Аляксандр Класкоўскі, «Наша нiва»
Нас няма

Цікава трапіць іншым разам у паралельны сусвет. Так я апынуўся ў Інстытуце журналістыкі (былы журфак БДУ). Адзін штрых, каб вы мелі ўяўленне, што ўкладаюць у галовы студэнтам. Аказваецца, ім даводзяць, што ўся прэса ў Беларусі — дзяржаўная.

Прадстаўнікі незалежнай прэсы, мякка кажучы, не частыя госці ў дзяржаўнай кузні майстроў пяра (цяпер хутчэй — клавіятуры). Гэтым разам дзея адбывалася пад патранажам FOJO — шведскага інстытута павышэння кваліфікацыі журналістаў. Тэма круглага стала — прафесійная этыка. Удзельнічалі самі шведы, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў ды айчынных недзяржаўных СМІ, выкладчыкі і студэнты Інстытута журналістыкі.

На фінішы дыскусіі старшыня БАЖ Жанна Літвіна мусіла з горыччу канстатаваць: мы гаворым на розных мовах! Шведка Агнета Сёдэрберг-Якабсан з FOJO, канечне, паспела ўжо вывучыць спецыфіку беларускай інфармацыйнай прасторы — гэтага медыйнага Залюстроўя. Увогуле ж скандынавам цяжка ўехаць у нашы рэаліі, бо ў іх закон аб свабодзе друку працуе з 1776 года, і гэтым сказана ўсё.

Што ж да студэнтаў і выкладчыкаў айчыннага інстытута, то застаецца толькі шкадаваць, адчуўшы, у якія рамкі іх загналі (хаця не выключана, што камусьці менавіта так абсалютна камфортна). Натуральна, сумнявацца ў мудрасці медыйнай палітыкі кіроўных вярхоў — страшны ідэалагічны грэх. Галоўнае ж, як высветлілася, уся прэса ў нас — дзяржаўная, бо унесена ў нейкі там казённы рэестр.

Кангеніяльна! NGO таксама ў нейкім рэестры — дык што, лічыць іх недзяржаўнымі дзяржаўнымі арганізацыямі? Некаторыя, зрэшты, так і выглядаюць :), увогуле ж — аксюмаран, смажаны лёд.

Карацей, перафразуючы Акудовіча, нас — то бок незалежнай прэсы — няма. А калі так, то няма і праблемы.

І гэта не бяскрыўдная гульня ў паняцці. Такім чынам маскуецца сам факт беларускай медыйнай анамаліі: з аднаго боку — львіная доля СМІ ў падпарадкаванні дзяржапарату, у ролі прапагандысцкай абслугі, з іншага — купка загнаных на маргінэс недзяржаўных выданняў. Калі б не гэтая купка, то можна было б казаць пра татальнае захаванне рэліктавай бальшавіцкай мадэлі «партыйна-савецкай прэсы».

Каліва ж «нячэсных» выданняў таўкуць і ў хвост і ў грыву. Між тым дзяржаўны бок — гэта гучала і на першым пасяджэнні навастворанай грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы масавай інфармацыі — як суперпраблему падае адсутнасць нейкага адзінага этычнага кодэксу беларускіх журналістаў.

Сапраўды, у БАЖа свой кодэкс, у БСЖ, што аб'ядноўвае прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, — свой. Дарэчы, яшчэ болей суровы.

Але ці перашкодзіў той суровы кодэкс разгулу беспардоннага ідэалагічнага мачылава у падначаленых кіроўным вярхам медыях? А ці не квітнее іншы цяжкі прафесійны грэх — замоўчванне, скажэнне інфармацыі? Гэта — калі «крызісу ў краіне няма», а пасля оба-на-дэвальвацыі топ-навіной у тэлевізары цягам тыдня застаецца калядны хакейны турнір.

А ці ведаюць беларусы, колькі ўжо крэдытаў набраў урад, лапячы фінансавыя дзіркі? Высветлілася, што не ў тэме нават прасунутая аўдыторыя ўдзельнікаў круглага стала ў Інстытуце журналістыкі. Пытанне аўтара гэтых радкоў павісла ў паветры.

Што ж да сакавіцкага (пакуль што адзінага) пасяджэння рады па СМІ, то тады старшыня БАЖ Жанна Літвіна завастрыла увагу вось на чым: 13 недзяржаўных газет, якія сталі ахвярамі зачысткі перад выбарамі-2006, дасюль не рэабілітаваны, не вернуты ў нацыянальную сістэму распаўсюду. Дык мо' найперш гэта трэба вырашаць, а не рабіць штучны сінтэз кодэксаў?

Ну быў некалі ў СССР Маральны кодэкс будаўніка камунізму — і што? Ці стала таталітарная сістэма хоць на каліва болей чалавечнай?

Так і тут: гэта ўсё пустыя гульні, пакуль дзяржава заплюшчвае вочы на сістэмныя хібы ў пытаннях свабоды слова і прэсы.

Амаральны сам падзел журналістаў на «чэсных» і «нячэсных», уведзены самі-ведаеце-кім. Амаральнай ёсць эканамічная дыскрымінацыя. Амаральнай ёсць нарматыўна-прававая і судовая гульня ў адну браму супраць незалежных СМІ і журналістаў.

Звесці два кодэксы ў адзін — гэта ілюзорнае вырашэнне праблемы. Праблема не ў кодэксах, а ў палітыцы улад і, адпаведна, нездаровым, анамальным стане беларускай медыясферы. Пакуль з адных журналістаў будуць рабіць ідэалагічную абслугу, а іншых — заганяць на маргінэс, стан прафесійнай этыкі застанецца вартым жалю (дарэчы, зусім не ўзорна выглядаюць у гэтым сэнсе і недзяржаўныя СМІ).

Цывілізаванае вырашэнне медыйных праблем у нашай краіне мусіць ісці цераз дэманапалізацыю, раздзяржаўленне медыясферы, стварэнне паўнавартаснага канкурэнтнага рынку СМІ, грамадскага тэлебачання ды радыё.

Цікава, а як на журфаку тлумачаць той факт, што ў Швецыі зусім няма дзяржаўнай прэсы? Бедныя адсталыя скандынавы, не ведаюць шчасця беларускай мадэлі! :)

Увогуле любая этыка грунтуецца на свабодзе.

Я працытаваў студэнтам адзін са сваіх любімых афарызмаў. Дакладней, не сваіх :) — гэта Альбер Камю: «Свабодны друк можа быць добрым ці кепскім, гэта слушна. Але яшчэ болей слушна тое, што несвабодны друк бывае толькі кепскім».

Мусіць, болей мяне туды чытаць лекцыі не паклічуць :) Хіба што зноў прыляцяць шведы :)

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)