«Напэўна, гэта каханне, інакш так многа не атрымліваецца»

Алексіевіч зрабіла першы ўнёсак за кватэру для сямʼі з 6 дзецьмі.

«Я лічу, што кожны з нас мог бы выратаваць аднаго-двух чалавек. І гэта была б вялікая справа», — у Менску нобэлеўская ляўрэатка сустрэлася са шматдзетнай сямʼёй Любові і Васіля Равенкаў. Пра гісторыю маладых бацькоў са Слоніма Сьвятлана Алексіевіч даведалася з публікацыі на Радыё Свабода.

— Я атрымала вялікую прэмію. Лічу сваім абавязкам зрабіць, як у Бібліі — «дзясятую частку аддай», — сказала Сьвятлана Алексіевіч. — Адзінае, што я, па-першае, не люблю публічнасьці ў гэтай справе. А па-другое — гэта ж так шмат гора. Як пасьля спаць, калі табе будуць пісаць! Гэта невыносна.

Гэта далёка ня першы раз, калі Алексіевіч матэрыяльна дапамагае розным людзям.

— Бяды многа, мяне гора чалавечае прыцісьне. Але калі я пабачыла камэнтары (пад публікацыяй), я зразумела, што гэта павінна быць публічна, — тлумачыць яна, чаму гэтым разам сваю дапамогу вырашыла не хаваць.

— Мы такога не чакалі ніколі. Такія камэнтары былі пад артыкулам. Ня думалі, што нам нехта дапаможа, што такі чалавек знойдзецца, — Любоў і Васіль прыехалі са Слоніма разам зь дзецьмі.

Малодшаму трохі больш за два годзікі. Старэйшай — трынаццаць.

— Елізавета, Аляксандра, Кацярына, Даніл, Тацяна і малодшы Міхаіл, — называе Любоў імёны дзяцей.

— Якія імёны ў вас! Біблейскія, можна сказаць, — кажа Сьвятлана Алексіевіч.

Пра Равенкаў Радыё Свабода напісала 15 кастрычніка. Любоў распавядала пра сваё няпростае жыцьцё і пра тое, як з шасьцю дзецьмі яны дагэтуль жывуць на найманай кватэры. Каб зрабіць унёсак на ўласнае льготнае жытло, ім было трэба 3600 новых рублёў. Такіх грошай у сямʼі, дзе працуе адзін бацька, няма.

— Які ў вас заробак? — спыталася ў Васіля Сьвятлана.

— Чатыры з паловай — пяць мільёнаў, — адказвае мужчына, які працуе ў мясцовай гаспадарцы вэтэрынарам.

Любоў атрымлівае 280 дэнамінаваных рублёў дапамогі на малодшага сына, якому яшчэ няма трох.

— На ўсіх іншых пяць дзяцей разам яшчэ даюць 82 рублі, — дадае Васіль.

— Як жа цяпер пражыць на чатыры мільёны з шасьцю дзецьмі? — зьдзіўляецца Алексіевіч. — Гэта ж толькі адзеньня колькі, партфэляў!

Дом для шматдзетных семʼяў у Слоніме абяцаюць дабудаваць у студзені. Нібыта Равенкам маюць выдзеліць трохпакаёвую і двухпакаёвую кватэру. Такая магчымасьць была ў іх і летась, але тады грошай на ўнёсак яны не знайшлі. Не знайшлося іх і сёлета.

— Як гэта ў вас атрымалася так многа (дзяцей. — РС)? — пытаецца Сьвятлана. — Напэўна, гэта каханьне, інакш так многа не атрымліваецца.

Любе 31 год, Васілю — 27. Пра сваю сямʼю жанчына распавядае шчыра і падрабязна. Разам яны пяць гадоў.

— Былы муж ужываў алькагольныя напоі, — кажа яна — Я мучылася, мучыліся дзеці, я ў міліцыю зьвярталася. Я вырашыла, што лепш я адна буду зь пяцьцю дзецьмі, чым з такім мужам. Невыносна было.

У гэты пэрыяд сямʼю нават паставілі на ўлік — маўляў, у сацыяльна небясьпечным становішчы. Гэтае кляймо, кажа Люба, даводзілася здымаць зь сябе доўга, і падставаў, на яе думку, не было для яго ніякіх.

Калі пазнаёміліся з Васілём, у Любы ўжо было пяцёра дзяцей. Малодшаму Данілу — толькі сем месяцаў.

— Гэта падарунак лёсу быў мне. Сказаў: «Як пабачыў — усё. Цяпер у цябе ёсьць я, я стану для іх бацькам», — кажа Люба. — Тата для іх аўтарытэт у сямʼі. Асабліва для Данілы. «Таго» тату ён і ня ведае, той ім не цікавіцца. Я пакуль і не казала, што ён няродны.

Пасьля ўжо вырашылі, што трэба і супольнае дзіця, кажа Люба.

— На УЗІ са мной хадзіў, і ў паліклініку, і такі быў задаволены, калі на УЗІ сказалі «хлопчык», — кажа яна.

— «Каханьне», — усьміхаецца Раіса Генадзеўна, маці Васіля, якая прыяжджае з Ружанаў дапамагаць сынавай сямʼі. — Я юбілейная бабуля, у мяне ўжо дзесяць унукаў.

Любу і яе дзетак яна, кажа, прыняла адразу і цяпер дапамагае, чым можа, са сваёй пэнсіі, якую зарабіла даяркай.

— Божы дар, — кажа Люба. — І вось гэтая жанчына, якая нам цяпер дапаможа. Гэта анёлы-ратавальнікі.

За апошнія гады сямʼя Равенкаў зьмяніла некалькі найманых кватэраў. Цяпер некалькі месяцаў жывуць у прыватным доме. Тут сьціпла, чыста, ёсьць усё неабходнае, а для дзяцей завялі козаў. Старэйшыя дзяўчаткі ходзяць у школу. Кажуць, што вучацца добра, займаюцца танцамі, музыкай і маляваньнем. Малодшы Міхал з маці дома, пяцігадовы Даніла — у садочку.

— А як мясцовыя ўлады, што яны кажуць? Чаму не даюць грошай? — пытаецца Алексіевіч.

— Яны кажуць: мы разумеем, але нічым ня можам дапамагчы, — адказвае Васіль. — Шукайце, пазычайце. Праблема ў тым, што ніхто ня хоча пазычаць, бо шасьцёра дзяцей. Дый людзі цяпер усе ў крэдытах, нават маленькую суму немагчыма пазычыць.

Мясцовыя ўлады, кажа Любоў, на першую публікацыю ніяк не адрэагавалі. Камэнтары пад артыкулам яна старалася не чытаць. У садочку сказалі, што такім артыкулам Равенкі «ганьбяць дзяцей».

— А чым я іх ганьблю, — са сьлязьмі ў голасе пытаецца Любоў. — Я што, пабіраюся? На ежу грошай ім прашу?!

Пасьля публікацыі званок да іх быў толькі адзін — ад нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Хто яна такая, Любоў ня ведала.

— Пасьля стала глядзець пра яе ў інтэрнэце, якая яна мужная жанчына, што такога дабілася. Мне стала трохі сорамна, што я ня ведаю. Але я мала гляджу тэлевізар. Усё ў працы. Ня ведаю, што такія жанчыны ёсьць, — кажа яна.

— Я вам прынесла свае кнігі, — Сьвятлана Алексіевіч пры сустрэчы падарыла Равенкам два свае выданьні. — Пачытайце, што я пішу. Расьціце разумнымі, добрымі.

На разьвітаньне ўсе фатаграфуюцца разам на памяць.

— Мы нават не чакалі, што людзі адгукнуцца. Тым больш такога ўзроўню, — стрымана кажа Васіль.

— Я ўсё думала, як сябе паводзіць, — Любоў сапраўды перад сустрэчай вельмі хвалявалася. — А пабачыла — і нібыта свой чалавек, цяпер ужо частка сямʼі. Нездарма ёй далі імя Сьвятлана. Прынесла сьвятло ў наш дом.

Равенкі абяцаюць, што як толькі атрымаюць ключы, адразу пакажуць новую кватэру.

— А куды козаў падзенеце? — пытаемся мы.

— Ня ведаю, на балькон? — сьмяецца Люба. — Чужому аддаць, то не. Для дзяцей жа бралі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)