Скандалы

Адвакатка, абвінавачаная ў захоўваньні зброі, трапіла ў шпіталь

Адвакатка Вера Арэшка не прызнала віны ў выдаваньні тайны сьледзтва і захоўваньні зброі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на старшыню Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксея Швакава.

Вера Арэшка, advokat.by

Паводле Швакава, цяпер Вера Арэшка, якая зьяўляецца ягонай намесьніцай у кіраўніцтве калегіі адвакатаў, знаходзіцца на лячэньні ў шпіталі.

— Перажытае адбілася на яе здароўі. Але мы будзем ёй дапамагаць, — сказаў Аляксей Швакаў.

Паводле яго, мера стрыманьня для Веры Арэшкі не прызначалася.

На адвакатку завялі справу за выдаваньне тайны сьледзтва (арт. 407 КК) і за зброю (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае як максымальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці.

Як сьцьвярджае ГУБАЗіК, жанчына раскрыла зьвесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынэра Менскага заводу колавых цягачоў.

У час папярэдняга сьледзтва ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter mod. 1938, а таксама патроны да яго. Высьветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валоданьня ёю жанчына ня мае.

Калегія адвакатаў заявіла, што мае намер абараняць калегу. Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк адзначыў, што завядзеньне крымінальнай справы на адваката выклікала насьцярожанасьць у яго як у судзьдзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(10)