Общество

«Нас разьдзявалі дагала некалькі разоў на дзень». Пэдагог зь Менску расказала пра катаваньні падчас затрыманьня

З магілёўскага ІЧУ вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе 62-гадовую Аляксандру Шастакову, пэдагога зь Менску. Яе абвінавачваюць па 369 артыкуле Крымінальнага кодэксу (зьнявага прадстаўніка ўлады) за камэнтар пад адным з пастоў у фэйсбуку, піша Радыё Свабода.

Аляксандра Шастакова — карэнная мянчанка, на пэнсіі. Цяпер працуе пэдагогам дадатковай адукацыі, вядзе дзіцячую студыю акторскага майстэрства «Хачу на сцэну». У кастрычніку мінулага году брала ўдзел у відэазвароце «Сумленныя настаўнікі Беларусі супраць гвалту». За ўдзел у маршы пэнсіянэраў яе аштрафавалі на 30 базавых.

Пасьля вызваленьня з магілёўскага ізалятара Аляксандра ўчора да трэцяй гадзіны ночы і сёньня ад шостай раніцы адказвала на камэнтары, паведамленьні і тэлефанаваньні знаёмых і незнаёмых ёй людзей.

— Мяне падтрымлівалі бацькі вучняў майго мужа, якога няма ўжо больш як два гады, бацькі маіх вучняў, якія ў выпадку, калі мяне звольняць, гатовыя наняць памяшканьне, каб я далей працавала, — кажа Аляксандра. — Учора гэта мяне расчуліла да сьлёз. Гэта людзі, якія трымалі сувязь з маімі сынамі, пыталіся, што са мной і дзе я.

Мне нават неяк няёмка, бо я не народны герой, але быў шквал перажываньняў, пастоў. Гэта вельмі грэе і дапамагае перажыць тое, што я перажыла гэтыя тры дні.

Што здарылася?

5 красавіка на кватэры Аляксандры Шастаковай супрацоўнікі крымінальнага вышуку зрабілі з санкцыі пракурора вобшук. Спадарыня Аляксандра праходзіла сьведкай па крымінальнай справе, пачатай у Магілёве, за камэнтар пад пастом пра міліцыянта, які зьбіў лекара.

Яна нават ня памятае той пост у лістападзе. Ёй паказалі скрыншот, дзе яе камэнтар з аднаго слова «тварь» ідзе пасьля нецэнзурнага камэнтара. Яна патлумачыла, што так рэагавала на нецэнзурны камэнтар.

Пасьля вобшуку ў жанчыны забралі кампутар і тэлефон.

— У іх была задача выняць «прылады злачынства». Для мяне балюча толькі адно, бо ў кампутары ёсьць папка «Мае песьні для Сашы», якія муж запісаў за два месяцы да сваёй сьмерці. Я яшчэ ня ведала, што ён памірае, а ён ужо ведаў. Ну, і мой дзёньнік, які я вяду пасьля яго сьмерці і яму прысьвячаю. У мяне валасы становяцца дыбарам, калі я разумею, што нехта чужы гэта глядзіць, чытае. Гэта нібы табе ў душу ўлезьлі з бруднымі нагамі.

9 красавіка ў 7.24 раніцы пазванілі ў дзьверы кватэры, зайшлі чатыры чалавекі з пастановай аб тым, каб даставіць Аляксандру ў Магілёў, дзе пачатая крымінальная справа па 369-м артыкуле за зьнявагу аднаго з супрацоўнікаў Ленінскага РУУС. Ёй сказалі, што яна праходзіць падазраванай і яе затрымліваюць на 72 гадзіны.

— Па мяне прыехалі цэлы палкоўнік, падпалкоўнік, нейкая дзяўчына, менскі апэратыўнік. Мне далі сабрацца, бо я яшчэ спала ў гэты час, — кажа жанчына.

У Магілёве Аляксандру дапыталі ў Сьледчым камітэце, потым адвезьлі ў РУУС у «обезьянник», дзе яна правяла 7 гадзін. Сюды ж даставілі яшчэ дзьвюх жанчын зь Менску, якія за камэнтары праходзяць па той самай справе і тым самым артыкуле.

— У нас бедная краіна. Але па мяне адправілі машыну з Магілёва, гэта больш за 400 кілямэтраў. Яшчэ дзьве мае сукамэрніцы таксама зь Менску, і па іх таксама адпраўлялі машыну. Гэта ж колькі грошай за бэнзін аддалі, каб нас, такіх «злачынцаў», даставіць і пасадзіць на трое сутак?

Апроч гэтага, нас агулам суправаджалі дзевяць чалавек, і кожнаму зь іх, відаць, плацілі камандзіровачныя. А там камэнтароў пад тым пастом, як мне сказалі, каля 400. Дык вось колькі грошай патраціць дзяржава, каб задаволіць некага пакрыўджанага, — кажа Аляксандра.

«Першую ноч нам наогул не далі спаць»

Паводле Аляксандры, дзьве яе сукамэрніцы, якіх забралі адразу пасьля ператрусу, былі ў шокавым стане. Адна зь іх маладзейшая за Аляксандру на тры гады, а другая на восем. Іх таксама вызвалілі ўчора раніцай.

— З нас там зьдзекаваліся. Я гэта расцэньваю як катаваньні. Нам надзявалі кайданкі, нас разьдзявалі дагала некалькі разоў на дзень, аглядалі нават нашу бялізну. У камэры мы спалі на голых дошках. Замест падушкі была двухлітровая бутэлька з вадой.

Нам не дазвалялі сядзець на нарах, дзе можна было прыхіліцца сьпінаю да сьцяны, толькі на лаўцы. Нас вадзілі на допыты і не давалі ўначы спаць, — кажа Аляксандра.

Аляксандра дзьве гадзіны правяла ў халодным аўтазаку, калі іх перавозілі з пастарунку ў ізалятар, бо прапусьціла наперад іншых дзьвюх жанчын.

— Калі вывелі з аўтазака, надзелі кайданкі. Мне адвакат прынёс 4 літры вады, і я з хворай сьпінай свае торбы несла перад сабой у руках з кайданкамі.

Потым прывялі ў пакой надгляду зь відэакамэрай, дзе прымусілі разьдзецца дагала, рукі за сьпінай скавалі кайданкамі. Я хвілін 20 стаяла так голая, пакуль яны ашчупвалі ўсё да бялізны, — кажа жанчына. — Першы дзень я была галодная.

Бутэрброды, якія былі з сабой, не дазволілі ўзяць у камэру, хоць дазволілі ўзяць ваду. Шакалядныя батончыкі, якія мне купіў адвакат у Магілёве, таксама ўзяць не дазволілі. Калі вада скончылася, нам давялося піць з-пад крана».

У камэру жанчына трапіла толькі каля дзясятай вечара.

— Мы толькі леглі на нары, на дошкі без матрацаў, як праз 10 хвілін сьвятло ўключылі. Праз пару гадзін адчынілі вакенца, і нам загадалі падысьці і назвацца.

Не пасьпелі легчы, празь дзьве гадзіны зноў загадалі падысьці да вакенца і назваць свае прозьвішчы. Прычым грукалі жалезам: «Устаць!», — кажа жанчына. — Потым зноў грукнулі, і нейкі юнак спытаўся: «Барышні, вам туалетка і мыла патрэбныя?» Паперу яны выдавалі, наматаўшы мэтры тры на руку, і штораз мы павінны былі яе прасіць. Я адказала, што я яму ня «барышня», а бабуля. То бок першую ноч нам наогул не далі спаць.

Паводле Аляксандры, у ІЧУ служаць розныя людзі, ёсьць садысты, а ёсьць тыя, хто спрабуе неяк аблягчыць пакуты тых, хто там апынуўся.

— На наступны дзень паднялі, прынесьлі анучу на швабры з хлёркай, каб мы памылі камэру. Хлёрка там ажно булькала на ёй. Мы памылі. Пад нарамі знайшлі новыя мужчынскія трусы, і мы іх выкарысталі, каб прыбраць у камэры, — кажа Аляксандра. — Потым зноў на надгляд. Рукі завялі за сьпіну, і нам праз вакенца надзелі кайданкі, вывелі ў калідор, загадалі стаць тварам да сьцяны, галаву ўніз.

Потым нас завялі ў калідорчык і зноў загадалі разьдзецца дагала. Пасьля сьняданку прыехаў нейкі супрацоўнік, мы зь ім пагутарылі пра перамены, пра ўсё. Я яму сказала, што не зьбіраюся хаваць свае погляды, што думаю, тое і кажу.

Перад абедам нас зноў павялі на надгляд, разьдзявалі дагала. Прычым там адчынілі балькон, і быў скразьняк. Я прасіла зачыніць, бо ў мяне хворая сьпіна. Адна дзяўчына зачыніла, а другая — не. Перад вячэрай зноў павялі на надгляд і зноў разьдзявалі.

Потым Аляксандру і іншых дзьвюх жанчын зь Менску перавялі ў суседнюю камэру, дзе яны правялі дзьве ночы.

— Гэтая камэра была пракураная настолькі, што нават мае сукамэрніцы, якія самі кураць, кашлялі. У мяне быў бронхаспазм, бо я не пераношу паху дыму. Я наглядчыкаў папярэдзіла, але мне сказалі, маўляў, калі будзе дрэнна, выклічам хуткую. Мы ўключылі ваду ў кране, каб зьбіць гэты пах. У камэры было вельмі брудна.

Сына затрымалі, яго аўтамабіль застаўся ў Магілёве

Сын Аляксандры Павал, які даведаўся, што маці вязуць у Магілёў, паехаў побач на сваім аўтамабілі.

— Прычым мы спыталі суправаджаючых, ці можна са мной паехаць, і яны дазволілі. Сын быў якраз на Магілёўскай шашы, бо адвозіў маю маці ў кляштар у Ляды. Ён пад’ехаў, пасыгналіў і памахаў рукой, — кажа Аляксандра. — У Магілёве Паўла затрымалі, маўляў, на машыне перабітыя нумары.

Сына трымалі ў тым жа РУУС, пакуль маці не перавялі ў ІЧУ. Але аўтамабіль не аддалі, пакінулі ў Магілёве нібыта для экспэртызы.

— Уявіце, ён вяртаўся бяз грошай, ня мог трапіць на працу, у яго трое дзяцей. Ня змог забраць бабулю з манастыра ў Лядах, яна дабіралася дадому з чужымі людзьмі. Пакуль была ў ІЧУ, уся трывога была за сына, — кажа Аляксандра. — Мяне папярэдзілі, што па маёй справе да суду будуць выклікаць на сьледчыя дзеяньні ў Магілёў, куды я мушу дабірацца сама, потым будзе суд.

«Камэнтар з аднаго слова, літаратурнага і біблейскага»

Да свайго перасьледу Аляксандра Шастакова ставіцца як да беззаконьня.

— Гэта проста сродак запалохваньня, дэмаралізацыі. Тое, што з намі адбывалася ў ІЧУ, — гэта катаваньні і прыніжэньне чалавечай годнасьці. Не было неабходнасьці нас затрымліваць, — кажа Аляксандра. — Раней ніхто б і ўвагі не зьвярнуў на гэты камэнтар з аднаго слова, дарэчы, літаратурнага і біблейскага. Ён бязадрасны, там не напісана імя, наогул нічога.

Аляксандра даглядае 82-гадовую маці і сястру-інваліда, але пры затрыманьні гэтага не ўлічылі.

— Мая маці прайшла падчас вайны нямецкі дзіцячы дом, у два з паловай гады апынулася там у гета ў Менску, яе згубілі падчас эвакуацыі. Яна ўсю вайну прабыла ў нямецкім дзіцячым доме, у яе бралі кроў. Таму ў мяне генэтычная памяць і загартоўка, — кажа Аляксандра. — Цяпер маці 82 гады, яна манахіня, служыць званаром у царкве. Калі яна такое вынесла, то і я вынесу таксама.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.2(50)