Выборы-2020

«Найбольш не хапала свабоды». Два фігуранты «справы Ціханоўскага» вярнуліся ў Горадню

Гарадзенцы Васіль Баброўскі і Ўладзімер Навумік, якія праходзяць па крымінальнай «справе Ціханоўскага», выйшлі на волю і прыехалі маршруткай у Горадню позна ўвечары 9 ліпеня. Яны адчуваюць сябе нармальна і ня ведаюць, чаму менавіта іх адпусьцілі, піша Радыё Свабода.

Васіль Баброўскі са сваякамі

Мужчыны прабылі за кратамі 42 дні, большую частку ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Іх сустракалі жонкі і дзеці.

Баброўскага і Навуміка затрымалі падчас выбарчага пікету на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Яны засталіся падазраванымі ў прычыненьні гвалту двум міліцыянтам і абвінавачаныя па артыкуле аб арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзеле ў іх. Абодвух на мінулым тыдні асудзілі па адміністрацыйных справах за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі, далі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту кожнаму. Яны гэты тэрмін яшчэ не адбылі. Баброўскаму і Навуміку нечакана 9 ліпеня ўручылі дакумэнты аб зьмене меры стрыманьня і выпусьцілі на волю пад падпіску аб нявыезьдзе.

Навумік: «Псыхалягічная падтрымка — гэта крута»

Уладзімеру Навуміку 36 гадоў, гарадзенец, жанаты, мае 5-гадовую дачку. Працуе інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі. Дома з жонкай ніколі раней не абмяркоўвалі палітычныя пытаньні. У той дзень пайшоў па торт для дачкі і не вярнуўся. На пікеце Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні пачаў здымаць тузаніну на тэлефон, тады яго і затрымалі. Пры затрыманьні міліцыянт «наступіў яму каленам на галаву».

Як расказаў Уладзімер Навумік, ён сапраўды ў той дзень пайшоў за тортам для дачкі і аказаўся на Валадарскага. Вінаватым сябе не адчувае, віну не прызнаваў. Сукамэрнікі і кіраўніцтва ставіліся да яго нармальна, як і да ўсіх іншых. У першыя дні суседзі па камэры дапамаглі апрануцца, калі свайго адзеньня бракавала. Кажа, што кепскае стаўленьне толькі, калі артыкулы зьвязаныя з гвалтам, шкодай дзецям.

«Цяжкавата, шмат народу, душна, кураць... Стаўленьне ва ўсіх нармальнае, цярпімае», — распавядае мужчына пра ўмовы.

Прызнаецца, што асабліва ў першы час было маральны цяжка. Дужа падтрымлівалі лісты, паштоўкі, перадачы нават ад незнаёмых людзей. Першы ліст ад родных прыйшоў на 20-ты дзень за кратамі. Расказаў, што ежы хапала, людзі дзяліліся адно з адным.

«Псыхалягічная падтрымка — гэта крута. Там сядзіш, як у вакуўме, нічога ня ведаеш. „Советскую Белоруссию“ прынясуць, там няма чаго чытаць. Нічога ня ведаеш, што адбываецца», — тлумачыць Уладзімер.

Найбольш яму не хапала з СІЗА свабоды. Ён кажа, што ня стаў больш радыкальным пасьля адседкі.

«Яны самі стварылі гэтую сытуацыю. Яе магло бы проста ня быць. Я бы сышоў. Усе бы сышлі. Яны самі стварылі гэтую сытуацыю на роўным месцы», — тлумачыць мужчына, што адбылося.

Уладзімер Навумік

Уладзімер кажа, што ўсе фігуранты «справы Ціханоўскага» сядзелі паасобку. Ён сустрэў за кратамі шмат добрых людзей, у тым ліку, аднаго галоўнага лекара, «які шмат добрага людзям зрабіў». З «палітычных» зь ім у камэры праездам быў Уладзімер Чудзянцоў. Па словах Навуміка, сядзелася таму «ня вельмі добра празь ягоныя артыкулы».

Уладзімер ведае, што на працы яго падтрымлівалі, пісалі яму станоўчую характарыстыку. Спадзяецца, што ня звольняць пасьля выхаду на волю.

Віталія, жонка Ўладзімера, падзякавала ўсім, хто яе падтрымліваў.

«Я стала больш моцнай духам», — прызналася Віталія.

Баброўскі: «Героем мяне зрабілі»

Васілю Баброўскаму 45 гадоў, гарадзенец, жанаты, трое дзяцей, адзін зь іх непаўналетні. Працуе аўтасьлесарам.

Васіль Баброўскі

Ён расказаў, што 29 траўня пераходзіў з аднаго прыпынку на іншы праз Савецкую плошчу. Умовы ацэньвае як ні добрыя, ні кепскія. Кажа, што ў зьняволеньні быў час, каб пераасэнсаваць жыцьцё, стаўленьне да сям’і, да дзяцей. Прачытаў за кратамі тры кнігі.

«Што ты зрабіў? Што ты мог зрабіць? Што ты не зрабіў?», — задаваў ён сябе пытаньні.

Баброўскі гэтаксама не чакаў, што яго адпусьцяць. Такое рашэньне яму ніхто не патлумачыў.

«Пакуль адпусьцілі», — ацэньвае ён сытуацыю.

Яму таксама прыходзілі лісты за краты. Што адбылася ў краіне цягам месяца, ён яшчэ ня ведае.

«Як атрымалася, так атрымалася. Нічога ня зьменіш», — падсумоўвае ён.

Васіль кажа, што ня быў палітычна актыўным да затрыманьня. Мяркуе, што яго такім «героем» зрабілі. Цяпер кажа, што ўжо нічога не баіцца.

За кратамі Васіль сустрэў свой 45-ты дзень народзінаў. Ён узгадвае гэты дзень, і ў першы раз пасьля прыезду на ягоных вачах блішчаць сьлёзы. Гэты дзень ён ніяк не адзначыў, сукамэрнікі ня ведалі пра сьвята, праўда, паштоўкамі павіншавалі блізкія.

Васіль і Ўладзімер першай справай на волі хочуць памыцца, пагаварыць з роднымі, а потым спадзяюцца вярнуцца да звычайнага жыцьця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)