Общество

Намесьнік старшыні БАЖ: Асацыяцыя — гэта ня проста запіс у рэестры юрыдычных асобаў

Чаму ліквідавалі Беларускую асацыяцыю журналістаў? Ці магчыма было задаволіць прэтэнзіі, якія ўлады прад’яўлялі асацыяцыі? Як чальцы і кіраўніцтва БАЖ зьбіраюцца дзейнічаць зараз, пасьля фармальнай ліквідацыі?

На гэтыя пытаньні Свабоды адказаў намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Гарэцкі:

Гэта фармальная ліквідацыя.

БАЖ — гэта ня проста запіс у рэестры юрыдычных асобаў.

Ня варта было нават спадзявацца на тое, што ўлада з кімсьці пра штосьці будзе дамаўляцца.

Апошнія месяцы ўлада працуе ў фармаце: ператрус, затрыманьне супрацоўнікаў арганізацыі, а потым ліквідацыя.

Ня ведаю, чым мы маглі паступіцца дзеля захаваньня сваёй рэгістрацыі.

Галоўнае нашае патрабаваньне — гэта вызваленьне 27 журналістаў, якія ў няволі.

Гэтае патрабаваньне гучыць ня толькі ад БАЖ, але і ад усіх міжнародных журналісцкіх структураў.

З намі ніякага торгу ўлады не вялі, і яго не магло быць.

Калі ў нас запатрабавалі дакумэнты, нам ужо ўсё было зразумела.

Яны вельмі цікава рэагавалі: казалі, вы запомніце, як дакумэнты былі складзеныя, каб мы не паблыталі, калі вам будзем іх вяртаць.

Выглядае, што рашэньне аб ліквідацыі БАЖ прымалася не ў Міністэрстве юстыцыі.

Добра, што яны не пайшлі шляхам абвяшчэньня БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй.

Хоць я б і не зьдзівіўся, калі б яны пайшлі на прызнаньне экстрэмісцкай арганізацыяй нават чальца Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў.

Яны знайшлі ў нас парушэньні, але мы нязгодныя з тым, што гэта парушэньні.

Яны казалі, што ў нас не працягнутая дамова арэнды. Мы паказваем у дамове радок, што яна аўтаматычна працягваецца, калі бакі яе не касуюць.

Папярэджаньне пра арэнду прыйшло на наступны дзень пасьля таго, як у нас у офісе прайшоў ператрус.

Мы не маглі даць адказ Мін'юсту, бо ў нас канфіскавалі пячатку.

Аднак Мін'юст даслаў чарговае папярэджаньне за тое, што не адказалі на папярэдняе.

Палагодзілі б гэтае пытаньне, знайшлося б нешта іншае.

У такім працэсе цяпер знаходзяцца многія арганізацыі.

Закрыцьцё вядомай журналісцкай арганізацыі не застанецца незаўважаным у сьвеце.

Уся міжнародная супольнасьць на баку здаровых сілаў, на баку якаснай журналістыкі.

Прамых рычагоў уплыву на беларускую сытуацыю ў мэдыйнай супольнасьці няма.

Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, безумоўна, будзе працягваць лічыць сваімі чальцамі чальцоў фармальна ліквідаванага БАЖу.

У лютым, пасьля ператрусу і затрыманьня мяне і кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца, я думаў, што нас пасадзяць на гады.

Але нас вызвалілі і нават далі магчымасьць правесьці зьезд асацыяцыі.

Мы будзем як фізычныя асобы імкнуцца дапамагаць усім БАЖаўцам, якія зазнаюць перасьлед.

За гэты год у розных мэдыя прайшло 140 ператрусаў.

Сёньня на Львоўскім мэдыяфоруме каманда парталу Zerkalo — былая каманда Tut.by — расказала пра рост іх аўдыторыі.

Беларусы вяртаюцца на гэты партал.

Попыт на свабодную журналістыку застаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)