Политика
Юлія Аляксандрава

«Нас забіваюць. І вас усіх таксама»

Цікавасць уладаў да незалежных журналістаў набірае абароты. Новая крымінальная справа была ўзбуджаная за каментары да перадрукаванага артыкула «Советской Белоруссии». «Гэты наступ на незалежную журналістыку адбываецца напярэдадні вялікай палітычнай кампаніі», – лічаць журналісты і мяркуюць: «Можа, следчыя лічаць, што паміж серыямі апошняга сезона «Доктара Хауса» ці ў цітрах ёсць нейкія зашыфраваныя файлы»…

Напярэдадні шэф-рэдактара «Народнай волі» Святлану Калінкіну, намесніцу рэдактара «Народнай волі» Марыну Коктыш, журналістку сайта «Хартыя-97» Наталлю Радзіну і карэспандэнта «Новой газеты» Ірыну Халіп азнаёмілі з вынікамі працы экспертаў з адабранымі ў журналістак кампь’ютэрамі.

– Добрых навінаў няма, – пачала свой аповяд Святлана Калінкіна. – Але з другога боку ёсць. У маіх камп’ютарах сапраўды знайшлі матэрыялы са словам Корж. Але гэта былі адрасы Мінска, дзе ёсць вуліца і завулкі Каржанеўскага, і агульнадаступны тэлефонны даведнік. Ніякіх іншых матэрыялаў, у якіх былі б прозвішчы Каржа, Дудкіна, Бузека і нават слова дыктатура, у маім камп’ютэры не было. Але следства працягваецца. Кампь’ютэры, флэш-карты і астатнія забраныя рэчы застаюцца там. Нават тыя, якія не могуць мець ніякага дачынення да справы: напрыклад, ноутбук, набыты праз тры месяцы пасля падзей, якія нібыта даследуюць зараз. Лічу, што ўсё гэта проста падстава, каб націснуць на мяне і маіх калег, якія працуюць над досыць гучнымі тэмамі, каб, магчыма, дыскрэдытаваць, паколькі зараз вядзецца пошук асабістай інфармацыі. Гэты наступ на незалежную журналістыку адбываецца напярэдадні вялікай палітычнай кампаніі. Думаю, што толькі нашая агульная салідарнасць можа спыніць гэты наступ.

На паўторную экспертызу адправілі і рэчы Марыны Коктыш.

– Адправілі нават дыск з серыялам «Доктар Хаус», які мне запісаў калега, – кажа журналіст. – Можа, следчыя лічаць, што паміж серыямі апошняга сезона ці ў цітрах ёсць нейкія зашыфраваныя файлы. Яшчэ адна не вельмі добрая навіна. Учора ўвечары мяне запрасілі на размову з прадстаўніком асабістай бяспекі МУС. Прадстаўнік гэтага аддзела паведаміў мне, што ім быў перададзены дыск, запісаны падчас ператруса ў маёй кватэры. На відэа знятыя паперкі са статыстычнымі дадзенымі, якія датычацца органаў ўнутраных спраў, кшталту таго, дзе колькі не хапае ўчастковых і г.д. Пасля даследвання гэтых папер высветлілася, што яны знаходзяцца пад грыфам сакрэтнасці. Адпаведна, была ўзбуджаная праверка, адкуль у мяне з’явілася такая інфармацыя, і хто з супрацоўнікаў МУС мог яе здаць. Я заявіла пра тое, што расцэньваю гэта як ціск на журналіста. Пасля, калі мяне выводзілі з будынку МУС, супрацоўнік сказаў: «Не думайце, што гэта МУС хоча на Вас ціснуць. Вы і самі цудоўна ведаеце, чыімі рукамі ўсё гэта робіцца».

Аднак усё гэта – толькі пачатак, лічаць журналісты.

– Я б хацела ў першую чаргу падзякаваць следчаму Пусеву ды іншым, – упэўнена сказала Ірына Халіп. – Учора ўсе Гюльчатаі раскрыліся, і мы зразумелі, што ніякай крымінальнай справы няма, ніякага Каржа няма ў прыродзе. Усё гэта выдумка, ды і не самая ўдалая. Пад дахам усіх гэты прыдуманых імёнаў, паперак з крымінальнымі справамі ідзе вайна на знішчэнне журналістаў і незалежных сайтаў. Нас забіваюць. Сёння гэта робяць прафесіянальна, маральна, а калі мы нічога не будзем рабіць, напэўна, заўтра нас пачнуць знішчаць ужо фізічна. І вас усіх таксама. Таму што… Вось такія цікавыя часы ў нас наступаюць. Мы можам разлічваць толькі на сябе. Якая можа быць свабода слова, калі Захаду патрэбна толькі, каб газ без перашкодаў праходзіў праз трубу. Я не заклікаю рабіць рэвалюцыю, але лягу касцьмі за сваё права казаць праўду! Хаця я спадзяюся, што мы зможам перамагчы без чалавечых ахвяраў.

Паводле намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, «калі паглядзець на тое, што адбываецца, з пункту гледжання права, можна ўбачыць вельмі дзіўную рэч»:

– Усё гэта справа пра паклёп. Ці ўзгадаеце вы хоць адзін выпадак, калі праводзіліся такія масавыя дзеянні па заяве якога-небудзь грамадзяніна, які лічыць сябе пацярпелым ад паклёпа. А тут задзейнічаны ўвесь апарат! Апрача таго адбываецца спроба ўвайсці ў таямніцу асабістага жыцця, таго, што ахоўваецца канстытуцыяй, заканадаўствам. Да таго ж гэтае ўмяшальніцтва адбываецца ў дачыненні не да падазроных ці абвінавачваемых, а да сведкаў! Гэта ганебная старонка беларускай праваахоўнай сістэмы.

Аднак адной крымінальнай справай гэтая гісторыя не абмяжоўваецца. Яшчэ адна справа ўзбуджаная супраць сайта «Хартыя’97».

– Па ключавых словах звязаных з Каржом нічога не было, аднак было знойдзена шмат файлаў са словамі “дыктатура”, “Еўрапарламент”, “Ежы Бузек”, – распавядае Наталля Радзіна. – Следчыя цікавіліся тым, адкуль ідзе адміністраванне сайта «Хартыя’97». Нягледзячы на мае словы пра тое, што сайт зарэгістраваны ў ЗША, і адміністраванне праходзіць там, мне была ўручаная пастанова з рашэннем адкрыць усе мае кантакты і перапіскі праз skype, qip і пошту. Мяркую, што ўлады рыхтуюцца да 1 ліпеня, калі пачне дзейнічаць закон пра рэгуляванне інтэрнэта.

Магчыма, гэта робіцца не толькі для таго, каб уздзейнічаць на папулярны рэсурс, якога баяцца ўлады, але і каб арыштаваць журналістаў, якія на яго працуюць. Апрача таго, сёння ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа па факце змяшчэння каментарыяў на сайце «Хартыя’97» да артыкула, перадрукаванага з газеты «Советская Белоруссия» пад загалоўкам «Ізноў 37-ы». Гаворка ідзе пра артыкул, напісаны былым афганцам, у якім зневажаюцца паважаныя людзі, якія служылі ў Афгане, а зараз з’яўляюцца палітзняволенымі: Аўтуховіч, Волчак… Прэтэнзій да артыкула, канешне, не было. Затое былі прэтэнзіі да каментароў. Сведкамі па гэта справе праходзяць Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі – сустаршыні камітэта па стварэнні арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане. Напэўна, пакрыўджаны аўтар артыкула падумаў, што менавіта яны пісалі больш за сотню каментароў на сайце.

Відавочна, што ўсё гэта ціск напярэдадні прэзідэнтскіх выбараў. Хаця такога мы не адчувалі яшчэ ні перад аднымі выбарамі. Абсалютна відавочна, што ўлады непакоіць вялікая мабілізацыя людзей ў інтэрнэце. Нагадваю, што мы жывем у краіне, дзе за надрукаваныя артыкулы журналісты сядзелі, дзе забітыя журналісты Зміцер Завадскі і Вераніка Чаркасава. Чаго чакае Еўропа? Магчыма, таго, што нас чацвярых заб’юць?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)