Политика

«Начальнік міліцыі казаў: хадзіце са сьцягамі. У выканкам запрашалі на дыялёг». Былы кіраўнік штабу Чэрачня пакінуў Беларусь

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і былы кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня Мікалай Лысянкоў расказаў Свабодзе, як вымушана пакінуў краіну пасьля завядзеньня чатырох крымінальных спраў.

Мікалай Лысянкоў і Сяргей Чэрачэнь

Мікалай Лысянкоў — бізнэсовец і палітычны дзеяч са Стоўпцаў. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ўзначальваў штаб Сяргея Чэрачня. Сёньня экс-кандыдат займаецца збольшага камэнтаваньнем падзей у краіне праз свае тэлеграм-каналы і ютуб.

У невялікім горадзе, што за 70 кілямэтраў ад Менску, улетку і ўвосень бурліла палітычнае жыцьцё. Тысячы жыхароў Стоўпцаў тыднямі выходзілі на акцыі пратэсту. Пасьля пачатку хвалі рэпрэсій пратэсты зьмянілі форму. У горадзе і раёне дагэтуль вывешваюць бел-чырвона-белыя сьцягі, праводзяць невялікія акцыі, дапамагаюць пацярпелым ад рэпрэсій.

«За тыдзень дапыталі па чатырох крымінальных справах»

Мікалай, апрача палітычнай дзейнасьці, адмініструе папулярныя ў раёне мясцовыя тэлеграм-каналы, вайбэр-чат «Столбцы РАЗАМ» і ютуб-канал, на якія падпісаныя тысячы людзей. Менавіта гэтыя каналы, а не партыйная дзейнасьць Лысянкова, зацікавілі сілавікоў.

— У лютым быў такі тыдзень, што мяне ажно чатыры разы дапыталі па чатырох крымінальных справах. І Сьледчы камітэт цікавіўся мною, і ГУБАЗіК вобшук праводзіў. Усё зводзілі да таго, што ў горадзе адбываюцца розныя злачынствы, а прычына, маўляў, у тым, што людзі наглядзяцца маіх відэа і пачытаюць ТГ-каналы і ідуць усё гэта рабіць.

І былі намёкі, што 25 сакавіка я буду ў «бясьпецы ад грамадзтва», маўляў, яны мяне прытрымаюць. Адна справа — на суткі, я там ужо быў, а што, калі на гады? І таму я вырашыў выехаць.

Зь сярэдзіны сакавіка Мікалай у Польшчы, у горадзе Ўроцлаве. Як толькі ён выехаў, яго пачаў шукаць Сьледчы камітэт. Выклікалі жонку.

Я ім пазваніў і патлумачыў, што мой тэлефон не адключаны, каб званілі па тым жа нумары, што і раней, і будзем гаварыць. Не, кажуць, трэба, каб вы прыехалі ўжывую. А ў чым праблема дапытаць праз вайбэр? Гэта ж тыя самыя пытаньні. Я вырашыў пакуль застацца тут. Можна, вядома, вярнуцца, але дзеля чаго? Каб прынесьці сакральную ахвяру?»

Як стаўпецкую апазыцыю запрасілі на перамовы з уладай

А яшчэ пасьля выбараў, узгадвае Мікалай, кіраўніцтва раёну асабіста запрашала яго на перамовы ў райвыканкам. Тады ў горадзе адбываліся акцыі пратэсту, на якія выходзілі тысячы жыхароў. Лысянкову патэлефанавалі з аддзелу ідэалёгіі і запрасілі на размову са старшынём райвыканкаму, пракурорам і начальнікам раённай міліцыі.

— З нашага боку было пяць чалавек. Але пра што зь імі гаварыць? Яны пешкі, якія выконваюць загады. Самі яны рашэньняў ніякіх не прымаюць. Да 20 жніўня мы спакойна хадзілі шэсьцямі па горадзе, бо быў такі загад. 14 жніўня мяне вызвалілі з турмы, і начальнік РУУС сам мне сказаў, што можаце са сьцягамі хадзіць, але каб не было беспарадкаў і перакрываньняў дарогі. Так усё і было. А потым паступіла каманда «пачаць дыялёг». Але ж гэта была фармальнасьць. На ніводнае пытаньне ніхто тады не адказаў.

Мясцовыя актывісты цікавіліся, дзе знаходзяцца бюлетэні, прасілі апублікаваць на сайце вынікі выбараў па ўчастках. У горадзе дагэтуль ня ведаюць вынікаў галасаваньня.

— У іх пазыцыя простая: «У нас перамог Лукашэнка». А які вынік, працэнты, — няважна. А зрабіць жа такую раздрукоўку вынікаў — пару сэкундаў. Начальнік РУУС ня змог адказаць, чаму па горадзе езьдзілі бусікі без нумароў, а людзі з гэтых бусікаў нападалі на мясцовых жыхароў. Куды глядзеў начальнік ДАІ? Да слова, ён хадзіў з дубінкай і ганяў пратэстоўцаў, нават відэа ёсьць. А потым запатрабаваў тысячу рублёў ад жанчыны, шматдзетнай маці, якая нібыта яго абразіла».

Участак, дзе Ціханоўская ўдвая абышла Лукашэнку

Гэта адбылося менавіта на тым адзіным участку ў раёне, дзе прысутнічалі незалежныя назіральнікі. За Сьвятлану Ціханоўскую там прагаласаваў 731 чалавек, а за Лукашэнку — 343. Але назіраць на гэтым участку Лысянкоў і прадстаўнікі іншых штабоў змаглі толькі таму, што ў іх быў статус давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты, іншых не дапусьцілі.

— Мы з калегам пасьпелі паназіраць пару дзён, але 7-га чысла нас арыштавалі і пасадзілі на суткі. Думаю, прычынай было тое, што паўсюль яўка на датэрміновым галасаваньні была пад 30%, а ў нас — 7%. Калі чальцы камісіі бачылі, што за імі назіраюць і трэба будзе несьці адказнасьць, то яны прынялі меры. Але ў нас яшчэ назірала на ўчастку настаўніца, наша калега.

Кіраўнік камісіі Аляксей Быкаў прасіў міліцыянта, каб той яе куды-небудзь выдаліў, вывез ці арыштаваў, каб спакойна можна было лічыць галасы. Але міліцыянт сказаў: «А за што яе вывозіць, вы робіце сваю працу, а я сваю». Яна засталася і ўсё пракантралявала.

Пратакол з выбарчага ўчастку ў Стоўпцах

За Ціханоўскую ў выніку прагаласавала большасьць. А галасы за Лукашэнку, паводле Лысянкова, былі пераважна ў датэрміновай скрыні.

— І то пры мне туды людзі кідалі бюлетэні, складзеныя гармонікам, а пры падліку назіральнікі сказалі, што іх там не было. Я на ўласныя вочы бачыў дзясяткі такіх гармонікаў. Падлічылі, а там амаль усё за Лукашэнку.

Тое самае было і на парлямэнцкіх выбарах, тая ж камісія. Вечарам у суботу скрыня была амаль пустая, а ранкам поўная. Пытаемся, што сталася, а нам кажуць: а трэба было вечарам сфатаграфаваць, і не было б пытаньняў. А як фатаграфаваць, калі яны забараняюць? Вось такія справы, — расказвае Мікалай Лысянкоў.

Для апазыцыі дэпутат хварэў, але быў на мітынгу за Лукашэнку

Калі ў розных частках краіны пачаліся кампаніі адкліканьня дэпутатаў, такую спробу зрабілі і ў Стоўбцах. Дэпутат ад раёну — былы начальнік міліцыі Іван Мамайка.

— Я асабіста яму званіў. Ён не адказваў. Званіў і памочніку. Той падымае слухаўку і нешта кажа, маўляў, ён мяне ня чуе, і сувязь праз сэкунду зьнікае. Дэпутат Мамайка проста адседзеўся і схаваўся. Афіцыйна ён нібыта хварэў. А потым яго бачылі на працы, на мітынгах за Лукашэнку. Але калі тысячы людзей 15–16 жніўня выходзілі на пратэсты, то ён хварэў.

Ясна, што яго прызначылі дэпутатам, але хай бы прыйшоў і сказаў сваю думку, ён жа ўсё роўна прадстаўляе наш раён. А ў нас у жніўні білі людзей на вуліцах, дзеці баяліся выходзіць з дамоў. Я тады да 14 жніўня сядзеў у турме і бачыў, як прывозілі пабітых. Ніводнага чалавека цэлым не прывялі. Усе былі пабітыя, хто кульгаў, у каго галава забінтаваная. Нібыта з фронту прыводзілі.

«Праца ідзе. Усё робіцца непублічна»

За апошнія месяцы людзей у раёне, кажа Лысянкоў, моцна запалохалі. Рабочых папярэдзілі, каб выйшлі з чатаў у тэлеграме, каб не высоўваліся, тады і ня звольняць.

— А калі будзеце працягваць, то будуць і рэпрэсіі. Мне адкрыта намякалі: або я вымушаны буду сесьці, або сысьці ў падпольле, каб мяне ніхто ня бачыў і ня чуў, або зьехаць, — кажа Мікалай.

Нягледзячы на рэпрэсіі, у Стоўпцах усё яшчэ сотні людзей застаюцца палітычна актыўнымі, кажа Лысянкоў. Публічна гэта рабіць цяпер немагчыма, бо горад невялікі і сілавікі імгненна здолеюць выявіць актывістаў.

Выбарчы пікет у Стоўпцах, 24 ліпеня 2020 году

— Мы выходзілі і летам, і восеньню. Усіх зьнялі на камэру і прапусьцілі праз РУУС. Хтосьці атрымаў суткі, нехта штраф. У такім невялікім горадзе прасьцей ідэнтыфікаваць чалавека, які выходзіць на акцыі.

Аднаго мужчыну ў Стоўпцах пасадзілі на суткі, абвінаваціўшы, што гэта ён фатаграфаваўся са сьцягамі каля стэлы ў горадзе. А чаму ён? Бо каля прыпынку знайшлі чэк з крамы непадалёк ад таго месца. Прабілі па відэаназіраньні, хто быў у краме ў гэты час. Быў ён з жонкай, куплялі прадукты. Далі 15 сутак.

Але людзі не здаюцца, нехта езьдзіў у Менск 25-га. 80% людзей супраць улады, яны ж не зьмянілі сваёй думкі, проста на нейкі час сьцішыліся. Але праца ідзе. Усё робіцца непублічна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)