Над галоўнай ёлкай Віцебска ўзнялі бел-чырвона-белы сьцяг
7 студзеня прыкладна ў 12:30 агромністае палотнішча нацыянальных колераў зьявілася на вышыні 35 метраў над пяціканцовай зоркай на вершаліне самай высокай у Беларусі ёлкі.
Як паведаміў «Народныя навіны Віцебска» мясцовы актывіст Сяргей Каваленка, сьцяг узьняты ў гонар свята Хрыстовага Нараджэння.
Бел-чырвона-белы сьцяг здымалі пры дапамозе адмысловай машыны МНС з раскладной лесьвіцай. Міліцыя ж затрымала Сяргея Каваленку, які зьяўляецца сябрам КХП БНФ.
Як паведамляе «Радыё Свабода», каб даведацца пра лёс затрыманага, які замацаваў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда паехаў у міліцэйскі пастарунак. Там яму паведамілі, што супрацоўнікі міліцыі маюць намер распачаць супраць апазыцыянэра крымінальную справу за хуліганства.
Пакуль Сяргея Каваленку дапытваюць сьледчыя, і да 11 студзеня ён будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Потым далейшы лёс хлопца мае вырашыць пракуратура – ці распачынаць крымінальную, ці толькі адміністрацыйную справу.
Читайте еще
Избранное