Общество
Зміцер Лукашук, Еврорадио

«Набываючы квіток на мінскім вакзале, я па твары касіркі зразумеў, што мяне будуць браць»

Сяргей Чыслаў ― заснавальнік беларускага “Белага легіёна”, незарэгістраванай спартыўна-патрыятычнай арганізацыі, створанай як моладзевае крыло Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Мэта арганізацыі — выхаванне нацыянальна арыентаванай моладзі для службы ў беларускім войску, міліцыі і спецслужбах. Сябры арганізацыі вывучалі гісторыю Беларусі, размаўлялі на беларускай мове, удзельнічалі ў археалагічных раскопках. Некалькі гадоў таму Сяргей, які цяпер жыве ва Украіне, змяніў прозвішча з Чыслава на Бульбу.

― Як знішчалі “Белы легіён”?

― Паступова. Нам сціскалі межы працы і ўсе ваенна-патрыятычныя клубы, што мы адчынялі, пад той ці іншай нагодай зачынялі, зачынялі ахоўныя агенцтвы, якія мы рабілі для сваіх людзей.

На той час 30 тысяч былых афіцэраў і байцоў спецпадраздзяленняў былі задзейнічаныя ў ахоўным бізнесе. У нас была адпрацаваная схема: мы расцілі і рыхтавалі хлопцаў, потым яны ішлі служыць у войска і па вяртанні мы прапаноўвалі ім месца ў ахоўнай структуры. Нас такой магчымасці пазбавілі.

Потым была ўведзеная крымінальная адказнасць за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” і мы вымушаныя былі прыпыніць афіцыйную дзейнасць. Толькі пра нас усё адно ніколі не забываліся.

У 1996 годзе мяне затрымалі і спрабавалі абвінаваціць па артыкуле “Арганізацыя масавых беспарадкаў”. Але тады, відаць, спецслужбы не захацелі прызнаваць, што ў іх пад носам нешта вырасла, а яны таго не заўважылі, і ўсё звалілі на ўкраінцаў ― ім далі вялікія тэрміны.

А калі быў выбух у Мінску ля стэлы (выбух 4 ліпеня 2008 года ля стэлы “Мінск ― горад-герой” у выніку якога пацярпелі каля 50 чалавек, ― Еўрарадыё), то мяне знялі з маскоўскага цягніка. Яшчэ набываючы квіток у касе для вайскоўцаў на мінскім вакзале, я па твары касіркі зразумеў, што мяне будуць браць. Падумаў, калі паеду машынай і застануся ў Расіі на пэўны час, то наадварот скажуць, што хаваюся, таму што я гэта і зрабіў. Таму я свядома вырашыў застацца.

Тады былі арыштаваныя некалькі хлопцаў з “Легіёна”, а на пытанне “Чаму вырашылі нас браць?”, адказалі, што “З вашай падрыхтоўкай вы гэта цалкам маглі зрабіць”. Праўда, маячок мне ў машыну паставілі яшчэ за 2 тыдні да выбуху. І калі адбыўся выбух у метро, я не рызыкнуў вярнуцца ў Беларусь, каб мяне не прызначылі вінаватым яшчэ і ў гэтым.

Еврорадио

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)