Нацыянальныя сьцягi над беларускімі гарадамі

14 траўня, у гадавіну сумна вядомага рэферэндума, са спасылкай на вынікі якога нацыянальную сымболіку цяперашнія ўлады пазбавілі статусу дзяржаўнай, патрыёты вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі над шэрагам беларускіх гарадоў.

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Яраслаў Грышчэня уначы замяніў на будынку гарадзкой адміністрацыі Баранавічаў дзяржаўны сьцяг на нацыянальны бел-чырвона-белы. Раніцай гэта пабачылі шмат жыхароў гораду.

Супрацоўнікі міліцыі прагледзелі відэастужку з камэры сачэньня, якая зафіксавала, як падлетак вывесіў сьцяг. У выніку міліцыянты прыйшлі да Яраслава Грышчэні. Той яшчэ спаў. Яны патлумачылі маці, што гэта Яраслаў замяніў сьцяг на будынку гарадзкой управы.

Яраслава завялі ў пастарунак і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. Паколькі хлопец непаўналетні, то справу накіруюць у баранавіцкі выканкам на разгляд адміністрацыйнай камісіі.

Сьвятлана Грышчэня, маці Яраслава, апавяла “Свабодзе”:

“Калі я пайду на камісію, то мне абавязкова штраф. Я перастала хадзіць на гэтую камісію. Уначы прыйшоў а чацьвертай гадзіне і кажа: “Мама, я хутка прыйду”. Вочы былі самыя шчасьлівыя. Пытаюся: “І што здарылася?” А ён: “Я сьцяг вывесіў”. Усё запісалі камэры. Потым, калі тэлефанваў, я ў яго спытала, ці праўда, і ён адказаў, што сам бачыў”.

У Баранавічах уначы невядомыя замацавалі некалькі сьцягоў на адміністрацыйных будынках. Але іхных асобаў міліцыянты дагэтуль ня высьветлілі.

Яраслаў Грышчэня мае статус падазраванага ў крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Вядома пра падобныя акцыі, што адбыліся ў панядзелак таксама ў Гомельскай вобласці Салігорску, Нясьвіжы і Менску. А 19-й гадзіне паблізу “Макдоналдзу” на Нямізе актывісты дэмакратычнага руху прымацавалі на адміністрацыйным будынку бел-чырвона-белы сьцяг. Маладыя людзі патлумачылі, што вывешваньнем нацыянальнага сьцяга яны адзначылі афіцыйнае сьвята — Дзень дзяржаўнага сьцяга і герба. Таксама бел-чырвона-белы сьцяг лунаў колькі часу над адным з будынкаў па вуліцы Веры Харужай, што вядомыя ў народзе як "кукурузы".


Каля паловы на адзінаццатую начы сьцяг з’явіўся ўзбоч аўтатрасы Полацак-Віцебск, недалёка ад пасёлку "Кіраўскі". Мінакоў па позьнім часе на дарозе амаль не было, затое бел-чырвоны-сымбаль быў выдатна відаць аўтамабілістам, якія ехалі ў абодвух накірунках.


Сьцяг быў прымацаваны да электрычных дратоў пад напругай 1100 вольт. Пра гэта журналістам распавёў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

"Я думаў, чаму менавіта сёньня, а потым зразумеў: 13-га траўня сьвяткавалі ўлады — яны ўшаноўвалі свае сымбалі, і гэта вось напамін Мірона пра тое, што бел-чырвон-белы сьцяг усё адно жыве і будзе жыць вечна! Да сьцяга прымацавана цыдулка: "Няхай вечна жыве наш бел-чырвон-белы сьцяг! Мы пераможам!" І подпіс: "Мірон".

Пра перспектывы нацыянальнай сымболікі чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)