В мире

“Наперад — да перамогі прыгожага”

У Літве ў мястэчку Нарвілішкі, што на самай мяжы з Беларусьсю, завяршыўся буйны міжнародны музычны фэстываль “Be2gether” , ськіраваны на спрыяньне дэмакратыі ў Беларусі.

Гэта сапраўды было сьвята розных культур, на якім вельмі добра выступілі і беларусы, паведамляе ”Радыё Свабода”. Публіка цёпла ўспрыняла выступы беларускіх удзельнікаў фэсту: гуртоў "Ляпіс Трубецкой", "Drum Extasy" і "IQ-48".

“На фэсьце ўсе танцуюць, весяляцца, — распавядала пра першы дзень “Be2gether” карэспандэнтка ”Радыё Свабода”. — Шмат беларусаў, абгорнутых бел-чырвона-белымі сьцягамі. Толькі што мы сустрэлі амбасадара Літвы ў Беларусі спадара Багдонаса, які задаволены арганізацыяй. Побач паабал дарогі — намётавыя мястэчкі. Ёсьць беларускія намёты, дзе таксама лунаюць бел-чырвона белыя сьцягі. Даволі разьняволеная атмасфэра — піва, шашлыкі...”

Напярэдадні фэсту МЗС Беларусі распаўсюдзіла заяву, дзе заклікала “не дапусьціць прапагандысцкіх акцый непрыязнай, недабрасуседзкай, антыбеларускай скіраванасьці” гэтага фэстывалю. У адказ адзін з арганізатараў “Be2gether”, былы мэр Вільні Артурас Зуокас прыгадаў, што некалі быў грандыёзны канцэрт у Бэрліне паміж сьценамі, а Нарвілішкі таксама апэндыкс літоўскай тэрыторыі, які ўдаецца ў Беларусь.

Кіраўнік МЗС Літвы Пятрас Вайтекунас, які прыбыў на фэст у якасці прыватнай асобы разам з дзецьмі, назваў “Be2gether” “спробай адчыніць мяжу ключом музыкі”, паведамляе ”БелаПАН”. Міністр адзначыў, што беларусы павінны быць “не проста суседзямі Еўропы, але еўрапейскімі суседзямі”. “Заўсёды хочацца, каб твае суседзі былі свабоднымі і вясёлымі, і фестываль — яшчэ адна магчымасць гэта падкрэсліць”, сказаў Пятрас Вайтэкюнас. У размове з карэспандэнтам ”Радыё Свабода” ён выказаў шкадаваньне, што не змог тут сустрэць свайго беларускага калегу Сяргея Мартынава.

У другі дзень фестывалю ўвагу да сябе прыцягваў “Therapy?” — гурт, які б спадабаўся аматарам цяжкага метал-року, паведамляе Еўрарадыё. Дарэчы, на сваёй прэс-канферэнцыі музыкі сказалі, што з задавальненнем выступілі б у нашай краіне, але на жаль, пакуль іх не запрашаюць.

Што тычыцца “Ляпісаў”, дык яны і на прэс-канферэнцыі, і падчас канцэрту, як заўсёды, сцябаліся. Міхалок і К сваім выступам проста “парвалі” натоўп. Іх выклікалі на біс нават два разы! Як і на фестывалі “Рок за Баброў”, паміж песнямі Сяргей Міхалок гаварыў пра эзатэрыку, нейкіх там індыйскіх бажкоў... Але галоўнай ідэяй было, канешне ж, “наперад да перамогі прыгожага!”.

У гадзіну ночы, насуперак таму, што ўсе ўжо дастаткова стаміліся, сапраўды “запалілі” наведвальнікаў фестывалю “Drum Ecstasy”. Іх шоў, дарэчы, адзначыў і арганізатар фэсту Гедрыус Клімкевічус. Ён сказаў, што аналагаў яму няма не толькі ў Літве, але нават у Еўропе. Той шквал энергіі, які перадаваўся са сцэны, проста зачароўваў.

Fire-show ад самаго гурта не было, але яго хутка зладзілі гледачы. На мяжы пляцоўкі і вольнай тэрыторыі каля пяці чалавек круцілі агонь.

Падводзячы вынікі фэсту, можна сказаць, што ён атрымаўся сапраўды еўрапейскім па якасці, гуку і энергетыцы. І па наведвальніках: на “Be2gether” сабраліся людзі з Англіі, Польшчы, Эстоніі, Расіі і, відавочна ж, Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)