Общество
Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, «Народная воля»

Найвялікшая падзея ў нашай гісторыі ХХ стагоддзя

25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, новай дзяржавы ў Еўропе і свеце. Падзея гэтая істотна паўплывала на далейшы лёс беларускага народа, на стварэнне беларускай дзяржаўнасці. 25 сакавіка сталася нацыянальным святам беларусаў на Радзіме і ў замежжы.

Iдэя незалежнасці

Наш народ мае досвед сваёй дзяржаўнасці на працягу стагоддзяў. Гэта запісана ў прэамбуле дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Традыцыі нашай дзяржаўнасці сягаюць да даўніх часоў, існавання першых дзяржаўных утварэнняў на нашых землях — Полацкага, Смаленскага, Тураўскага княстваў.

Уздым нашай культуры ў XVI ст. цесна звязаны з умацаваннем Вялікага княства Літоўскага, у якім дзяржаўнай мовай была, па-сучаснаму кажучы, беларуская Усе пласты насельніцтва ведалі яе, на большасці тэрыторый панавала беларуская культура, а беларуская мова ўжывалася нават у дыпламатыі, асабліва з усходнім суседам — Вялікім княствам Маскоўскім.

Традыцыі беларускай дзяржаўнасці захаваліся да канца XVIII стагоддзя — да ліквідацыі суседнімі манархіямі Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй Рэчы Паспалітай і яе самастойнай часткі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Але, нягледзячы на падзелы Рэчы Паспалітай і далучэнне нашага краю да Расійскай імперыі, ідэя дзяржаўнасці захавалася, праявай чаго былі праграмы паўстанцаў 1794, 1831 і 1863 гадоў. У апошнім паўстанні Вікенці Канстанцін Каліноўскі ў "Мужыцкай праўдзе" прапанаваў ідэю аднаўлення самастойнай Беларускай дзяржавы.

У сувязі з уздымам агульнарасійскага дэмакратычнага і ліберальнага рухаў на пачатку ХХ ст. першая беларуская палітычная партыя — Беларуская Сацыялістычная Грамада паставіла пытанне палітычнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Але ўжо ў 1907 годзе адзін з дзеячаў нацыянальнага руху Вітольд Жукоўскі з Вільні выступіў з праграмай барацьбы за незалежную Беларусь у саюзе з Літвой і Каронай (Польшчай).

У "нашаніўскі" перыяд Адраджэння сярод беларускіх дзеячаў панавалі яшчэ аўтанамісцкія погляды на будучыню Беларусі. У гэты час Іван Луцкевіч прапагандаваў ідэю незалежнасці Беларуска-Украінскай федэрацыі (па ўзоры былога Вялікага княства Літоўскага). Такім чынам, і ў нашаніўскім асяроддзі ўзнавіліся незалежніцкія погляды.

У снежні 1915 года ў Вільні, акупаванай нямецкімі войскамі падчас Першай сусветнай вайны, была створана Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага — палітычная арганізацыя, якая дамагалася ўтварэння незалежнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы паводле федэратыўнага прынцыпу (для абедзвюх яе частак — беларускай і літоўскай). Ініцыятарамі яе былі браты Луцкевічы, браты Станкевічы, паэтэса Канстанцыя Буйло ды іншыя.

Антон Луцкевіч прапанаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора… Меркавалася, што ў гэтую канфедэрацыю ўвойдуць незалежныя Беларусь, Літва, Латвія і Украіна. Група "Сувязь Незалежнасці і Непадзельнасці Беларусі" ў Вільні на чале з Вацлавам Ластоўскім, у адрозненне ад Канфедэрацыі, выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Адначасова прапаноўвалася ідэя "Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы". Такім чынам, у Вільні, тагачасным беларускім палітычным асяродку, была ўзноўлена ідэя незалежнасці Беларусі.

Другім палітычным асяродкам тагачаснага беларускага нацыянальнага руху пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі стаўся Менск, дзе кіруючую ролю спачатку адыгрываў Беларускі Нацыянальны Камітэт, выбраны на з'ездзе беларускіх арганізацый. На чале Камітэта стаяў Раман Скірмунт, былы дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі і буйны землеўладальнік у Пінскім павеце. Менскія дзеячы ліберальнага накірунку мелі прарасійскую арыентацыю.

У ліпені 1917 года ў Менску на ІІ з'ездзе беларускіх арганізацый і партый замест БНК была абрана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый, якая прадстаўляла левыя сілы беларускага нацыянальнага руху, у тым ліку сацыялістычныя. У кастрычніку 1917 г. цэнтральная Рада была пашырана за кошт арганізацый беларусаў-вайскоўцаў, што служылі ў расійскім войску, арганізацый беларусаў-бежанцаў, культурна-асветніцкіх арганізацый. Цэнтральная Рада была пераўтворана ў адзін палітычны цэнтр пад назвай Вялікая беларуская рада. Менскія дзеячы ва ўмовах ревалюцыі ў Расіі працягвалі заставацца на аўтанамісцкіх пазіцыях, выказваючыся за абвяшчэнне Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі са сваім войскам, але ў складзе Расійскай федэрацыі народаў.

Усебеларускі з'езд

Бальшавіцкі пераварот у Петраградзе і саветызацыя Беларусі не пакідалі ўжо надзеі і на аўтаномны варыянт. Пра гэта сведчаць адносіны бальшавіцкай улады да Усебеларускага з'езда, скліканага ў Менску ў снежні 1917 года.

З'езд быў скліканы Вялікай беларускай радай і Беларускім абласным камітэтам пры выканкаме Усерасійскага савета сялянскіх дэпутатаў, які знаходзіўся ў Петраградзе. Выбары на адзіны ў той час у Расіі нацыянальны з'езд былі праведзены дэмакратычным шляхам. Каля двух трацін дэлегатаў былі выбраны цывільнымі арганізацыямі, больш за адну траціну прадстаўлялі беларусы-вайскоўцы. Пераважная большасць дэлегатаў былі прыхільнікамі сацыялістычнай ідэі.

З'езд абмеркаваў найважнейшыя праблемы жыцця беларускага грамадства і выказаўся за пэўныя сацыялістычныя змяненні. Вострая барацьба разгарнулася за вырашэнне дзяржаўнага пытання. Прыхільнікі Вялікай беларускай рады выступалі за абвяшчэнне Беларусі раўнапраўнай рэспублікай у складзе Расійскай федэрацыі народаў, а прыхільнікі Беларускага абласнога камітэта — супраць утварэння асобнай рэспублікі.

Урэшце, быў прыняты кампрамісны варыянт: "з'езд стварае са свайго складу краёвы орган улады ў асобе Усебеларускага савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў справавыя дачыненні з цэнтральнай уладай…" Такая пастанова пад авацыі залы была прынята ўсімі дэлегатамі.

Аднак кіраўнік бальшавіцкай адміністрацыі ў Беларусі Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян) пільна сачыў за ходам з'езда. Мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва бачыла, што можа страціць сваю ўладу, і прыняло рашэнне з'езд разагнаць.

У ноч з 17 на 18 (30 на 31 ст.ст.) снежня 1917 года, калі дэлегаты з'езда пачалі абмяркоўваць пытанне аб абвяшчэнні Беларускай рэспублікі, салдаты, падпарадкаваныя савету народных камісараў Заходняй вобласці, разагналі з'езд і арыштавалі яго прэзідыум. Да разгону дэлегаты паспелі прыняць рэзалюцыю аб увядзенні на беларускай зямлі рэспубліканскага ладу і выбраць са свайго асяроддзя легітымны орган краёвай улады — Усебеларускі савет (Раду) сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў для кіравання краем да выбараў Беларускага ўстаноўчага сходу.

Была таксама прынята рэзалюцыя пратэсту супраць гвалтоўных дзеянняў кіраўніцтва Заходняй вобласці і аб непрызнанні яго ўлады. Але з'езд быў разагнаны, хаця большасць дэлегатаў яшчэ не парывала з Расіяй і не адвяргала савецкую ўладу.

На ўзброеную барацьбу нацыянальныя менскія дзеячы не пайшлі. І ўсё ж ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі была імі дэкларавана. Рада з'езда на чале з Язэпам Лёсікам перайшла на нелегальнае становішча.

Ужо 18 снежня ацалелыя ад арыштаў дэлегаты патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пацвердзілі паўнамоцтвы Рады з'езда як выканаўчага органа разагнанага з'езда. 21 снежня 1917 года (3 студзеня 1918 г.) Рада са свайго складу вылучыла больш сціслы і аператыўны орган — выканаўчы (спаўняючы) камітэт Рады Усебеларускага з'езда ў складзе 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Камітэту было даручана заняцца беларусізацыяй саветаў, а ў адпаведны момант узяць уладу ў Беларусі ў свае рукі.

Падрыхтоўка да абвяшчэння БНР

Мірныя перамовы ў Берасці, якія вяла дэлегацыя савецкай Расіі з дэлегатамі Германіі і яе саюзнікаў, зайшлі ў тупік. Па-першае, па прапанове Леніна савецкая дэлегацыя зацягвала перамовы, бо бальшавіцкая ўлада была пераканана, што ў Германіі кожны момант можа выбухнуць пралетарская рэвалюцыя, як у Расіі. Трэба толькі яе дачакацца. Па-другое, бальшавікі, якія на фронце ўжо практычна не мелі дастатковых сіл, каб утрымліваць лінію фронту (з 2 мільёнаў расійскіх салдатаў на Заходнім фронце засталося толькі 70 тысяч, астатнія паўцякалі дадому, каб падзяліць нацыяналізаваныя памешчыцкія землі), рашуча патрабавалі ад нямецкага боку адвесці свае войскі з расійскай тэрыторыі (г.зн. з Латвіі, Літвы і Беларусі). Яны абвясцілі "мір без анексій і кантрыбуцый". Калі германскія генералы і дыпламаты зразумелі тактыку бальшавікоў, то абвясцілі, што перамовы і перамір'е спыняюць, а 18 лютага пачынаюць ваенныя дзеянні.

Як толькі стала вядома пра нямецкую заяву, астатнія салдаты пакінулі пазіцыі і ўцякалі, — хто ў цягніках, хто ў фурманках. І бальшавіцкае кіраўніцтва ў Менску таксама ўцякло ў Смаленск 19 лютага 1918 года. У Расіі, дарэчы, быў уведзены дэкрэтам саўнаркама новы стыль: пасля 31 студзеня 1918 г. наступіла… 14 лютага... Таму люты быў няпоўным месяцам. Камісары забралі з сабой усю грашовую наяўнасць у Дзяржаўным банку, абрабаваўшы і ўлады, і насельніцтва.

Выканаўчы камітэт Рады выйшаў з падполля, з турмы былі вызвалены кіраўнікі Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Да канца дня 19 лютага беларускія вайскоўцы кантралявалі ўладу ў горадзе. Камендантам Менска быў прызначаны Канстанцін Езавітаў. Выступілі і польскія вайскоўцы з падпольнай вайсковай арганізацыі. Да бою не дайшло. Тэрыторыя Менска была падзелена на дзве зоны. Цэнтр быў пад уладаю беларускай камендатуры.

21 ЛЮТАГА 1918 г. У МЕНСКУ — БЕЛАРУСКІМ БЫЛА АБВЕШЧАНА 1-я УСТАЎНАЯ ГРАМАТА да народаў Беларусі. У ёй гаварылася: "Выканаўчы Камітэт Рады першага Усебеларускага з'езда, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасцяў, здзяйсняючы мэты з'езда, абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіравання краем і склікання як можна хутчэй Усебеларускага Устаноўчага Сойму на аснове агульнага права для ўсялякага дарослага, не лічачыся з нацыянальнасцю, вызнаннем і родам.

Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону і зацверджанне заваяванняў рэвалюцыі, будзе здзяйсняць створаны намі Народны сакратарыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі".

НАРОДНЫ САКРАТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ — ГЭТА ПЕРШЫ БЕЛАРУСКІ ЎРАД, вылучаны са складу Выканаўчага камітэта Рады. На чале ўрада стаяў Язэп ВАРОНКА. Ён жа народны сакратар міжнародных спраў. У склад Народнага сакратарыята ўвайшлі Леанард ЗАЯЦ — дзяржаўны сакратар і скарбнік, Аркадзь СМОЛІЧ — народны сакратар народнай асветы, Іван СЕРАДА — народны сакратар народнай гаспадаркі, Тамаш ГРЫБ — народны сакратар земляробства, Палута БАДУНОВА — народны сакратар (сацыяльнай) апекі, Пётр КРЭЧЭЎСКІ — народны сакратар дзяржаўнага кантролю, таварыш (намеснік) старшыні Народнага Сакратарыята Канстанцін ЕЗАВІТАЎ ды іншыя.

Паводле ўмоў Берасцейскага мірнага дагавору ад 3 сакавіка 1918 года Германія, якая акупавала амаль усю тэрыторыю Беларусі, акрамя Віцебска, усходніх раёнаў Магілёўскай губерні і тэрыторыі Смаленскай губерні, лічыла гэтую тэрыторыю расійскай. Яе нямецкія войскі займалі часова да выплаты савецкай Расіі вялікай кантрыбуцыі ў 6 мільярдаў залатых марак. А паколькі гэта расійская тэрыторыя, то прызнаваць іншыя ўрады, акрамя расійскага, Германія не збіралася. Толькі тэрыторыя большай часткі Гродзенскай губерні (Горадня, Ваўкавыск, Ліда), ад якой Расія адмовілася, гэтай умове не падлягала.

21 лютага 1918 г. у Менск прыбыла першая нямецкая воінская адзінка, 25 лютага Менск быў заняты нямецкімі войскамі. Усталяваўшы сваю ўладу ў Менску, нямецкія вайскоўцы сарвалі з будынка Народнага Сакратарыята бел-чырвона-белы беларускі сцяг, забралі касу і адабралі будынак. Беларускія вайсковыя часткі па загадзе нямецкай улады былі раззброены.

Тым не менш немцы не надта ўмешваліся ва ўнутраныя справы, асабліва ў галіне сацыяльнай дапамогі, эканомікі, асветы, культуры, фактычна пакінуўшы гэта беларускаму ўраду.

Выканкам Рады і Народны Сакратарыят працягвалі сваю дзейнасць. 9 САКАВІКА 1918 ГОДА ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ РАДЫ ВЫДАЎ ДРУГУЮ УСТАЎНУЮ ГРАМАТУ ДА НАРОДАЎ БЕЛАРУСІ, У ЯКОЙ АБВЯШЧАЎ УТВАРЭННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ (БНР) У МЕЖАХ ЭТНАГРАФІЧНАЙ БЕЛАРУСІ. ГЭТАЯ ГРАМАТА АБВЯШЧАЛА ДЭМАКРАТЫЧНЫ ЛАД У НАШАЙ КРАІНЕ. У Другой Устаўнай грамаце было заяўлена:

"Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасць і рэлігію.

Да часу, пакуль збярэцца Устаноўчы Сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага з'езда, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў Беларусі".

Выканаўчая ўлада перадавалася Народнаму Сакратарыяту Беларусі. Грамадзянам Беларускай Народнай Рэспублікі гарантаваліся дэмакратычныя правы: вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, вольнасць сумлення, незачэпнасць асобы і памяшканняў. Пацвярджалася права народаў на Беларусі на нацыянальна-персанальную аўтаномію і роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі. Абвяшчаўся 8-гадзінны рабочы дзень.

Разам з тым дэклараваўся і сацыялістычны прынцып: "У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнай уласнасці на зямлю касуецца. ЗЯМЛЯ ПЕРАДАЕЦЦА БЕЗ ВЫКУПУ ТЫМ, ШТО САМІ НА ЁЙ ПРАЦУЮЦЬ".

Але аб самастойнасці Беларусі ў Другой Устаўной грамаце не згадана. Беларускія менскія дзеячы ў большасці па-ранейшаму стаялі на аўтанамісцкіх пазіцыях.

Абвяшчэнне незалежнасці

У гэты ж час беларускія палітычныя дзеячы ў Вільні дзейнічалі ў незалежніцкім накірунку. У студзені 1918 г. яны правялі канферэнцыю, якая абрала Віленскую Беларускую Раду.

З абвяшчэннем 16 лютага 1918 г. незалежнасці Летувы Віленская Беларуская Рада (ВБР) заняла цалкам незалежніцкія пазіцыі. 18 лютага яна прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай, а 19 лютага была абвешчана незалежнасць Беларусі.

Далей беларускія палітычныя сілы Вільні і Менска аб'ядналіся. Шэсць сяброў Віленскай беларускай рады былі кааптаваны ў Раду БНР, у тым ліку браты А. і І.ЛУЦКЕВІЧЫ, В.ЛАСТОЎСКІ і іншыя запрошаны ў Менск. Гэта ўзмацніла незалежніцкую групоўку ў складзе Рады.

23 сакавіка 1918 г. гэтая дэлегацыя сяброў Рады БНР прыехала з Вільні ў Менск. Адразу ж Антон Луцкевіч прапанаваў Народнаму сакратарыяту абвясціць незалежнасць Беларусі. Прапанова была разгледжана на пасяджэнні фракцыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Радзе БНР і пасля спрэчак прынятая.

24 сакавіка а 8-й гадзіне вечара пачалося пленарнае пасяджэнне Рады БНР. Пасля доўгіх і бурных спрэчак, якія цягнуліся ўсю ноч, а 8-Й ГАДЗІНЕ РАНІЦЫ 25 САКАВІКА 1918 ГОДА БОЛЬШАСЦЮ ГАЛАСОЎ СЯБРОЎ РАДЫ БНР БЫЛА ПРЫНЯТА ТРЭЦЯЯ УСТАЎНАЯ ГРАМАТА РАДЫ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ. Ужо днём, пасля рэдагавання гэтага акта, быў паартыкульна прыняты канчатковы, цяпер ужо гістарычны тэкст Граматы. Каля трэцяй гадзіны дня Трэцяя Устаўная Грамата была прынята.

За прыняцце дакумента прагаласавалі прадстаўнікі беларускіх партый. Супраць прыняцця Граматы (а значыць, і незалежнасці Беларусі) —прадстаўнікі земстваў і гарадскіх думаў (з рускамоўнай інтэлігенцыі) і яўрэйскай сацыялістычнай партыі "Бунд". Пасля прыняцця Трэцяй Устаўнай Граматы яны выйшлі са складу Рады БНР. Сябры Аб'яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі і расійскія эсэры ад галасавання ўхіліліся. ТРЭЦЯЯ УСТАЎНАЯ ГРАМАТА ЎРАЧЫСТА АБВЯШЧАЛА:

"Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край.

Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных звязах Беларусі. На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя звязы, якія далі магчымасць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасці, што забівае насмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі".

У Грамаце была акрэслена і тэрыторыя БНР (што шмат у чым паўтарылі і бальшавікі пры стварэнні БССР 1 студзеня 1919 года): "Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілёўшчыну, беларускія часці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часці суседніх губерняў, заселеных беларусамі".

Значэнне акта 25 сакавіка

Акт 25 сакавіка 1918 г. меў вельмі вялікае значэнне. Ён перакрэсліў праекты ўтварэння федэрацыі Беларусі з Расіяй альбо з Літвой ці Польшчай.

Пачалася барацьба за ажыццяўленне абвешчанай незалежнасці. Умовы былі для Беларусі неспрыяльнымі. Большая частка яе была акупавана Германіяй, а ўсходнія тэрыторыі былі ў складзе Расійскай Савецкай Рэспублікі. Урады Германіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі не прызналі незалежнасць БНР.

Аднак ураду БНР удалося дамагчыся прызнання незалежнай БНР адзінаццаццю дзяржавамі. Нават у Маскве было адчынена генеральнае консульства БНР, у Берліне — консульства. У лістападзе 1918 года СТАРШЫНЯ РАДЫ НАРОДНЫХ МІНІСТРАЎ БНР А.ЛУЦКЕВІЧ вёў перамовы ў Маскве з савецкім урадам (па запрашэнні), але перамовы не ўдаліся.

Урад БНР дзейнічаў у галіне дзяржаўнага будаўніцтва, у сацыяльнай і эканамічнай сферах і культурна-асветнай галіне. НА БЕЛАРУСІ ЗА НЕКАЛЬКІ МЕСЯЦАЎ БЫЛІ ЎТВОРАНЫ СОТНІ БЕЛАРУСКІХ ШКОЛ, У БУЙНЫХ ГАРАДАХ ДЗЕЙНІЧАЛІ БЕЛАРУСКІЯ ГІМНАЗІІ, ЧАГО РАНЕЙ НЕ БЫЛО І БЛІЗКА. ВЫХОДЗІЛІ ДЗЕСЯТКІ БЕЛАРУСКІХ ГАЗЕТ І ЧАСОПІСАЎ, ПАЧАЛІ ДЗЕЙНІЧАЦЬ КУЛЬТУРНА-АСВЕТНЫЯ ГУРТКІ І ТАВАРЫСТВЫ, ТЭАТРЫ. РЫХТАВАЛАСЯ АДКРЫЦЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНАГА УНІВЕРСІТЭТА.

У канцы 1918 года, карыстаючыся паразай Германіі ў Першай сусветнай вайне, урад Беларускай Народнай Рэспублікі пачаў ствараць вайсковыя адзінкі, аднак да прыходу ў Беларусь Чырвонай Арміі ў снежні 1918 года не паспеў іх разгарнуць у армію.

ЧЫРВОНАЯ АРМІЯ ЗАНЯЛА ТЭРЫТОРЫЮ БЕЛАРУСІ, І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ БЕЛАРУСІ БЫЛА ЛІКВІДАВАНА БАЛЬШАВІКАМІ. Аднак абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 года мела і свае наступствы. ЦК Расійскай кампартыі (бальшавікоў) на чале з Леніным быў вымушаны ўлічыць поспехі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і, са свайго боку, 1 СТУДЗЕНЯ 1919 ГОДА АБВЯСЦІЦЬ БЕЛАРУСКУЮ САВЕЦКУЮ РЭСПУБЛІКУ, ЦАЛКАМ ЗАЛЕЖНУЮ АД МАСКВЫ, НЕСАМАСТОЙНУЮ, АЛЕ ЎСЁ Ж ФАРМАЛЬНА НАЦЫЯНАЛЬНУЮ.

Рэха акта 25 сакавіка 1918 года аб абвяшчэнні незалежнасці Беларусі сягае і нашых дзён. Менавіта гэты акт стаўся ўзорам пры абвяшчэнні незалежнасці Беларусі ў канцы ХХ стагоддзя. У перыяд развалу савецкай імперыі ВЯРХОЎНЫ САВЕТ БЕЛАРУСІ ПАД НАЦІСКАМ АПАЗІЦЫІ БНФ 27 ЛІПЕНЯ 1990 ГОДА ПРЫНЯЎ ДЭКЛАРАЦЫЮ АБ ДЗЯРЖАЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭЦЕ БССР. 25 ЖНІЎНЯ 1991 ГОДА ВЯРХОЎНЫ САВЕТ БССР ПРЫНЯЎ ЗАКОН "АБ НАДАННІ СТАТУСУ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЗАКОНА ДЭКЛАРАЦЫІ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА БЕЛАРУСКАЙ ССР АБ ДЗЯРЖАЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭЦЕ БЕЛАРУСКАЙ САВЕЦКАЙ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ РЭСПУБЛІКІ", А 19 ВЕРАСНЯ 1991 ГОДА — АБ НОВАЙ НАЗВЕ ДЗЯРЖАВЫ: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ.

29 ліпеня 2000 года ў Мінску адбыўся Усебеларускі з'езд за незалежнасць, дэлегаты на які былі выбраны на сходах грамадзян ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі. З'ЕЗД ПРЫНЯЎ АКТ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ, У ЯКІМ АБВЯСЦІЎ:

"Мы, дэлегаты Усебеларускага з'езда, сведчым Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву з яе адвечнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня;

абвяшчаем незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт неад'емнай каштоўнасцю беларускага народа;

прызнаём не маючымі законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванні альбо абмежаванні суверэнітэту Беларусі;

заклікаем усіх грамадзян Беларусі і ўсіх суайчыннікаў за мяжой згуртавацца вакол ідэй Акта незалежнасці Беларусі, бараніць незалежнасць Айчыны".

Акт 25 сакавіка 1918 года застаецца і сёння сімвалам барацьбы за незалежнасць і суверэнітэт нашай дзяржавы, за вяртанне сапраўднага статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, за сапраўдную дзяржаўную палітыку ў дачыненні да беларускай нацыянальнай культуры, за ўзнаўленне нашых адвечных дзяржаўных сімвалаў — бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга і герба "Пагоня" сімваламі барацьбы за дэмакратычную дзяржаву, за правы асобы ў нашай краіне.

Аргкамітэт па святкаванні 90-й гадавіны незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі звярнуўся да беларускага грамадства, органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасці, а 25 сакавіка — дзяржаўным святам.

ДЗЕНЬ 25 САКАВІКА ЁСЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНАЕ СВЯТА БЕЛАРУСАЎ — на Бацькаўшчыне і ў замежжы. Ад усіх нас залежыць, каб грамадскасць, усе беларусы абаранілі незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, каб нашы дзеці, унукі і нашчадкі былі сынамі вольнай і незалежнай Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)