Найлепшыя моманты з канцэрта «Народнага альбома»: блізкае, народнае, сямейнае
Увечары 24 лютага сталічны Prime Hall запаўняецца самай разнастайнай публікай: людзьмі ў вышыванках і хіпстарамі, пузатымі дзядзькамі ды ўрачыста апранутымі сем'ямі.
Пасля васьмігадовай вымушанай паўзы ў Мінску нарэшце гучыць «Народны альбом».
Вiдэа Мікіта Недаверкаў, Наша Ніва
— Я быў на самым першым канцэрце «Народнага альбома» — дваццаць гадоў праляцелі незаўважна. Мы з жонкай вельмі любім слухаць, у кожнага з нас ёсць свае любімыя песні і не адна, вось прыйшлі дзяцей пазнаёміць з гэтым творам. Даўно пара было праект вярнуць на сцэну, — кажа Ілля Прохараў.

Першаму беларускаму супольнаму музычнаму праекту, прысвечанаму жыццю беларускага Ракава напрыканцы 1930-х, які прыдумаў паэт Міхал Анемпадыстаў, а музыку да большасці песень напісаў Лявон Вольскі, сёлета спаўняецца 20 гадоў. І большасць гледачоў ідзе на канцэрт, як дадому, у якім не быў амаль 10 гадоў.

— Для мяне «Народны альбом» — гэта блізкае, народнае і сямейнае, таму што яго мы слухалі з мамай і татам дома на кухні, і гэта быў элемент чагосьці вельмі хатняга і натхняльнага, — дзеліцца ўспамінамі Ганна Кулакова, якая прыйшла на канцэрт з сястрой Багданай. — Гэта гісторыя, якая актуальная і дагэтуль. То бок, ёсць музыкі, якіх ты калісьці любіў, і гэта прайшло. Тут, наадварот, вельмі свежыя эмоцыі, і вельмі хочацца паўтарыць тое пачуцце дзяцінства. Мы радыя, што гэта адбываецца ў цэнтры Мінска, дзе кожны другі ў гэтай зале сябра ці знаёмы.
Прыйшлі на «Народны альбом» і тыя, хто толькі збіраецца яго палюбіць.

— Чакаем, што гэта будзе выступ з беларускім ухілам, а нам вельмі цікава ўсё, што звязана з нашай Радзімай і мовай, — перабіваюць адно аднаго муж Віктар і жонка Алена. — Наш запрасіў сюды наш пляменнік, і мы радыя, што ёсць у Беларусі прасунутая моладзь. Мы 20 гадоў таму чулі самы пачатковы варыянт «Народнага альбома», але ўпершуню ідзем на канцэрт.

І вось на сцэне з'яўляецца банда на чале з імпазантным Лявонам Артуравічам Вольскім, харызматычным Аляксандрам Памідоравым, інтэлігентным Змітром Вайцюшкевічам і элегантнымі Веранікай Кругловай і Касяй Камоцкай пачынаецца драма на мяжы з камедыяй з пераапрананнем, танцамі, жартамі, сумам, рэпам і лірыкай.
Музыкі кайфуюць, іх «прэ», яны яшчэ як даюць форы сабе-малодшым на 20 гадоў. А публіка, якая хорам спявае ўсе 27 песень альбома, часам пускае слязу: хто б што не гаварыў, маўляў, абноўлены «Народны альбом» (з музыкамі гурта Apple Tea ды іх калегамі па цэху) стаў іншым, няпраўда: неверагодная атмасфера праекту нікуды не знікла. Таму і клічуць удзельнікаў на доўгі-бясконцы біс і чакаюць чарговага канцэрта праекту, а то і новай «серыі».
— Пасля шыкоўнага бісу мы акурат размаўлялі пра працяг праекту, — адкрывае таямніцу Зміцер Вайцюшкевіч. — Я думаю, што варта рабіць абсалютна новы спектакль, варта ламаць бар'еры, таму што на жаль, апошнія 15 гадоў беларускі рок-н-рол існуе, а сумесных праектаў у параўнанні з пачаткам 2000-х, не паўстала. То бок, гэта прэтэнзіі да гарадзенцаў, магілёўцаў, Brutto і так далей. Пра што можа быць новы «Народны альбом»? Мяне заўсёды цікавіць каханне, як бы гэта банальна не гучала. Каханне, якое немагчыма памяняць у абменніку, каханне, якое немагчыма пакінуць у спадчыну нашчадкам, немагчыма пакласці ў ячэйку.





Оцените статью
1 2 3 4 5Избранное