аб выдачы зямлі ўстанове, ёсць сама ўстанова, ёсць грамадскі парадак», — хоць і ўхіліўся ад прамога адказу на пытанне, як будуць дзейнічаць ягоныя падначаленыя.

Пратэстоўцаў не разганяюць, але спрабуюць выдушыць з пляцоўкі штрафамі.

Сярод людзей, на якіх склалі пратаколы, палітык Павел Севярынец (11 пратаколаў), жыхар Лагойска Дзяніс Урбановіч (7 пратаколаў), жыхарка Мінска Наталля Гарачка (6 пратаколаў). Іншыя «запратакаляваныя» — палітыкі Алесь Лагвінец, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, жыхар Вілейкі Аляксей Сюдак, жыхары Мінска Юрась Чавусаў, Алесь Таўстыка, Леанід Кулакоў, Валер Рабцаў, Дзяніс Краўчук, Мая Навумава, Кацярына Андрэева, Сяргей Анянкоў, Алег Корбан, Анатоль Мірашнічэнка, Зміцер Казаковіч, Віталь Паўлаў, Алесь Туровіч, Яўген Батура, Дзяніс Садоўскі, Вольга Нікалайчык ды іншыя. Усе гэтыя захады фіксуюць праваабаронцы-вясноўцы.

Пратаколы складаліся па артыкулах 17.1 (дробнае хуліганства), 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы), 18.34 КаАП (знаходжанне на праезнай частцы), 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ды іншых.

Зямлю пад забаўляльны цэнтр ля МКАДа каля месца масавых расстрэлаў грамадзян у 1937—1941 гадах Мінскі райвыканкам выдзеліў у канцы 2000-х.

У 2012 намеснік генпракурора рэкамендаваў уладам Мінскага раёна і вобласці спыніць будаўніцтва і ўказваў на парушэнні пры выдзяленні зямлі, але кіраўнікі Мінскай вобласці праігнаравалі гэты зварот.

Наадварот, пры міністру Святлове Міністэрства культуры зацвердзіла такія межы ахоўных зон вакол Курапат, пры якіх рэстаран мог заставацца стаяць.

Збудаваны рэстаран назвалі спачатку «Бульбаш-холам», але ў выніку грамадскіх пратэстаў так і не адкрылі, ён прастаяў 4 гады пустым. Новая спроба адкрыць яго адбылася гэтым летам. Праціўнікі гэтага дзяжураць на пляцоўцы каля забаўляльнага цэнтра, інфармуюць людзей пра Курапаты і блакуюць браму комплексу. Яны таксама спрабавалі крыжамі заблакаваць палявы пад’езд да месца забаў.

У Курапацкім лесе у брацкіх магілах ляжаць парэшткі дзясяткаў тысяч людзей, расстраляных саветамі.

Людзі патрабуюць перанесці ці перапрафіляваць будынкі «Паедзем паядзім». З асуджэннем адкрыцця рэстарана выступілі шматлікія інтэлектуалы і грамадская дзеячы — ад Святланы Алексіевіч да Мікалая Чаргінца і Вячаслава Кебіча.

З імі салідарызаваліся бізнэсоўцы Юрый Зісер і Віктар Пракапеня. Аднак улады пакуль не зрабілі ніякіх крокаў па праверцы законнасці выдзяленні пляцу пад забудову.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)