Комментарии
Святлана КАЛIНКIНА, «Народная воля»

Напарстачнікі

Нядаўна журналісты выявілі дзіўную рэч: беларускія цукеркі ў крамах Нью-Ёрка каштуюць значна танней, чым у мінскіх. Гэта пры тым, што іх трэба было давезці ажно праз акіян, заплаціць мытныя падаткі, разлічыцца з экспедытарамі, лагістамі, складамі і гэтак далей, і гэтак далей.

Як жа так? Чаму, да прыкладу, “Грыльяж у шакаладзе” гомельскага “Спартака” ў адным з самых дарагіх гарадоў свету каштуе 3 долары 99 цэнтаў (на нашы грошы 32 тысячы), а ў мінскім гіпермаркеце “Карона” гэткая ж каробка – 45.050 рублёў (5,6 долара). Што за клопат такі не пра свайго, а пра амерыканскага пакупніка, тым больш што заробкі ў амерыканцаў непараўнальна большыя за беларускія?.. Што гэта за эканамічныя законы такія, калі ажно ў Амерыку беларускай фабрыцы выгадна давезці цукеркі за 4 долары, а з Гомеля да Мінска — не.

Раней мы чулі, што цэны ў Беларусі растуць, бо расце курс долара. Такая сітуацыя не радасная, але зразумелая. Праўда, цяпер трэба, каб тыя, хто пры ўладзе, адваротнае тлумачылі: чаму павялічваюцца лічбы на цэнніках, нават калі курс долара пайшоў уніз?

Так, спецыялісты Белстата параўналі цэны ў снежні мінулага года, калі адзін долар каштаваў 8360 беларускіх рублёў, і ў красавіку, калі курс наблізіўся да 8000. Высветлілася, што цэны жылі па сваіх законах. Даражэлі нават элементарныя лекі айчыннай вытворчасці. Звычайныя вітаміны ў снежні каштавалі 1740 рублёў, у красавіку — 2340, упакоўка антыбіётыкаў вырасла ў кошце з 2290 рублёў да 3300, нават бінт каштаваў у снежні 2990, а стаў 3680 рублёў. Ну няўжо для гэтага бінта сярод зімы знайшлі партыю бавоўны новага ўраджаю?

Сказаць, што менавіта ў фармацыі склалася нейкая асаблівая сітуацыя, таму яе выпраўлялі ростам цэн, будзе няпраўдай. Бо даражэлі і айчынная мэбля, і веласіпеды, і газавыя пліты, і гадзіннікі... Ды амаль усё! Цяпер вось мяса — на 35%, хлеб і малако — на 10%. Можа, нам ужо зусім не есці, каб дзяржаве дагадзіць? Можа, перайсці на шчаўе? Дык не выключана, што ў адказ такія правілы збору таго шчаўя ўвядуць, так адрэгулююць, што ананасам трава падасца. Што-што, а гэта наша дзяржава ўмее!

Вось зараз з’явіліся на рынках першыя клубніцы. Беларускія — 60 тысяч за кілаграм, польскія — 30 тысяч. Паколькі яны вырошчваюцца ў паўднёва-заходніх раёнах, на мяжы з Польшчай, то, лічы, зямля адна і тая, клімат адзін і той, газ (у адрозненне ад Польшчы) мы купляем па цэнах, значна ніжэйшых за сусветныя, электраэнергія ў нас таннейшая, кошт угнаенняў меншы, заробкі і параўноўваць няма чаго... Дык чаму на выхадзе нашы раннія клубніцы па кошце значна перакрываюць польскія нават з улікам таго, што за польскія яшчэ мытныя зборы аплачаны? Гэта ж які “талент” трэба мець, каб так гаспадарыць!

Але пра “талент” выпусціць прадукцыю чым найдаражэй высокае начальства памоўчвае. Яны іншую адгаворку знайшлі. Дзіўную і ніяк не зразумелую эканамістам. Але нешта ж гаварыць трэба.

Ва ўсім свеце вытворцы на ўсялякія хітрыкі ідуць, каб зазваць пакупнікоў і прадаць свайго тавару як найболей. А нам цвердзяць, што трэба павышаць цэны, каб суседзі ўсё не павывозілі. Абсурд! Няхай суседзі вязуць, ядуць, носяць беларускае! Толькі радавацца гэтаму трэба, толькі марыць пра гэта. Тым больш што на самай справе гэта беларусаў дзівяць цэнамі крамы Беластока і ўкраінскія кірмашы. А калі ў нас увогуле нічога таннейшага, чым у суседзяў, не будзе, то яны і ездзіць сюды не будуць. Навошта?

На сённяшні дзень ёсць, праўда, некалькі катэгорый тавараў, на якія беларускія цэны сапраўды значна ніжэйшыя, чым у суседзяў. Напрыклад, гэта так званае “сацыяльнае малако”. Толькі вось калі вы апошні раз яго бачылі ў нашых крамах?

Іншая сітуацыя з бензінам: ён на запраўках ёсць, і суседзяў па цэнах на паліва мы сапраўды не дагналі. Але ж бензін у нас і павінен быць дзешавейшым. Беларусь жа расійскую нафту без усялякіх экспартных падаткаў купляе, па “саюзнай ільгоце”. Ды і заробкі мы не такія людзям плацім, як тая ж Польшча ці Літва. Дык як жа наш бензін можа каштаваць на іхнім узроўні, чаму мы рот на іхнія цэннікі разяваем? У нашых НПЗ бензін на выхадзе проста абавязаны быць больш танным. А калі выраўноўваць кошты, то спачатку трэба выраўняць зарплаты. А то заробкі мізэрна падымаюцца, а цэны — галопам.

Модны сёння плач пра катастрафічны вываз нашай прадукцыі, які патрабуе імгненнага адказу ростам цэн, гэта, па большасці, лухта. Бо адначасова з гэтым плачам былі адменены ўсе абмежаванні на вываз з краіны беларускіх тавараў (акрамя паліва), і, наадварот, захоўваюцца абмежаванні на ўвоз. Калі ў нас усё такое якаснае і таннае, то чаму ўлада так клапоціцца, каб, крый Божа, ніхто не ўвёз лішні кілаграм украінскіх цукерак, ці польскіх каўбас, ці літоўскіх сыроў і не падарваў тым самым бізнес беларускіх вытворцаў?.. Таму і клапоцяцца, што не вытрымлівае беларуская прадукцыя канкурэнцыі з суседзямі. Задорага яе нам прадаюць.

Шчыра кажучы, усе гэтыя маніпуляцыі з цэнамі — гэта ўвогуле не эканоміка. Гэта свядомая палітыка па здзіранні трох шкур са свайго народа, бо ніякі іншы падобнага рабіць з сабой не дазволіць. Куплялі б амерыканцы беларускія цукеркі па цэнах, вышэйшых за ўкраінскія ці расійскія? Не! І нават да продажу не прынялі б цукеркі з “задзёртымі цэнамі”. А мы купляем. Бо ў нас іншага выйсця няма.

Такое адчуванне, што кіруюць беларускай сітуацыяй нейкія напарстачнікі. Ці так, ці гэтак, але ўсё роўна абдураць! І абавязкова пад словы пра клопат аб людзях, за які мы ўсе павінны быць вельмі ўдзячнымі. Толькі вельмі дорага беларусам гэты “клопат” абыходзіцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)