Политика
Анастасія Зелянкова

Намесніку старшыні БНФ пагражае выключэнне з партыі за інтэрв’ю “Салідарнасці”

Інтэрв’ю намесніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча “Салідарнасці”, у якім ён раскрытыкаваў кіраўніцтва партыі і паскардзіўся на ўнутрыпартыйны ўціск, можа не толькі каштаваць яму пасады, але і мець значна больш горшыя наступствы. Зараз ягоны лёс вырашае камісія партыйнага кантролю. Між тым старшыня партыі Лявон Баршчэўскі заявіў “Салідарнасці”, што на бліжэйшым з’ездзе збіраецца паставіць ультыматум: альбо ў партыі застаецца Міхалевіч альбо ён.

У нядзелю, 18 мая, Партыя БНФ праводзіла пасяджэнне Сойму. Адным з пытанняў было інтэрв’ю Алеся Міхалевіча, надрукаванае ў “Салідарнасці” 11 мая. У ім намеснік старшыні расказаў пра метады, якія выкарыстоўваюць супраць яго ў партыі, пра прычыны ягонага канфлікту з Вінцуком Вячоркам, а таксама раскрытыкаваў стыль кіравання Лявона Баршчэўскага.

— У сказаным Міхалевічам ёсць яўныя парушэнні нашых пастаноў, — заявіў “Салідарнасці” старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі. — Я праінфармаваў Сойм, што перадаў гэтае інтэрв’ю на камісію партыйнага кантролю. Цяпер гэта справа камісіі, і няхай яна вырашае лёс Міхалевіча.

Па словах Лявона Баршчэўскага, Міхалевіч яшчэ больш усугубіў сітуацыю.

— Напярэдадні пасяджэння ён разаслаў партыйцам свой артыкул за чужым прозвішчам. Гэта той матэрыял, які, нібыта, быў напісаны Лёлікам Ушкіным. Аднак я дакладна магу даказаць, што гэта не стыль Ушкіна. Ды і пры чым тут ён? Але няхай з гэтым разбіраецца камісія. Я ж са свайго боку пастаўлю на наступным з’ездзе пытанне: альбо Міхалевіч альбо я. Іншага выйсця я не бачу.

На думку самога Алеся Міхалевіча, такі шырокі рэазананс ягонае інтэрв’ю атрымала таму, што “некаторым асобам вельмі не хацелася, каб пэўная інфармацыя выходзіла за межы партыі”.

— Таму і такая рэакцыя, — патлумачыў ён “Салідарнасці”. — Яны абурыліся маімі выказваннямі, бо думалі, што змогуць і далей рабіць усё ціха, без шырокага рэзанансу. Аднак не атрымалася.

Што ж датычыць узгаданага артыкула Лёліка Ушкіна, то Алесь Міхалевіч цалкам адмаўляе сваё аўтарства.

— Не ведаю, у чым дакладна ўпэўнены Баршчэўскі, але Ушкін упэўнены у тым, што гэта яго артыкул. Я шмат размаўляў з Лёлікам пра сітуацыю ў БНФ і таму, магчыма, там ёсць некаторыя мае фразы. Аднак я да яго не маю дачынення. Рассылаў яго таксама не я. Думаецца, хтосьці з тых, хто мяне падтрымлівае.

Пра інтэрв’ю, дадзенае “Салідарнасці”, Алесь Міхалевіч ніколькі не шкадуе.

— Магчыма, я расказаў троху зашмат. Але ёсць у гэтым і станоўчы бок. Напрыклад, на гэтым Сойме ўсе ўжо хвалілі Юрася Губарэвіча. Іншымі словамі, увесь агонь я ўзяў на сябе. Што ж да камісіі, то, мне падаецца, што ў іх няма механізму мяне выключыць. Я ж пакуль збіраюся працаваць далей.

Таксама на гэтую тэму

Алесь Міхалевіч: “Супраць мяне ў Партыі БНФ ужываюцца правераныя камуністычныя метады”

Лявон Баршчэўскі: “Мы не дзейнічаем метадамі КПСС. У нас больш жорсткія метады”

Аляксей Янукевіч: “Я сам буду вылучацца на старшыню Партыі БНФ”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)